Казка развівае і выхоўвае

- 11:36Навіны рэгіёнаў

Педагогі ясляў-сада № 3 Ляхавіч знаходзяцца ў пастаянным пошуку найбольш эфектыўных метадаў і прыёмаў у арганізацыі адукацыйнага працэсу.

— Дзеці прыходзяць у дашкольную ўстанову з вялікім творчым патэнцыялам, — гаворыць намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці А.І.Гардзейчык. — Каб развіць творчыя здольнасці малышоў і зрабіць навучанне цікавым, выхавальнікі выкарыстоўваюць казкі. З іх дапамогай дзеці пазнаюць з’явы навакольнага свету, вучацца выказваць адносіны да дабра і зла. Акрамя таго, дзякуючы казкам у малышоў фарміруюцца ўяўленні пра справядлівасць і несправядлівасць. Дзеці суперажываюць казачным персанажам, імкнуцца дапамагчы ім і абараніць іх.

У кожнай дашкольнай групе з дапамогай бацькоў аформлены тэатральныя куткі, дзе сабраны розныя віды тэатраў, вырабленыя сваімі рукамі: настольны, лялечны, пальчыкавы і інш. Развіццёвае асяроддзе дазваляе паспяхова вырашаць многія выхаваўчыя задачы. Падчас знаёмства дзяцей з казкамі педагогі ствараюць умовы, якія дапамагаюць малышам праявіць актыўнасць, артыстычныя здольнасці і пачуцці, а таксама пабуджаюць дашкольнікаў да маўленчай творчасці.

— У тэатральных кутках выхавальнікі праводзяць гульні-гутаркі з казачнымі персанажамі, — расказвае А.І.Гардзейчык. — Дзеці выконваюць гульнявыя заданні, вырашаюць праблемныя сітуацыі. Для развіцця маўлення, фантазіі і ўяўлення педагогі выкарыстоўваюць розныя метады і прыёмы: “Прыдумай новую назву казкі”, “Прыдумай працяг казкі”, “Дабаў героя ў казку” і інш. Малышы з задавальненнем уключаюцца ў гэтую гульню. Так, для казкі “Рэпка” былі прыдуманы назвы “Сяброўства” і “Разам можна і горы звярнуць”, а казку “Церамок” дзеці назвалі “Разам весела нам жыць”.

Каб дапамагчы дзецям прыдумаць новую казачную гісторыю ці новы эпізод, педагогі выкарыстоўваюць прыём “Чароўны калейдаскоп”. Дзякуючы яму, малышы дапамагаюць Зайцу стаць дужым і смелым, а Лісе — добрай і справядлівай. Акрамя таго, выхавальнікі знаёмяць дзяцей з рознымі варыянтамі стварэння казак з дапамогай прыёму кантамінацыі. Так, у адным выпадку змест твора не мяняецца, а мяняюцца толькі персанажы (“Воўк у чырвонай шапачцы”), у другім — мяняецца змест казкі (“Калабок сустракае вясну”). Трэба адзначыць, што першы варыянт больш даступны дашкольнікам, а другі магчымы пры ўмове сутворчасці дзяцей і дарослых.

— Калі малышы добра пазнаёмяцца з казкай, педагогі прапаноўваюць ім паказаць упадабаны ўрывак з дапамогай мімікі і жэстаў, — адзначае А.І.Гардзейчык. — Дзякуючы гэтаму, кожнае дзіця можа праявіць сябе ў пэўнай ролі. У малышоў развіваецца ўпэўненасць у сваіх сілах.

Па словах А.І.Гардзейчык, тэатралізаваная дзейнасць з’яўляецца асноўным сродкам далучэння дзяцей да мастацтва. Пры падрыхтоўцы пастановак педагогі звяртаюцца да розных практыкаванняў на развіццё ўвагі, уяўлення і руху: скакаць, як жабка, секчы дровы, несці цяжкую сумку, адкусіць кіслы яблык і інш. Такія практыкаванні добра развіваюць творчыя здольнасці і ўяўленне, вучаць перадаваць характар казачных герояў. Падчас тэатральнай дзейнасці малышы знаёмяцца з рознымі відамі тэатраў, узаема-дзейнічаюць адно з адным, адгадваюць загадкі, апісваюць прадметы, знаёмяцца з персанажамі і інш.

Тэатральная пастаноўка “Калабок сустракае вясну”, падрыхтаваная музычным кіраўніком А.М.Варабей і выхаванцамі старшай групы, была паказана на пасяджэнні раённага метадычнага аб’яднання выхавальнікаў, а тэатральная пастаноўка “Нежартоўныя прыгоды Пеўніка”, падрыхтаваная музычным кіраўніком Т.Г.Цітко і выхаванцамі старшай групы, была прадэманстравана ў раённым конкурсе “Бяспечнае дзяцінства”. Старшыя дашкольнікі часта выступаюць з пастаноўкамі перад малодшымі.

— Знаёмячыся з казкамі і ўдзельнічаючы ў іх драматызацыі, дзеці вучацца суперажываць чужой бядзе, адрозніваць дабро ад зла, перадаваць розныя адценні ў маўленні і задуму сваімі словамі ў выглядзе дыялогаў і маналогаў герояў, ствараюць уласныя казачныя вобразы. Дашкольнікі з задавальненнем гуляюць у тэатр і самастойна арганізоўваюць гульні-драматызацыі, — падагульняе А.І.Гардзейчык.