Для большасці дзяцей зіма — гэта чароўная пара года, якая ўвасабляе ў сабе атмасферу навагодняй казкі. У Геранёнскай сярэдняй школе, дзякуючы сумесным намаганням настаўнікаў, вучняў і бацькоў, навагодняя казка стала рэальнасцю. Стварэнне Снежнага гарадка стала займальнай творчай працай, дзе дарослыя і дзеці ўвасобілі свае самыя незвычайныя ідэі.
Фае школы ператварылася ў казачнае каралеўства, у якое трапіць можна праз прапускны пункт, які ахоўваюць сабакі — сімвал надыходзячага года. На галоўнай плошчы горада стаіць ёлка, упрыгожаная цацкамі і гірляндамі. У горадзе — адзінаццаць дамоў-класаў. Усе дамы па-свойму прыгожыя. Яны прыцягваюць увагу сваім цікавым і непаўторным дызайнам.
Калі трапляеш у гэты гарадок, губляеш адчуванне часу, забываеш пра штодзённыя клопаты. Хочацца блукаць і блукаць па заснежанай вуліцы, зайсці ў кожны дом і атрымаць асалоду ад зносін з жыхарамі.
А калі паглядзіш уверх, на падаючы снег, то здаецца, быццам ляціш кудысьці далёка-далёка… Асабліва прываблівае начны горад сваёй ілюмінацыяй. Кожны домік зіхаціць агеньчыкамі, а шлях асвятляюць навагоднія ліхтары. Гасцей горада вітаюць Дзед Мароз і Снягурка.
Жадаю ўсім гэтай зімой апынуцца ў зімняй казцы і атрымаць кавалачак свайго шчасця! Зіма — час цудаў! Не прапусціце! Запрашаем зрабіць віртуальнае падарожжа па нашай казцы (https://www.youtube.com/watch?v=hZbWjhHNiEo).
Людміла ШЛЕМПА,
педагог-арганізатар Геранёнскай сярэдняй школы
Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласці.