Кейс-метад для рознаўзроставага ўрока

- 11:39Якасць адукацыі

Як зрабіць так, каб кожны новы ўрок стаў прыступкай у ведах і развіцці вучня? Значыць, урок павінен быць сучасным. Што значыць сучасны ўрок? Гэта і цалкам новы, і такі, што не страчвае сувязі з мінулым, — словам, актуальны ўрок. Плануючы ўрок у адпаведнасці з сучаснымі патрабаваннямі, асаблівае месца адводжу выкарыстанню развіццёвых адукацыйных тэхналогій. Асаблівую цікавасць выклікала тэхналогія case-study, якая была распрацавана і актыўна ўкаранёна ў Гарвардскай школе бізнесу ў 1920 годзе.

Ключавым паняццем метаду з’яўляецца слова “кейс”, паходжанне якога вызначаецца як casus (лац.) — “заблытаны незвычайны выпадак” ці case (англ.) — “партфель, чамаданчык”. Зыходзячы з гэтых слоў, распрацоўшчыкі метаду сфармулявалі некалькі яго азначэнняў. Я спынілася на наступным азначэнні: кейс-метад можна разгля­даць як метад навучання дзеяннем. Ён дазваляе паглыбіць навучэнцаў у праблемную сітуацыю і шляхам падбору рашэнняў знайсці выхад. Метад аналізу канкрэтных сітуацый дае магчымасць дзейнічаць, шукаць выхад, не баючыся негатыўных наступстваў, магчымых у рэальным жыцці, тым самым атрымліваючы вопыт вырашэння праблем.

Дарэчы, кейс — гэта яшчэ і метад навучання, адна з тэхналогій сучаснага ўрока. Чаму ў сваёй практыцы прымяняю гэтую тэхналогію? Таму што яна блізкая мне, як і іншыя тэхналогіі сістэмы развіццёвага навучання па сістэме Эльконіна-Давыдава. Пры гэтым адбываецца фарміраванне як матэматычнай кампетэнцыі (выкарыстанне матэматычных метадаў у вырашэнні розных праблем у навучанні і штодзённым жыцці), так і асобасных (вучэбна-пазнавальнай, камунікатыўнай, інфармацыйнай, сацыяльнай).

Галоўнае, што павінен змяшчаць у сабе кейс:

— праблему, якая прадугледжвае некалькі варыянтаў яе вырашэння;

— дапаможную інфармацыю;

— заданне.

Адным з прыкладаў выкарыстання кейс-метаду ў маёй практыцы сталі вучэбныя заняткі — рознаўзроставы ўрок. На мой погляд, такія вучэбныя заняткі на сучасным этапе актуальныя, таму што форма іх правя­дзення заўсёды цікавая, дае станоўчыя вынікі ў прывіцці цікавасці да матэматыкі, у асобасным росце ўдзельнікаў і ў фарміраванні прадметных і міжпрадметных уменняў і навыкаў, спрыяе павышэнню пазнавальнай актыўнасці школьнікаў. Таму ўрок абагульнення і сістэматызацыі ведаў у 9 класе па тэме “Упісаныя і апісаныя многавугольнікі” я праводзіла з групай навучэнцаў 10 класа з павышаным узроўнем вывучэння матэматыкі.

Такая ідэя ўзнікла не выпадкова. З навучэнцамі 9 класа мы абагульняем гэты матэрыял, а дзесяцікласнікі паўтараюць яго. Экзаменацыйныя задачы за курс базавай школы па гэтай тэме выклікалі пэўныя цяжкасці. Разам з тым узнікла праблема ў школьнай бізнес-кампаніі BySix пры вырабе прыхопак, сумак (неабходна было размясціць аплікацыі ў выглядзе круга на пры­хопкі, якія маюць формы квадрата, прамавугольніка; на сумкі трапецападобнай формы). Мы з навучэнцамі вырашылі дапамагчы ўдзельнікам бізнес-кампаніі.

Карысная інфармацыя кейса заключалася ў наступным: “У школьную бізнес-кампанію паступіў заказ на выраб прыхопак, сумак, сурвэтак. Неабходна было выканаць аплікацыі на гэтыя вырабы. Але чамусьці круг ніяк не ўпісваўся ў многавугольнік, у трапецыю, а трохвугольнік па сваіх памерах немагчыма было змясціць у крузе”.

Навучэнцам былі прапанаваны заданні, якія давалі магчымасць удасканальваць наступныя кампетэнцыі:

— прааналізаваць гэтую сітуацыю (вучэбна-інфармацыйныя кампетэнцыі);

— высветліць праблему;

— суаднесці памеры фігур (прадметныя кампетэнцыі);

— выпрацаваць рэкамендацыі па выхадзе з гэтай сітуацыі;

— унесці свае прапановы (сацыяльныя кампетэнцыі).

Змест кейса складалі разам з навучэнцамі 10 класа. Яго складнікі такія:

  1. Пытанні школьнай бізнес-кампаніі.
  2. Паспрачаемся з Шэрлакам Холмсам “…Усякая задача здаецца вельмі простай пасля таго, як вам яе растлумачаць”.
  3. Задачы варыянтаў экзаменацыйнага зборніка (прадставіць розныя спосабы рашэння).
  4. Тэарэтычны матэ­рыял (прадстаўлены ў выгля­дзе блокаў “Вучым на памяць”, “Успамінаем азначэнні”, “Рашаем разам”, “Рашаем самі”, “Падказваем ідэю рашэння”, “Тэсціруем сябе”, “Звяраем адказы”).
  5. “Прыгожыя задачы”.

