Карта бяспечнага шляху

- 10:32Нам пішуць

“Мы — за бяспеку!” Менавіта пад такім дэвізам прайшоў шосты дзень у пачатковых класах гімназіі № 6 Гродна, вучні якой вырашылі стаць актыўнымі прапагандыстамі правіл бяспечных паводзін.

З гэтай мэтай у суботні дзень былі арганізаваны сустрэчы вучняў з прадстаўніком службы ратавання Р.Д.Мядзелец і інспектарам ДАІ П.У.Козелам. Яны з’яўляюцца таксама і бацькамі вучняў нашай гімназіі, што стала прадметам асаблівага гонару для маленькіх удзельнікаў мерапрыемства.

Сапраўдныя прафесіяналы, шчыра адданыя сваёй працы, яны пазнаёмілі прысутных з правіламі бяспечных паводзін, а таксама з адказнасцю за падпальванне і беспадстаўныя пажарныя выклікі. Асаблівую цікавасць у вучняў выклікалі прыклады, калі няведанне простых правіл бяспекі прывяло да няшчасных здарэнняў, а таксама тое, якім аказаўся лёс няўдалых жартаўнікоў, якія вырашылі без патрэбы пазваніць у службу пажарнай аховы.

З задавальненнем удзельнічалі вучні ў цікавых гульнях і конкурсах, арганізаваных з дапамогай бацькоў пад кіраўніцтвам інспектара ДАІ, якія замацоўвалі ў школьнікаў веды па правілах дарожнага руху. Напрыканцы сустрэчы вучні атрымалі змястоўныя памяткі па проціпажарнай бяспецы, у складанні якіх таксама прымалі ўдзел, а таксама пабудаваную разам з бацькамі карту бяспечнага шляху ад гімназі да дому.

Фінальнай кропкай суботняга дня “Мы — за бяспеку!” стаў яркі касцюміраваны паказ “Парад казак на новы лад”. Асноўнай мэтай мерапрыемства было фарміраванне ў дзяцей устойлівай матывацыі і культуры бяспечнай жыццядзейнасці. Акрамя таго, вучні трэціх класаў гімназіі атрымалі магчымасць рэалізаваць свой творчы патэнцыял і прадэманстравалі акцёрскія здольнасці. На прыкладзе казачных герояў усім гасцям і вучням пачатковых класаў было паказана, як трэба паводзіць сябе ў той ці іншай жыццёвай сітуацыі. Казка “Калабок” навучыла, што нельга красці, парушаць правы на ўласную маёмасць. Як паводзіць сябе пры сустрэчы з незнаёмымі людзьмі, дзеці даведаліся з казкі “Чырвоная Шапачка і Шэры Воўк”. Аб тым, што багацце, атрыманае несумленным шляхам, не прыносіць карысці, а прыводзіць да пакарання, паведамлялася ў казцы “Курачка Раба”. Якую сілу мае сапраўднае сяброўства і як правільна выбіраць сабе сябра вучні даведаліся з тэатралізаванага паказу “Рэпка”, а з казкі “Церамок” — аб тым, да чаго можа прывесці няправільнае карыстанне электрапрыборамі, які жах нясе з сабой агонь і наколькі карысна ведаць тэлефоны службы ратавання.

“Мы — за бяспеку!” — такі дэвіз нашай гімназіі, бо самае дарагое ў чалавека — жыццё.

Вольга ГРЫГОР’ЕВА,
настаўніца пачатковых класаў гімназіі № 6 Гродна.