Кансалідаваць намаганні прамысловасці і адукацыі

- 14:53Суразмоўца

Асноўнай задачай прафесійнай адукацыі было і застаецца фарміраванне кадравага патэнцыялу эканомікі нашай краіны. Сёння істотна ўзрастаюць патрабаванні да кваліфікацыі тых работнікаў, якія прызваны працаваць на мадэрнізаваных і высокатэхналагічных вытворчасцях. Працоўныя функцыі спецыялістаў прадпрыемстваў грунтуюцца не толькі на сучасных ведах і прафесійных навыках, але і спалучаюцца з навукова-тэхнічнымі дасягненнямі. З улікам імклівасці ўкаранення інавацый, сучасных тэхналогій у сённяшнюю вытворчасць падрыхтоўка кадраў павінна мець апераджальны характар. У значнай ступені вырашаць гэтыя задачы прызваны рэсурсныя цэнтры ўстаноў прафесійнай адукацыі, якія, па сутнасці, з’яўляюцца сучаснай высокатэхналагічнай пляцоўкай для падрыхтоўкі кадраў. Аб значнасці гэтых структурных падраздзяленняў, канцэпцыі іх развіцця, аб ролі ў гэтым Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі расказвае яго рэктар — кандыдат педагагічных навук дацэнт В.М.ГАЛУБОЎСКІ.

— Валерый Мікалаевіч, раскажыце, калі ласка, пра асноўныя палажэнні Канцэпцыі рэсурсных цэнтраў устаноў прафесійнай адукацыі.

— Канцэпцыя рэсурсных цэнтраў устаноў прафесійнай адукацыі была распрацавана ў 2012 годзе Рэспубліканскім інстытутам прафесійнай адукацыі, зацверджана Міністэрствам адукацыі, і сёння паспяхова рэалізуецца.

Агульнай ідэяй гэтага дакумента з’яўляецца неабходнасць апераджальнай падрыхтоўкі кваліфікаваных кадраў для нашай эканомікі і рэалізацыя галіновай стратэгіі аптымізацыі бюджэтных расходаў на адукацыю. Гэта запатрабавала мадэрнізацыі адукацыйнага асяроддзя, укаранення новых форм і метадаў арганізацыі адукацыйнага працэсу, у тым ліку стварэння і развіцця інфраструктуры — сеткі рэсурсных цэнтраў.

Рэсурсны цэнтр канцэнтруе і забяспечвае доступ да дэфіцытных і дарагіх рэсурсаў навучэнцам некалькіх устаноў адукацыі незалежна ад іх падпарадкаванасці і формы ўласнасці. Ён выступае як структурнае падраздзяленне ўстановы прафесійнай адукацыі, у якім створаны спрыяльныя ўмовы для тэарэтычнага і практычнага навучання навучэнцаў устаноў прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай, вышэйшай адукацыі і дадатковай адукацыі дарослых.

Рэалізацыя канцэпцыі дазволіла забяспечыць стварэнне сеткі рэсурсных цэнтраў устаноў прафесійнай адукацыі згодна з іх рэгіянальным значэннем не толькі па асобных профілях, але і па асобных спецыяльнасцях.

Важна адзначыць, што ў ходзе Рэспубліканскага педагагічнага савета кіраўнік дзяржавы падтрымаў далейшае развіццё рэсурсных цэнтраў у рэгіёнах краіны і выказаў прапанову больш шырока выкарыстоўваць сучаснае абсталяванне ў прафесійнай адукацыі, канцэнтруючы яго менавіта ў рэсурсных цэнтрах.

Пры наведванні ў Дзень ведаў філіяла РІПА “Мінскі дзяржаўны аўтамеханічны каледж імя В.С.Высоцкага” прэзідэнт азнаёміўся з абсталяваннем і функцыянаваннем рэсурснага цэнтра, створанага на базе каледжа, дзе вядзецца апераджальная падрыхтоўка кадраў для прадпрыемстваў аўтамабілебудавання з прымяненнем тэхналогій гібрыднага і электрарухавіка. У ходзе размовы з навучэнцамі і педагагічнымі работнікамі навучальнай установы кіраўнік дзяржавы высока ацаніў вынікі дзейнасці рэсурснага цэнтра.

— Колькі рэсурсных цэнтраў ужо створана і як яны распаўсюджаны па тэрыторыі краіны?

— За апошнія 5 гадоў на базе ўстаноў прафесійнай адукацыі быў адкрыты 41 рэсурсны цэнтр. Калі разглядаць іх размеркаванне па краіне, то ў асноўным яны знаходзяцца ў кожным рэгіёне больш-менш у аднолькавай колькасці і згодна з тымі патрэбамі ў падрыхтоўцы, якія прад’яўляе непасрэдна рэгіён. Так, у Брэсцкай вобласці сёння функцыянуюць 7 рэсурсных цэнтраў па такіх напрамках адукацыі, як лёгкая прамысловасць, будаўніцтва, лясная прамысловасць, машынабудаўнічае абсталяванне і тэхналогіі, сельская гаспадарка, грамадскае харчаванне і бытавое абслугоўванне.

У Віцебскай вобласці адкрыты 3 рэсурсныя цэнтры па напрамках адукацыі: сельская гаспадарка, лёгкая прамысловасць, грамадскае харчаванне і бытавое абслугоўванне. На Гомельшчыне — 6 рэсурсных цэнтраў, якія вядуць падрыхтоўку кадраў па такіх напрамках, як сельская гаспадарка, лёгкая прамысловасць, машынабудаўнічае абсталяванне і тэхналогіі, будаўніцтва, лясная прамысловасць. Чатыры рэсурсныя цэнтры створаны на Гродзеншчыне, і там рыхтуюць кадры ў такіх галінах, як машынабудаўнічае абсталяванне і тэхналогіі, энергетыка, будаўніцтва, лёгкая прамысловасць. У Мінскай вобласці ў 8 рэсурсных цэнтрах вядзецца падрыхтоўка па такіх напрамках, як лёгкая прамысловасць, транспарт, машынабудаўнічае абсталяванне і тэхналогіі, энергетыка, будаўніцтва, сельская гаспадарка, грамадскае харчаванне, вытворчасць прадуктаў харчавання. У Магілёўскай вобласці — 5 рэсурсных цэнтраў па напрамках адукацыі будаўніцтва, сельская гаспадарка, машынабудаўнічае абсталяванне і тэхналогіі, энергетыка, транспарт. У Мінску — 8 рэсурсных цэнтраў па напрамках адукацыі будаўніцтва, лёгкая прамысловасць, вытворчасць прадуктаў харчавання, машынабудаўнічае абсталяванне і тэхналогіі, энергетыка, радыё-, мікра- і нанаэлектронная тэхніка, аўтаматызацыя тэхналагічных працэсаў і вытворчасцей, транспарт, вытворчасць мэблі.

— Як вядома, у ходзе праведзенага РІПА маніторынгу эфектыўнасці дзейнасці рэсурсных цэнтраў былі вызначаны фактары, якія стрымліваюць стварэнне новых і развіццё існуючых рэсурсных цэнтраў.

— Сапраўды. Аналізуючы існуючую практыку работы ўсіх рэсурсных цэнтраў, мы высветлілі, што з агульнай колькасці рэсурсных цэнтраў у 76% праходзяць навучанне навучэнцы і дарослае насельніцтва па накіраванні службаў занятасці, прадпрыемстваў і арганізацый, а таксама фізічныя асобы за кошт уласных сродкаў. Разам з тым у 14% рэсурсных цэнтраў не рэалізуюцца адукацыйныя праграмы дадатковай адукацыі дарослых або колькасць навучаных па гэтых праграмах з’яўляецца нязначнай. Акрамя таго, выяўлена больш за 10% рэсурсных цэнтраў, у якіх праходзяць навучанне выключна навучэнцы ўстановы адукацыі, на базе якой створаны рэсурсны цэнтр.

Гэта патрабуе аналізу прычын сітуацыі, якая склалася ў кожным канкрэтным выпадку, вызначэння механізмаў і напрамкаў развіцця рэсурсных цэнтраў з улікам спецыфікі рэгіянальнай эканомікі. У некаторых выпадках можа ўзнікнуць неабходнасць змены профілю рэсурснага цэнтра, а ў асобных выпадках — і разгляду пытання аб мэтазгоднасці яго далейшага функцыянавання ў структуры канкрэтнай установы адукацыі.

Напрыклад, у Віцебскай вобласці адсутнічае рэсурсны цэнтр па кірунку вытворчасці машын і абсталявання, нягледзячы на тое, што ў Оршы размешчаны найбуйнейшыя станкабудаўнічы і інструментальны заводы, якія цяпер у працэсе мадэрнізацыі ў рамках рэалізацыі стратэгіі развіцця Аршанскага раёна. Такім чынам, інстытуту трэба будзе наладзіць сумесную работу з Міністэрствам прамысловасці, падведамаснымі прадпрыемствамі і ўпраўленнем адукацыі Віцебскага аблвыканкама па стварэнні рэсурснага цэнтраў Оршы.

У ходзе маніторынгу эфектыўнасці работы рэсурсных цэнтраў выяўлены асноўныя фактары, якія стрымліваюць стварэнне новых і развіццё існуючых рэсурсных цэнтраў. Сярод іх — адсутнасць комплекснага нарматыўнага прававога акта, які рэгулюе дзейнасць рэсурсных цэнтраў рознага тыпу, адсутнасць механізмаў сеткавага ўзаемадзеяння паміж установамі адукацыі рознай падпарадкаванасці і формы ўласнасці, абмежаванасць дзяржаўных рэсурсаў і адсутнасць стымулаў, у тым ліку эканамічных, для арганізацый — вытворцаў абсталявання, арганізацый — заказчыкаў кадраў, якія спрыялі б іх зацікаўленасці ўдзельнічаць у стварэнні рэсурсных цэнтраў, недасканаласць сістэмы ацэнкі якасці падрыхтоўкі кадраў, адсутнасць сістэмы незалежнай атэстацыі навучэнцаў, недастатковая забяспечанасць кадравымі рэсурсамі неабходнай кваліфікацыі для вырашэння тых задач, якія ўскладаюцца на рэсурсныя цэнтры.

— Як вы плануеце вырашаць гэтыя пытанні? Якімі будуць новыя кірункі развіцця і ўдасканалення дзейнасці рэсурсных цэнтраў?

— Вырашэнне ўказаных праблем патрабуе карэкціроўкі існуючай нарматыўнай прававой базы і распрацоўкі новай. Асобныя палажэнні знайшлі адлюстраванне ў новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі згодна з рэалізацыяй канцэптуальных падыходаў развіцця сістэмы адукацыі да 2020 года і на перспектыву да 2030 года.

Нарматыўнае прававое забеспячэнне будзе спрыяць далейшаму развіццю сеткі рэсурсных цэнтраў, іх эфектыўнай дзейнасці, а таксама станоўча паўплывае на сумесную работу Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі з упраўленнямі адукацыі аблвыканкамаў, камітэтам па адукацыі Мінгарвыканкама. Мы бачым наступныя кірункі гэтага супрацоўніцтва. Гэта перш-наперш навукова-метадычнае забеспячэнне, якое мае на ўвазе распрацоўку і рэалізацыю праграм павышэння кваліфікацыі адміністрацыйных і педагагічных работнікаў устаноў прафесійнай адукацыі па пытаннях распрацоўкі праектаў развіцця існуючых і стварэння новых рэсурсных цэнтраў з выкарыстаннем сучасных інфармацыйных і камунікацыйных тэхналогій. Наступны напрамак — арганізацыйна-метадычнае забеспячэнне, якое прымяркоўвае распаўсюджванне педагагічнага вопыту ў рэалізацыі сеткавых адукацыйных праграм праз выданне вучэбна-метадычных матэрыялаў і электронных сродкаў навучання з выкарыстаннем сучаснага абсталявання і ўкаранення новых адукацыйных тэхналогій.

Арганізацыйна-фінансавае забеспячэнне — стварэнне новых (дааснашчэнне існуючых) рэсурсных цэнтраў на базе ўстаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі з улікам інвестыцыйных праектаў, якія рэалізуюцца ў рэгіёнах, на прынцыпе аптымальнай аддаленасці карыстальнікаў рэсурсных цэнтраў і іх запрагназаванай колькасці, а таксама фарміраванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі за кошт шматканальнага фінансавання з прыцягненнем сродкаў рэспубліканскага і мясцовага бюджэтаў, пазабюджэтных сродкаў навучальных устаноў, у тым ліку і перададзеных ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку сродкаў арганізацый — вытворцаў абсталявання, арганізацый — заказчыкаў кадраў. Арганізацыйна-кадравае забеспячэнне прадугледжвае ўкамплектаванне рэсурсных цэнтраў высокакваліфікаванымі кадрамі, стварэнне эфектыўнай сістэмы павышэння кваліфікацыі, дзе будзе адбывацца навучанне методыкам праектавання і рэалізацыі адукацыйных праграм з модульнай пабудовай зместу адукацыі. Гэты кірунак таксама прадугледжвае далучэнне да работы ў рэсурсных цэнтрах спецыялістаў арганізацый — вытворцаў абсталявання, арганізацый — заказчыкаў кадраў. Яшчэ адзін напрамак — гэта арганізацыйна-кіраўніцкае забеспячэнне: каардынацыя дзейнасці і развіцця рэсурсных цэнтраў на аснове маніторынгу эфектыўнасці іх працы, а таксама стварэнне сістэмы ўзаемадзеяння профільных рэсурсных цэнтраў з галіновымі органамі дзяржаўнага кіравання, з установамі адукацыі, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы розных узроўняў, спажыўцамі паслуг, арганізацыямі — вытворцамі абсталявання, арганізацыямі — заказчыкамі кадраў.

З 2018 года Рэспубліканскі інстытут прафесійнай адукацыі ў першую чаргу плануе распрацаваць праекты стварэння рэсурсных цэнтраў для прамысловага комплексу з улікам зон эканамічнага росту, вызначаных Праграмай развіцця прамысловага комплексу Рэспублікі Беларусь на перыяд да 2020 года, што дазволіць кансалідаваць намаганні прамысловасці і адукацыі ў кадравым забеспячэнні нашай эканомікі.

Гутарыла Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.