На ўроку дзесяцікласнікі выступалі ў ролі кансультантаў, адсочвалі работу кожнага члена групы, ацэньвалі работу, згодна з крытэрыямі, падводзілі вынікі. Навучэнцы выкарыстоўвалі падчас урока магчымасці інтэрактыўнай прыстаўкі, дэманструючы тэарэтычныя звесткі і дамашнія задачы з дапамогай самастойна выкананых прэзентацый у праграме PowerPoint. Дзякуючы навізне сітуацыі, звязанай з прысутнасцю вучняў іншай узроставай групы, прымяненню кейс-метаду, практычнай скіраванасці ўрока, выкарыстанню сучасных інфармацыйных тэхналогій, вучні не адчувалі перагрузкі, былі актыўнымі, працавалі творча, прадэманстравалі свае веды і абмяняліся вопытам.

На думку навучэнцаў і 9, і 10 класа, такі ўрок прынёс ім многа станоўчых эмоцый (мне было вельмі цікава; з задавальненнем атрымліваў дапамогу ад кансультанта; я быў спакойны і ўпэўнены; нястрашна было памыляцца). І тут нельга не пагадзіцца з меркаваннем псіхолагаў, што людзі лепш за ўсё засвойваюць тое, што абмяркоўваюць з іншымі, а лепш за ўсё памятаюць тое, што тлумачаць іншым.

Рознаўзроставы ўрок характарызуецца асаблівым эмацыянальным станам навучэнцаў. Дзевяцікласнікі адчуваюць цікавасць, выконваючы заданні разам з 10 класам. Вучні 10 класа разумеюць неабходнасць пацвердзіць статус старэйшых па ўзросце і даказаць, што яны ве­даюць больш за дзевяцікласнікаў, гатовы выступіць у якасці кансультантаў. Малодшыя, паўтараючы за старэйшымі тыя ці іншыя меркаванні, як нам здаецца, прасоўваюцца наперад больш паспяхова. Асаблівасці псіхалогіі вучняў 9, 10 класаў (імкненне да лідарства, да зносін) спрыяюць павышэнню іх актыўнасці, працаздольнасці.

Вопыт паказвае, што калі матэрыял зводзіцца ў буйныя блокі, то з’яўляецца магчымасць значна павялічыць аб’ём матэрыялу, які разглядаецца, пры рэзкім зніжэнні нагрузкі на вучня. Зніжэнню стамляльнасці спрыяе змена відаў дзейнасці, выкарыстанне задач рознай тэматыкі. Рознаўзроставыя ўрокі накіраваны на сістэматызацыю, пашырэнне і паглыбленне ведаў і ўменняў, на фарміраванне ключавых кампетэнцый навучэнцаў.

Як вынік — выхад на практычнае вырашэнне праблемы (прапанаваныя варыянты вырабу сурвэтак, прыхопак, коўдры з абрэзкаў, сумкі, шкатулкі).

У чым жа перавагі кейс-тэхналогіі?

Перавагі заключаюцца ў калектыўным характары пазнавальнай дзейнасці, у творчым падыходзе да пазнання, у спалучэнні тэарэтычных ведаў і практычных уменняў. Кожнае з гэтых звён накіравана на фарміраванне прадметных, ключавых кампетэнцый. І самы вялікі плюс — прымяненне гэтай тэхналогіі развівае здольнасць навучэнцаў да самавыяўлення, самааналізу, самапрагнозу, самарэалізацыі, самадыягностыкі.

Асаблівасць работы настаўніка, які практыкуе кейс-метад, заключаецца ў тым, што ён не толькі рэалізоўвае максімальна свае здольнасці, але і развівае іх. Асноўны змест дзейнасці ўключае ў сябе выкананне некалькіх функцый: навучальнай, выхаваўчай, арганізуючай і даследчай. Дзейнасць настаўніка пры выкарыстанні кейс-метаду ўключае дзве фазы. Першая фаза ўяўляе сабой складаную творчую работу па стварэнні кейса і пытанняў для яго аналізу.

Аднак добра падрыхтаванага кейса мала для эфектыўнага правядзення заняткаў. Для гэтага неабходна яшчэ падрыхтаваць метадычнае забеспячэнне — як для самастойнай работы навучэнцаў, так і для правя­дзення будучых заняткаў.

Другая фаза ўключае ў сябе дзейнасць настаўніка ў класе, дзе ён выступае з уступным і заключным словам, арганізоўвае малыя групы і дыскусію, падтрымлівае дзелавы настрой на ўроку, ацэньвае ўклад вучняў у аналіз сітуацыі.

Наяўнасць у структуры кейс-метаду спрэчак, дыскусій, аргументацыі трэніруе ўдзельнікаў абмеркавання, вучыць выкананню норм і правіл зносін. Яшчэ большая нагрузка на настаўніка, які павінен быць дастаткова эмацыянальным на працягу ўсяго працэсу навучання, вырашаць і не дапускаць канфліктаў, ствараць атмасферу супрацоўніцтва і канкурэнцыі адначасова і, самае галоўнае, забяспечваць выкананне асобасных правоў навучэнца.

Стварэнне кейса — гэта захапляльны і працаёмкі працэс. І, на шчасце, толькі адзін недахоп — гэта працаёмкасць падрыхтоўчай работы педагога, таму што гатовых кейсаў не распрацавана. Затое гэта адкрывае перспектывы прафесійнай рэалізацыі кожнага з нас. Некалькі крокаў у гэтым напрамку я ўжо зрабіла. У маім партфелі ёсць яшчэ адно аддзяленне. У ім я захоўваю самастойна распрацаваныя і апрабаваныя кейсы. Спадзяюся, што ён будзе папаўняцца новымі распрацоўкамі.

Надзея ГАЎРЫЛЕНКА,
настаўніца матэматыкі сярэдняй школы № 6 Смаргоні.