Прэзентацыя кнігі ў гімназіі… Ужо само па сабе гэта можна лічыць падзеяй незвычайнай, бо звычайна прэзентацыі новых кніг адбываюцца ў бібліятэках, на кніжных форумах, на спецыяльных прэс-канферэнцыях. А тут у адзін са звычайных снежаньскіх дзён у гімназіі прэзентавалі кнігу, дый не толькі кнігу, а цэлую кніжную серыю, якую пачала гэтая кніга. Усё так — ды не так!
Бо і кніга гэтая не звычайная, а кніга казак. І аўтар яе не звычайны, а замежны. І гімназія гэтая не звычайная, а адна з лепшых у Цэнтральным раёне Мінска дый ва ўсёй сталіцы, вядомая сваімі адукацыйнымі і творчымі поспехамі. І дзень той быў не звычайны снежаньскі, а… снежаньскі-пераднагодні, калі пачынаюць здарацца цуды. Прынамсі, актавую залу гімназіі ўпрыгожвала навагодняя ёлачка… Надоечы ў сталічнай гімназіі № 16 адбылася прэзентацыя кнігі казак пісьменніцы з Кыргызстана жонкі Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Кыргызскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Айнуры Амакеевай “Сказки Матушки Вселенной” і новай серыі кніжак для дзяцей выдавецтва “Народная асвета” “Казкі мам з розных краін”.
Наўмысна не перакладаю з арыгінала назву кнігі, бо адчуваю неверагодныя цяжкасці перакладу. Сапраўды, як перакласці на беларускую мову “Сказки Матушки Вселенной”? “Казкі Матухны Сусвету”? Абсурд нейкі. “Казкі Бацюхны Сусвету”? Ужо лепш. Але ж гаворка ў кнізе Айнуры Амакеевай ідзе менавіта пра казкі, якія расказвае Яна — Яе вялікасць Матухна ці нават Праматухна… Можа, “Казкі Матухны Зямлі”?
Вітаючы ўдзельнікаў мерапрыемства, на якое сабраліся не толькі навучэнцы і настаўнікі 16-й гімназіі, але і прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса нашай краіны, міністэрстваў і ведамстваў, органаў дзяржкіравання, выдавецкіх і паліграфічных структур, бібліятэк і кнігагандлю, першы намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Вадзім Анатольевіч Богуш заўважыў, што менавіта з казак, нават не ўсведамляючы гэтага, дзеці бяруць аснову для пазнання свету, які іх акружае. “Дзякуючы казкам, маленькі чалавек робіць свой першы крок да фарміравання свайго светапогляду. Казка дае паняцце пра дабро і зло, сяброўства і варожасць, — адзначыў Вадзім Анатольевіч. — Гэта ўсё на самай справе вельмі няпростыя рэчы, але ў казцы пра іх трэба расказаць дзецям простай і зразумелай мовай. І гэта вельмі цяжка”.
Прысутных віталі таксама старшыня адміністрацыі Цэнтральнага раёна Мінска Ігар Іванавіч Бузоўскі, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па працы і сацыяльных пытаннях, старшыня групы “Дружба” па супрацоўніцтве з Кыргызскай Рэспублікай Алег Фёдаравіч Леўшуноў, старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Іванавіч Чаргінец, жонка Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Рэспублікі Балгарыя Вольга Васільеўна Ганева, сябар Міжнароднага кніжнага клуба Марыя Кабо-Васканян, галоўны рэдактар выдавецтва “Народная асвета” Алена Уладзіміраўна Літвіновіч і, безумоўна, аўтар кнігі “Сказки Матушки Вселенной” Айнура Амакеева. Іх выступленні чаргаваліся з цудоўнымі нумарамі ў выкананні дзяцей — юных артыстаў з Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі і 16-й гімназіі. Кульмінацыяй стала тэатралізаваная літаратурна-музычная пастаноўка паводле “Тэлефона” Карнея Чукоўскага, якую ажыццявіла разам з гімназістамі вядомы рэжысёр Вера Аляксандраўна Палякова-Макей.
Імпрэза скончылася, а кніга казак “Сказки Матушки Вселенной” засталася. Усё-такі, пра што яны? І хто яна, Айнура Амакеева, апрача што жонка Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Кыргызскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь?
Айнура Амакеева нарадзілася ў Бішкеку. Па прафесіі — настаўніца рускай мовы і літаратуры. У сябе на радзіме працавала ў школе, у Нацыянальнай бібліятэцы Кыргызстана, у дзіцячым садку. Мае дваіх дзяцей і трох унукаў. Сярод любімых захапленняў — кульнарыя і… якраз напісанне казак. Яе кніга “Сказки Матушки Вселенной” выйшла ў Бішкеку тры гады назад на дзвюх мовах — кыргызскай і рускай — і мела сярод кыргызскіх дзяцей і іх бацькоў вялікі поспех. У рускамоўнага варыянта, які пабачыў свет у нашым выдавецтве “Народная асвета”, ёсць свае асаблівасці. Кнігу з беларускай прапіскай адкрываюць выявы дзяржаўных сцяга і герба Рэспублікі Кыргызстан і напісаная аўтарам інфармацыя пра гэтую краіну. У кампактнай форме сабрана вельмі ёмкая інфармацыя: у цэнтры дзяржаўнага флага выяўлена сонца з 40 промнямі, бо менавіта 40 плямён заснавалі Кыргызстан, а ў сярэдзіне сонца бачны купал юрты — сімвала радзімы і свету; у цэнтры герба — возера Ісык-Куль, галоўная прыродная жамчужына Кыргызстана, горныя вяршыні Ала-Тоа, якія сваімі абрысамі нагадваюць нацыянальны кыргызскі галаўны ўбор — каўпак; нацыянальны эпас “Манас” прызнаны ААН Сусветнай духоўнай спадчынай чалавецтва; у Кыргызстане варта пабываць хоць бы дзеля таго, каб пабачыць там такія цуды, як свяшчэнная гара Сулейман, рэліктавыя арэхавыя лясы Арсланбоба, гарачыя крыніцы з тэрмальнай вадой у Джала-Абадзе, наскальныя малюнкі Саймалы-Таш і інш. Кніга цудоўна праілюстравана самабытнымі малюнкамі навучэнцаў ліцэя № 74 Бішкека, што толькі падкрэслівае яе нацыянальны каларыт.
Тут жа, змясціўшы краіназнаўчую інфармацыю, Айнура Амакеева патлумачыла, што яе казкі больш падобныя да прытчаў, несучы маленькаму чытачу той ці іншы маральны пасыл, вучачы яго быць бліжэй да прыроды, любіць жывёл, пазнаваць свет і людзей, клапаціцца пра ўсіх, хто яго акружае ў гэтым свеце, і заўсёды дзякаваць за кожны пражыты дзень Матухне, даруйце, “Матушке Вселенной”. А выпрабаванні, якія праходзіць чалавек праз усё жыццё, гэта адмысловыя крылы, якія нясуць яго да запаветнай мары.
Ужо пры асабістай сустрэчы Айнура Амакеева сказала аўтару гэтых радкоў, што ў кнізе ёсць казкі не толькі з хэпі-эндам. Напрыклад, у казцы “Алтай” распавядаецца пра ваўчанё, якое ўзялі да сябе ў сям’ю сабакі, памочнікі чабаноў. Калі на гэтую сям’ю напалі ваўкі, у той жорсткай бойцы ваўчанё гіне, абараняючы сваю “прыёмную” сям’ю… Так навучылі яго сабакі — заўсёды аддаваць доўг, не баючыся смерці. “Гэта казка-прытча пра самаахвяраванне. Такія рэчы не зразумеюць самыя маленькія дзеці. Ім іх павінны патлумачыць бацькі”, — сказала Айнура Амакеева.
І як жа ўсё-такі перакласці на беларускую мову “Сказки Матушки Вселенной”? Мікалай Іванавіч Чаргінец, выступаючы на імпрэзе, прызнаўся, што яго мара — каб у перакладах на рускую і беларускую мову пабачылі свет казкі ўсіх краін, з якімі Рэспубліка Беларусь падтрымлівае дыпламатычныя адносіны. А яшчэ ён прыадкрыў тайну: неўзабаве “Сказки Матушки Вселенной” выйдуць на беларускай мове. Пабачым, пачытаем.
Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.