Казкі зімовага лесу

- 10:33Нам пішуць

У кожнага з нас яшчэ з дзяцiнства жыве вера і надзея ў казку і цуды, якія з надыходам навагоднiх свят толькі ўзмацняюцца. Таму нашы дзецi чакаюць зімовых, у гэты чароўны час адбываюцца самыя неверагодныя цуды.

Падчас зімовых канікул вучнi Iўеўскага ясляў-сада — пачатковай школы трапiлi ў зімовую казку і суcтрэлiся з сапраўдным Дзедам Марозам, дакладней кажучы, з яго родным братам Дзедам Зiмнiкам. Недалёка ад Іўя, у мястэчку Залейкі, размешчана сядзiба Дзеда Зiмнiка i Бабы Завiрухi. Вось туды i трапiлi нашы пачаткоўцы.

Вучняў чакалi сапраўдныя казачныя прыгоды. Каб сустрэцца з Дзедам Зiмнiкам, трэба было прайсцi праз зiмовы лес, поўны казачных цудаў i iспытаў. Разам з Сарокай-белабокай на лясной сцяжынцы мы сустрэлiся з Бабай Ягой, прайшлi праз вароты Салаўя-разбойнiка, знайшлi схованку лесуна, палюбавалiся печкай Ямелi. Дзецi паказалi свае веды, праявілі кемлівасць і выканалi ўсе заданнi лясных жыхароў. Узнагародай за пройдзеныя выпрабаванні стаў прагляд інтэрактыўнага спектакля-казкі пад адкрытым небам “Як воўк церам Дзеда Мароза ахоўваў”.

…Пад самы Новы год у цераме Дзеда Мароза знiк залаты куфэрак, у якiм была схавана прагнасць… Нежартоўныя страсцi кiпелi на сцэне, маленькiя гледачы дапамагалі героям спектакля. Снягурачка прымiрыла ўсiх тых, у чыю душу трапiла прагнасць, а з ляснога гушчару з’явiўся Дзед Зімнік.

Вядома ж, былi карагоды вакол ялiнкi, святочныя падарункi, гарачы чай. Але самае галоўнае, было шчасце i радасць у вачах дзяцей!

Марыя ЖЫДЗЕЛЬ,
настаўніца пачатковых класаў Іўеўскага ясляў-сада — пачатковай школы.