Канікулы з карысцю

- 17:15Нам пішуць

Вясеннія канікулы для вучняў Беларускамоўнай гімназіі № 2 Барысава прайшлі яскрава і з карысцю. Кожны дзень быў насычаны цікавымі мерапрыемствамі: інтэлектуальнымі і пазнавальнымі гульнямі, экскурсіямі і паездкамі, работай школы алiмпiяднага рэзерву па вучэбных прадметах, аб’яднанняў па інтарэсах, секцый і гурткоў.

Былі праведзены акцыі “Мой клас”, “Здай макулатуру — захавай дрэва”, “Клопат і міласэрнасць”. З мэтай выхавання падрастаючага пакалення ў духу патрыятызму, прапаганды здаровага ладу жыцця і прафарыентацыі для вучняў 6-х класаў было арганізавана наведванне палявога лагера 740-й зенітнай ракетнай брыгады. Гімназісты пазнаёміліся з армейскім жыццём у палявых умовах, побытам вайскоўцаў, асаблівасцямі штодзённай службы. Вучні наведалі заняткі па палявой вывучцы вайскоўцаў, спецыяльнай, тэхнічнай і тактычнай падрыхтоўцы, мерапрыемствы па маскіроўцы пазіцый у інжынерных адносінах, пазнаёміліся з ваеннай тэхнікай, даведаліся аб прызначэнні кожнай баявой машыны. Для вучняў 8—11 класаў былі праведзены спартландыі “Ура! Канікулы!”, кіналекторыі, гульня-віктарына “Мой Барысаў”.

У гэты перыяд была арганізавана работа аздараўленчага лагера “Спадчына” з дзённым знаходжаннем. Тэматыкай змены сталі вясеннія прыгоды. 45 вучняў з задавальненнем і радасцю выконвалі цікавыя заданні, удзельнічалі ў мерапрыемствах і актыўна праводзілі час: ранішнія танцавальныя флэш-мобы, наведванне майстар-класаў у Барысаўскім цэнтры экалогіі і турызму і гімназічны музей нацыянальнай культуры, мерапрыемствы ў гарадской бібліятэцы № 6, экскурсіі ў касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі і гульні на свежым паветры. Асабліва вучням спадабаўся гурток робататэхнікі. Дзеці змаглі самі зрабіць робата і стварыць праграму кіравання, правесці трэніровачныя іспыты. У канікулярны тыдзень дзверы гімназіі былі адчынены для ўсіх вучняў і бацькоў.

Кацярына РАКІЦКАЯ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце гімназіі № 2 Барысава.