Канфлікт, які збліжае

- 16:30Адукацыйная прастора, Рознае
Сучасныя дзеці, перш чым прыняць настаўніка ў сваю суполку, звяртаюць увагу не толькі на супадзенне інтарэсаў, але і на тое, наколькі яркай і неардынарнай асобай ён з’яўляецца.
У вучняў гімназіі № 4 Магілёва рускую мову і літаратуру выкладае менавіта такая настаўніца. Асабіста мне пашанцавала пазнаёміцца з Вольгай Мікалаеўнай Бегуновай-Гальцовай на ІІІ Рэспубліканскім фестывалі “Педагог-майстар — маладому настаўніку”. Падчас майстар-класа па правядзенні класных гадзін Вольга Мікалаеўна прапаноўвала цікавыя рашэнні па тэме псіхалагічнага выхавання навучэнцаў.

— Вольга Мікалаеўна, класная гадзіна — гэта асноўная форма выхаваўчай работы ў школе. Якому варыянту арганізацыі класнай гадзіны вы часцей за ўсё аддаяце перавагу?
— Насамрэч, класную гадзіну можна правесці ў любой форме. Галоўнае, каб яна была максімальна напоўнена інфармацыяй. У сваёй рабоце мне ў першую чаргу падабаецца тое, што я магу весці з дзецьмі дыялог. А звычайная манатонная падача падрыхтаванага матэрыялу на працягу 45 хвілін — гэта не зусім правільнае рашэнне. Дарэчы, вучні абавязкова павінны быць актыўнымі ўдзельнікамі класнай гадзіны. І для таго, каб зацікавіць навучэнцаў, выклікаць іх адказную рэакцыю і наладзіць дыялог, стараюся праводзіць класныя гадзіны ў нестандартнай форме. Так, мы даволі часта арганізоўваем ролевыя гульні, дыскусіі, канферэнцыі, а таксама “адкрываем” творчыя салоны з літаратурным ці музычным ухілам. Дзецям гэта цікава, і яны самі рады і з задавальненнем чакаюць таго моманту, калі наступіць іх чарга стаць галоўнымі ўдзельнікамі мерапрыемства. Спачатку, як толькі мне даручылі кіраваць сваім, цяпер ужо 8 класам, было вельмі цяжка прывучыць дзяцей да сумеснай работы, творчасці. Зараз гэта не выклікае ніякіх складанасцей.

— Магчыма, вам у гэтым дапамагае веданне псіхалогіі падлеткаў, якой вы цікавіцеся.
— Вы маеце рацыю. Безумоўна, веданне псіхалогіі дапамагае знайсці правільны, індывідуальны падыход да кожнага вучня. Акрамя гэтага, некаторыя прыёмы з псіхалогіі даюць магчымасць зрабіць так, каб навучэнец пачаў ставіцца да настаўніка не толькі як да таго чалавека, які дае веды. Важна навучыцца быць дзецям сябрам, але пры гэтым умець праводзіць мяжу паміж урокамі, на якіх у нас выключна дзелавыя, прафесійныя адносіны, і пазашкольным жыццём, калі можна абмеркаваць свае асабістыя пытанні, папрасіць парады, а таксама пасакрэтнічаць.

— Можа, па гэтай прычыне адной з улюбёных форм работы з вучнямі ў вас з’яўляюцца класныя гадзіны псіхалагічнай накіраванасці?
— Так, класныя гадзіны псіхалагічнай накіраванасці мне падабаецца праводзіць. І для гэтага існуе вялікае мноства прычын. Упэўнена, ні для каго з класных кіраўнікоў не будзе сакрэтам тое, як цяжка працаваць з класам, які катэгарычна адмаўляецца ад сумеснай работы. Удвая цяжка, калі клас нядружны, калі кожны вучань сам за сабе. Дарэчы, многія васьмікласнікі не навучаны мірна вырашаць канфлікты. А прычынай спрэчак сярод падлеткаў з’яўляюцца няўменне доўга вытрымліваць напружанне, нервовасць, а таксама няведанне правіл паводзін у канфліктных сітуацыях. Відавочна, што класная гадзіна, прысвечаная спосабам вырашэння канфліктаў, для 13-14-гадовых падлеткаў з’яўляецца даволі актуальнай. Удакладненне паняццяў “канфлікт”, “канфліктная сітуацыя”, а таксама разуменне іх прычын, засваенне навыкаў канструктыўнага вырашэння спрэчак і веданне “кодэкса канфліктных сітуацый” — вось асноўны змест згаданай класнай гадзіны. Што тычыцца сцэнарыяў правядзення такіх мерапрыемстваў, то яны пабудаваны з выкарыстаннем розных методык (размова, незавершаны сказ, праблемная сітуацыя, дыскусія).

— Псіхалагічная літаратура, у большасці сваёй, прапагандуе папярэджанне канфліктных сітуацый. Ці з’яўляецца магчымым гэта ў рэальнасці?
— Несумненна, канфліктаў, як і хваробы, лепш імкнуцца пазбягаць, чым пасля лячыць. Менавіта па гэтай прычыне мы вучымся папярэджваць такія сітуацыі. Увогуле, для таго каб абысці канфлікт, існуе вялікае мноства спосабаў. Але я карыстаюся двума найбольш папулярнымі з іх: першы варыянт — гэта мяккае супрацьстаянне. Яго сутнасць заключаецца ў рашучым пярэчанні, якое выказана ў мяккай форме. Дзякуючы гэтаму прыёму можна адстаяць сваю пазіцыю і пры гэтым не пакрыўдзіць іншага чалавека. Другі спосаб называецца “канст-руктыўная прапанова”. Яго сакрэт заключаецца ў спробе знайсці кампраміс, які задаволіць усіх. І на прыкладзе канкрэтных, змадэляваных ці рэальных сітуацый разглядаюцца ўсе магчымыя варыянты вырашэння праблемы. Дзецям, між іншым, гэта вельмі падабаецца, таму што іх выслухоўваюць, з імі згаджаюцца ці, наадварот, абвяргаюць прапанаванае меркаванне. Тым не менш адказ навучэнцаў ні ў якім разе не застаецца непачутым. А для 13-гадовых падлеткаў, якія менавіта ў гэтым узросце найбольш “калючыя”, гэта асабліва важна. Таму што, як паказвае практыка, многім навучэнцам не хапае ўвагі і разумення дома. Ім патрэбен суразмоўнік, дарадчык, і будзе ідэальна, калі такім чалавекам стане класны кіраўнік. Хачу адзначыць, што веды, атрыманыя з “кодэкса канфліктных сітуацый”, спатрэбяцца і ў дарослым жыцці.

— Класны кіраўнік — гэта злучальнае звяно паміж школай і сям’ёй. Якім чынам у вас наладжана супрацоўніцтва з бацькамі?
— Тая форма зносін паміж школай і сям’ёй, якая прадстаўлена на бацькоўскім сходзе, ужо згубіла сваю актуальнасць. Часцей за ўсё такое мерапрыемства ўяўляе сабой маналог выкладчыка, у якім ён расказвае пра поспехі ці няўдачы навучэнцаў. Я ўпэўнена, гэтую форму пара мяняць. Варта імкнуцца зрабіць так, каб бацькі не былі пасіўнымі слухачамі, а праяўлялі актыўнасць, дзяліліся вопытам выхавання, давалі парады, будавалі сістэму зносін. Вельмі часта дарослыя адмаўляюцца наведваць школьныя сходы. Дзякуючы апытанням, якія я праводзіла сярод бацькоў, змагла дазнацца, што абсалютная большасць не хоча хадзіць у школу з-за таго, што іх дзіця дрэнна вучыцца. А гэта значыць, што маці або бацьку, якія прыйдуць на сход, давядзецца адчуваць страх, боязь і сорам перад іншымі. Другая катэгорыя бацькоў, чые дзеці добра вучацца, таксама не бачаць сэнсу наведваць сходы. Менавіта для таго, каб наладзіць супрацоўніцтва з сем’ямі, я імкнуся ствараць атмасферу даверу падчас сумеснай работы. Так, у нашым класе часта праходзяць сумесныя канцэрты, інтэлектуальныя і спартыўныя гульні. Акрамя гэтага, практыкую правядзенне незвычайных сумесных сустрэч. Вечары апытанняў, дыспуты, дні адкрытых дзвярэй, дыскусіі па актуальных праблемах і зноў жа творчыя салоны — гэтыя формы арганізацыі работы бацькам вельмі падабаюцца. З пасіўных назіральнікаў яны становяцца актыўнымі ўдзельнікамі дыялогу. А для настаўніка, класнага кіраўніка вельмі важна бачыць і ведаць, што цяпер бацькі — гэта саюзнікі, з якімі нас аб’ядноўвае не толькі агульная выхаваўчая мэта, але і дружалюбныя адносіны. Увогуле, мамы і таты разумеюць і цэняць неабходнасць добрага класнага кіраўніка ў жыцці сваіх дзяцей. Таму што часцей за ўсё ад класнага кіраўніка залежыць, якія ўспаміны і ўражанні застануцца ў навучэнцаў пасля заканчэння школы.

— Вольга Мікалаеўна, у чым сэнс творчых салонаў, пра якія вы ўзгадваеце?
— Творчыя салоны — гэта, насамрэч, вельмі незвычайная арганізацыя вольнага часу. Усе ведаюць, што калі наш 8 клас аб’яўляе аб адкрыцці літаратурнага ці музычнага салона, значыць, у гімназіі будзе праходзіць маштабнае культурнае дзейства. Кожны раз мы ставім спектаклі паводле твораў рускіх пісьменнікаў ці паэтаў. Так, даволі запамінальнымі сталі спектаклі паводле Сяргея Ясеніна, Аляксандра Пушкіна. Для таго каб пастаноўка была прафесійнай, мы запрашаем да супрацоўніцтва Алу Кускову, рэжысёра народнага тэатра, які дзейнічае пры Магілёўскім абласным драматычным тэатры. Яна з задавальненнем дапамагае маім вучням, дае прафесійныя парады. Дзякуючы таму, што і я, і некаторыя з маіх навучэнцаў займаюцца ў народным тэатры, мы маем магчымасць браць і касцюмы, і шматлікі рэквізіт для школьных выступленняў у сваё карыстанне. Безумоўна, калі спектакль пастаўлены пры дапамозе прафесіяналаў — гэта бачна. Вельмі цікавым і яскравым у плане пастаноўкі быў спектакль паводле твораў Уладзіміра Маякоўскага. Дзеці трымаліся на сцэне ўпэўнена, вольна. І, скажу шчыра, я была вельмі гордая за іх! Дарэчы, усе без выключэння рэпетыцыі адбываліся пасля ўрокаў, і мне як настаўніку вельмі прыемна, што дзеці не спяшаліся дадому, а заставаліся на прагон спектакля.

— У гімназіі ганарацца, што разам з вучнямі і бацькамі вы трымаеце шэфства над дзіцячым домам.
— Гэта праўда. Мы трымаем шэфства над адной з груп Магілёўскага дома малюткі. Ініцыятыва заняцца дабрачыннасцю, дарэчы, паступіла ад адной з маіх вучаніц. Прапанова была выказана падчас класнай гадзіны. Дзеці з задавальненнем падтрымалі гэтую ідэю. Цяпер мы разам з бацькамі выязджаем у групу, якая нам падпарадкавана. Безумоўна, набываем для дзетак неабходныя рэчы, цацкі, а таксама імкнёмся як мага часцей наладжваць для выхаванцаў дома цікавыя мерапрыемствы. Напрыклад, у цёплае надвор’е выязджаем за горад, на прыроду, арганізоўваем тэматычныя святы, канцэрты, спектаклі. Дарэчы, у наш бацькоўскі актыў уваходзяць не толькі мамы (як мы прывыклі бачыць), але і таты. А гэта, згадзіцеся, сведчыць пра тое, што школа і сям’я — гэта адзінае цэлае.

— Вольга Мікалаеўна, вы з’яўляецеся членам рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Рускае грамадства”. Магчыма, гэта адкрывае новыя перспектывы не толькі для вашай педагагічнай дзейнасці, але і для вучняў.
— Так, тое, што я належу да РГА “Рускае грамадства”, прыносіць вялікую карысць і мне як настаўніку, і маім вучням. Мы з дзецьмі ездзілі ў падарожжа па Залатым кальцы Расіі. Гэта дало магчымасць бліжэй пазнаёміцца з гісторыяй нашай Саюзнай дзяржавы, пабываць у шматлікіх гарадах Расіі, а таксама ўбачыць знакамітыя помнікі архітэктуры. Дарэчы, мы неаднаразова былі ў вёсцы Цялуша, якая знаходзіцца ў Бабруйскім раёне. Гэтая маленькая беларуская вёска, між іншым, звязана з рускай літаратурай. У Цялушы жыла ўнучка Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна. Пра гэты факт ведаюць, на жаль, нямногія. Затое гімназісты ганарацца тым, што знайшлі сувязь вялікага рускага паэта з нашай краінай.

 

Гутарыла Наталля ДУБІК.
Фота Ганны СІНЬКЕВІЧ.