Канікулы — маленькае жыццё

- 15:12Нам пішуць

Аздараўленчыя лагеры з дзённым знаходжаннем — адна з найбольш запатрабаваных форм адпачынку дзяцей школьнага ўзросту. У нашай школе такі лагер існуе даўно, і традыцыйна ў час канікул дзеці прыходзяць сюды. Навучэнцам неабходна змена дзейнасці, змена ўражанняў.

З 20 кастрычніка па 4 лістапада аздараўленчы лагер з дзённым знаходжаннем “Сонейка” Поразаўскай сярэдняй школы расчыніў дзверы для дваццаці выхаванцаў.

Аздараўленчы лагер — месца цікавага правядзення часу, свабодных зносін з сябрамі, педагогамі, якія іх разумеюць, удзельнічаюць разам з імі ў розных мерапрыемствах і не патрабуюць ад іх невыканальнага. Вядома ж, гатовага рэцэпта добрага адпачынку не існуе, але настаўнікі нашай школы перакананы, што паразуменне, добры настрой і правільна спланаваная сумесная дзейнасць — залог радаснага і карыснага правядзення вольнага часу.

За тыдзень работы лагера выхаванцамі і педагогамі быў рэалізаваны міні-праект “Краіна Здароўя”. У склад краіны ўваходзілі два гарады — Шустрыкі і Вясёлкаўцы. І краіна Здароўя, і кожны горад мелі сваю сістэму самакіравання. Усе “жыхары” краіны — ад “прэзідэнта” да “чысцюлькі” — пражылі разам шэсць незабыўных дзён: дзень сяброўства, дзень бяспекі, дзень пазітыву, дзень інтэлектуала, дзень турызму і дзень развітання.

Дзякуючы наладжанаму супрацоўніцтву з прадстаўнікамі соцыуму, выхаванцы лагера мелі магчымасць удзельнічаць у інфармацыйна-пазнавальнай праграме “Мы за жыццё без наркотыкаў”, танцавальна-гульнявой праграме “Здорава жыць — жыць здорава!”, арганізаваных сектарам культуры і вольнага часу Поразава. Работнікі мясцовай бібліятэкі — цэнтра краязнаўства запрасілі ў літаратурны круіз па “Казках жыцця” (да 135-годдзя з дня нараджэння Якуба Коласа) і пазнаёмілі з экспанатамі нядаўна адкрытага музея чорнай керамікі і ганчарства.

Шэраг карысных парад і навыкаў аказання першай медыцынскай дапамогі  атрымалі выхаванцы лагера “Сонейка” пасля сустрэчы з урачом агульнай практыкі Поразаўскай амбулаторыі С.В.Лясоцкай. Вучэбнай эвакуацыяй скончылася гутарка са спецыялістам групы прапаганды і навучання Свіслацкага РАНС А.І.Навасадам.

Шмат уражанняў пакінула экскурсія ў Ваўкавыск, дзе навучэнцы наведалі ваенна-гістарычны музей імя П.І.Баграціёна і гарадзішча “Швецкая гара”. Хутка і непрыкметна для ўсіх праляцела чарговая змена лагера “Сонейка”, а значыць, рэцэпт добрага адпачынку на шэсць асенніх дзён быў выбраны правільна.

Наталля ЗДРАДОЎСКАЯ,
настаўніца Поразаўскай сярэдняй школы
Свіслацкага раёна Гродзенскай вобласці.