Камень у падмурку супрацоўніцтва

Тэатр пачынаецца з вешалкі, а сучасны студэнцкі інтэрнат — з першага каменя ў яго фундаменце. У студэнцкай вёсцы ў Мінску прайшла цырымонія закладкі першага каменя студэнцкага інтэрната, будаўніцтва якога будзе весціся з выкарыстаннем бязвыплатнай кітайскай дапамогі. Камень гэты няпросты: у яго закладзена капсула са зваротам да нашчадкаў з напамінам аб тым, што гэты інтэрнат — вынік беларуска-кітайскага супрацоўніцтва, што дзякуючы праекту будзе ўмацавана сяброўства беларускай і кітайскай моладзі, краін у цэлым.

— Рэалізацыя гэтага праекта стала магчымай дзякуючы сяброўскім цесным адносінам, якія наладжаны паміж Рэспублікай Беларусь і Кітайскай Народнай Рэспублікай, — сказала намеснік прэм’ер-міністра краіны Наталля Іванаўна Качанава. — У апошнія гады ўзаемадзеянне нашых дзяржаў дынамічна пашыраецца ва ўсіх сферах: эканоміцы, навуцы, культуры, адукацыі. У сваім штогадовым Пасланні да народа Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка з задавальненнем адзначыў вынікі плённага супрацоўніцтва з Кітайскай Народнай Рэспублікай, яркі прыклад якога — будаўніцтва Кітайска-Беларускага індустрыяльнага парка.

Віцэ-прэм’ер нагадала, што ў нашай краіне зараз навучаюцца каля дзвюх тысяч кітайскіх грамадзян, цесныя і плённыя адносіны існуюць паміж універсітэтамі, у беларускіх установах адукацыі адкрыты ўжо тры інстытуты Канфуцыя і пяць класаў. Будаўніцтва ж інтэрната для Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта яшчэ адна вяха ў развіцці супрацоўніцтва ў сферы адукацыі.
Пасол Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Беларусі Цуй Цымін таксама падкрэсліў, што беларуска-кітайскія адносіны захоўваюць станоўчую дынаміку. Па яго меркаванні, адносіны нашых краін зараз знаходзяцца ў самым лепшым сваім перыядзе. А заснаваны яны на прынцыпах узаемапавагі, узаемадапамогі, узаеманавучання і роўнасці.

Міхаіл Анатольевіч Жураўкоў, міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь, нагадаў пра тое, што будаўніцтва — працяг плённага супрацоўніцтва, адзін з вынікаў якога — дзейнасць адзінага ў свеце Інстытута Канфуцыя па навуцы і тэхніцы якраз у БНТУ, а нядаўна абмяркоўвалася пытанне аб арганізацыі сумесных інавацыйных малых прадпрыемстваў, у тым ліку дзеля стварэння новых рабочых месцаў.

— Гэты аб’ект вельмі важны для нас і з таго пункту гледжання, што павялічыцца колькасць кітайскіх студэнтаў у беларускіх універсітэтах, у прыватнасці ў Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце, — падкрэсліў міністр адукацыі. — А гэта значыць, што спецыялісты, якія навучаліся ў Беларусі, стануць праваднікамі нашых тэхналогій, нашых ведаў у сябе на радзіме. І, канечне, гэта ўмацаванне сяброўства паміж студэнтамі, а таксама забеспячэнне месцамі ў інтэрнаце нашых студэнтаў, што таксама вырашае вельмі важную сацыяльную задачу.

Інтэрнат БНТУ — дар беларускай дзяржаве ад Кітая. Як расказаў прарэктар па адміністрацыйна-гаспадарчай дзейнасці і развіцці ўніверсітэцкага гарадка БНТУ Генадзь Васільевіч Землякоў, інтэрнат узвядуць кітайскія будаўнікі. Тэрмін яго ўводу ў эксплуатацыю — снежань 2017 года, генеральны падрадчык — 25-я кампанія Кітайскай карпарацыі па чыгуначным будаўніцтве, прэзідэнт якой Чжан Цзянгуо таксама ўдзельнічаў у ганаровай цырымоніі закладкі першага каменя, як і рэктар БНТУ Барыс Міхайлавіч Хрусталёў.

Будучае 10-павярховае жыллё для студэнтаў разлічана крыху больш як на тысячу месцаў, першы паверх плануецца аддаць пад месцы агульнага карыстання, каб студэнты ў вольны час маглі заняць сябе цікавымі і карыснымі справамі. Кітайскі бок выдаткоўвае на рэалізацыю праекта прыкладна 40 млн долараў у эквіваленце.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота Аксаны МАНЧУК, БелТА.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *