Карагод добрых спраў

- 15:35Нам пішуць

Падрыхтоўка да правядзення тыдня валанцёрства ў гімназіі № 3 Віцебска пачалася загадзя. Так, у снежні вучні 2—6 класаў стваралі сваімі рукамі сімвалы новога года — цацкі, малюнкі з выявамі сабак. Потым была праведзена выстава “Касаты сябар”. Вырабы вучняў былі перададзены дзецям з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, каб падтрымаць іх і парадаваць у святочныя дні.

Важным складнікам валанцёрскай дзейнасці ў гімназіі з’яўляецца актыўны ўдзел вучняў 7—11 класаў у валанцерскім атрадзе “Добрае сэрца”. Яны таксама далучыліся да рэспубліканскай акцыі “Нашы дзеці”: збіралі канцылярскія тавары, цёплыя рэчы, сродкі гігіены, цацкі. Гэтыя падарункі будуць перададзены ў дзіцячы дом горада Віцебска. Удзел не толькі вучняў, але і ўсіх настаўнікаў гімназіі ў такой важнай дабрачыннай акцыі стаў ужо добрай традыцыяй. Штогод перад Новым годам яны наведваюць з канцэртам і падарункамі выхаванцаў дзіцячага дома.

Удзел у такіх мерапрыемствах фарміруе ў навучэнцаў гуманныя адносіны да людзей, дапамагае вызначаць жыццёвыя прыярытэты і спосабы ўдзелу ў грамадскай дзейнасці. У сваю чаргу падтрымка дзіцячага валанцёрскага руху з’яўляецца значным напрамкам у выхаванні падрастаючага пакалення.

Вольга БАГАСЛОЎСКАЯ,
настаўніца геаграфіі і біялогіі гімназіі № 3 Віцебска імя А.С.Пушкіна.