Кіраваць — значыць прыводзіць да поспеху іншых

- 13:01Суразмоўца
Н.Г. Кучынская

Гаворачы пра дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Наталлю Генадзьеўну Кучынскую, можна з упэўненасцю сказаць, што школа для яе сэнс жыцця і стан душы. