Старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Аляксандр Шумілін наведаў навукова-тэхналагічны парк Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, пазнаёміўся з будаўніцтвам другой яго чаргі, сустрэўся з рэзідэнтамі тэхнапарка і правёў ва ўніверсітэце круглы стол з маладымі навукоўцамі.
Гутарка ішла пра камерцыялізацыю навуковых распрацовак, развіццё інавацыйных праектаў, у тым ліку ў рамках тэхнапаркаў, пра бізнес-адукацыю.
Аляксандр Шумілін падкрэсліў, што ў нашай краіне таленавітая моладзь, створаны ўсе неабходныя ўмовы для атрымання адукацыі. Рэалізуецца праект “Універсітэт 3.0” (у ліку першых да яго далучыўся ГрДУ імя Янкі Купалы), які і накіраваны на камерцыялізацыю навукова-тэхнічных распрацовак. Чаго не хапае, дык гэта бізнес-адукацыі, камерцыйнай жылкі, магчымасці рэалізацыі распрацовак і стварэння бізнес-структур.
— У нас таленавітая моладзь, у іх заўсёды ёсць добрыя задумы, ідэі, і іх неабходна максімальна задзейнічаць не толькі з пункту гледжання тэарэтычнай і практычнай навукі, але і ствараць бізнес, — падкрэсліў старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях. — Моладзь сёння больш прагматычная, хоча зарабляць. А дзяржава павінна дапамагаць маладым талентам, ствараць такія структуры, як тэхнапаркі. Калі ў чалавека ёсць ідэя, ёсць вынік і гэта запатрабавана на рынку, дзяржава стварае пляцоўку — атрымлівай плошчы, паказвай бізнес-план, доследны ўзор і працуй. Краіна атрымлівае новую інавацыйную вытворчасць, людзі — добры заробак.
Аляксандр Шумілін падкрэсліў, што гродзенскія аграрны, медыцынскі ўніверсітэты і ГрДУ імя Янкі Купалы вядомыя сваімі навуковымі распрацоўкамі ў IT-сферы, біятэхналогіі, медыцынскім прыборабудаванні, яны запатрабаваныя. Добрыя перспектывы стварэння вытворчасцей у тэхнапарка ўніверсітэта імя Янкі Купалы, асабліва ўлічваючы завяршэнне будаўніцтва яго другой чаргі.
— Другая чарга тэхнапарка — стратэгічная задача, і мы ўпэўнены, што вясной 2021 года будзе ўведзены ў строй будынак на 6,5 тысячы квадратных метраў, — запэўніла рэктар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Ірына Кітурка. — Усяго два гады прайшло з таго часу, як навукова-тэхналагічны парк расчыніў свае дзверы, сёння тут 13 рэзідэнтаў. З задавальненнем магу канстатаваць, што значная колькасць з іх — нашы студэнты. Толькі ў гэтым годзе трое студэнтаў адкрылі тут прадпрыемствы.
Асаблівасць новай пляцоўкі тэхнапарка — вытворчыя памяшканні: на існуючай іх няма. І на іх ужо сёння ёсць запыт. Рэктар універсітэта заклікала ўсіх, хто займаецца інавацыйнай вытворчасцю, выкарыстаць магчымасці, якія дае такая пяляцоўка, а гэта ільготы на арэнду памяшканняў, падаткаабкладанне і нават ментарскае суправаджэнне. У новым будынку таксама прадугледжаны выставачная зала, каферэнц-зала з сучасным абсталяваннем, магчымасцямі сінхроннага перакладу, што дазволіць праводзіць форумы высокага ўзроўню. Усё гэта павінна зацікавіць патэнцыяльных рэзідэнтаў.
— Пачынаць папулярызаваць навукова-тэхналагічны парк трэба яшчэ са школы, — адзначыла Ірына Кітурка. — Прадпрымальніцкія кампетэнцыі трэба фарміраваць у дзяцей школьнага ўзросту. Таму мы плануем арганізаваць экскурсіі ў тэхнапарк для школьнікаў, студэнтаў іншых навучальных устаноў. Мы ўпэўнены, што навукова-тэхналагічны парк стане добрай пляцоўкай для развіцця інавацыйнага прадпрымальніцтва на Гродзеншчыне.
Што тычыцца стратэгіі ўніверсітэта на 2021—2025 гады, то купалаўцы заявілі, што гэта будзе стратэгія апераджальнага развіцця. Яна будзе прэзентавана 30 снежня на савеце ўніверсітэта. Асаблівасць яе ў тым, што ў распрацоўцы актыўны ўдзел прымаюць студэнты — прапануюць свае вельмі цікавыя, амбіцыйныя і крэатыўныя ідэі.
Падчас сустрэчы з рэзідэнтамі навукова-тэхналагічнага парка акцэнт быў зроблены на камерцыялізацыі бізнес-ідэй, пытаннях імпартазамяшчэння, стварэнні новых і развіцці існуючых інавацыйных праектаў. Ішла гутарка пра пашырэнне прэферэнцый, ільгот для рэзідэнтаў тэхнапаркаў. Яны, у сваю чаргу, звярнуліся з пытаннямі, якія патрабуюць вырашэння на рэспубліканскім узроўні.
Старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях таксама сустрэўся з маладымі навукоўцамі ГрДУ імя Янкі Купалы. Перспектывы развіцця навукі ва ўстановах вышэйшай адукацыі, актывізацыя супрацоўніцтва ў галіне навуковых распрацовак і фінансаванне навуковых лабараторый — гэтыя і іншыя тэмы сталі прадметам абмеркавання. Навукоўцы атрымалі адказы на свае пытанні і адзначылі важнасць такіх сустрэч.
Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота Міхаіла ІСАЧАНКІ.