З Калядою ўсіх, ды з вясёлаю!
З зімачкаю яснаю!
З долечкаю шчаснаю!
Канікулы для школьнікаў сярэдняй школы № 3 Скідзеля гэтай зімой прайшлі надзвычай цікава, а ўсё з-за таго, што ў настаўнікаў і вучняў з’явілася агульная вялікая справа — здымкі кінафільма “Каляды- калядачкі…”, арганізаваныя ў рамках рэспубліканскай дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці”. Хацелася зрабіць вельмі многа: прынесці святло каляднай зоркі ў кожны дом, падарыць усмешкі шчасця, неверагоднай радасці, пажадаць здароўя і дабрабыту, цяпла і кахання, міру і згоды, стварыць сапраўдны цуд, зачараваць дзівоснай казкай кожнага, хто яе чакае…
І закіпела работа. Мы вырашылі расказаць і паказаць, як раней нашы продкі адзначалі галоўныя зімовыя святы. Шасцікласнікі атрымалі адно з самых складаных заданняў: ім трэба было даведацца ад дзядуляў і бабуль пра традыцыі і звычаі святкавання Каляд у нашай мясцовасці, завучыць калядкі і шчадроўкі, падабраць ролю, якая адпавядала б не толькі сцэнарыю, але і падыходзіла б вучню, што будзе яе іграць. Напісанне сцэнарыя, рэпетыцыі і здымкі фільма даручылі настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Н.В.Крышчык. З якім натхненнем, з якой непадробнай весялосцю і шчырасцю праходзілі рэпетыцыі! Трэба адзначыць, што вучні самастойна размеркавалі ролі. Каб захаваць адпаведнасць часу, яны звярнуліся да кіраўніка школьнага музея Л.І.Курачкі, якая дапамагла ўвайсці ў ролю кожнаму артысту, узяла на сябе адказнасць за падрыхтоўку касцюмаў і здымачнай пляцоўкі ў музейным пакоі. Дарэчы, такіх пляцовак было некалькі. Адна з іх была створана ў кабінеце беларускай мовы і літаратуры настаўніцай І.А.Кошчыц, вучнямі 7 класа і іх бацькамі. Гэтая фотазона ўяўляла сабой сапраўдны навагодні куток — з прыгожай ёлкай, мяккай канапай, цёплым пледам, пухкім дываном, маленькім столікам, на якім красаваліся і навагодні вянок і свечы, і далікатныя ўзорныя сняжынкі-зорачкі… Але завяршэннем гэтага казачнага ўбранства стаў камін, што амаль не адрозніваўся ад сапраўднага, нават дровы ў куточку ляжалі… Другой здымачнай пляцоўкай стаў кабінет настаўніка пачатковых класаў М.М.Міхальчук і вучняў 3 “А” класа. Дамашняя абстаноўка гэтай пляцоўкі была патрэбна, каб паказаць, якія гульні і цацкі выкарыстоўвалі дзеці ў ранейшыя часы. Цэнтральнай жа пляцоўкай для здымкаў стала музейная экспазіцыя “Беларуская хатка”. Пра што толькі не расказалі нашы героі! Колькі традыцый і звычаяў яны ўспомнілі! Аказваецца, каб наступны год быў ураджайным на бульбу, гаспадыня павінна была наматаць як мага большыя клубкі нітак і скласці іх у рэшата, а каб год быў багаты і шчаслівы, гаспадар разам з дачкой утыкалі каласкі ў шчыліны дзвярэй і вокнаў. Не забылі нашы гаспадары і пра сена, што сцелецца пад абрус. А яшчэ зварылі і паспрабавалі калядную куццю, паелі смачных калядных бліноў, паваражылі з чароўным гаршком, “казу” павадзілі, каб на полі радзіла, праспявалі песні і жартоўныя калядкі, у якіх зычылі шчасця, здароўя і дабрабыту.
І дзеці, і дарослыя атрымалі шмат станоўчых эмоцый. Было вельмі прыемна бачыць, з якім артыстызмам, неверагодным натхненнем і шчырым жаданнем, зацікаўленнасцю ў атрыманні агульнага выніку жыла наша школа ў гэтыя дні. Першыя прагляды фільма, мантажом якога займаўся вучань 9 класа Данііл Сідаровіч, папулярнасць роліка дазваляюць нам думаць, што сваю задачу — прынесці свята ў кожны дом — мы змаглі выканаць у поўнай меры, а талент нашых вучняў, іх артыстычныя здольнасці, імкненне да творчасці, няхай пакуль што ў гульнявой форме, сведчаць аб правільнасці нашых маленькіх штодзённых педагагічных крокаў наперад, у будучыню, дзе здзяйсняюцца ўсе жаданні і пастаўленыя мэты. Верым, што ў новым каляндарным годзе ўсё атрымаецца менавіта так. Нездарма ж калядная традыцыя абяцае: як адзначыце каляднае свята, такім будзе і ўвесь год.
Наталля КРЫШЧЫК,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 3 Скідзеля.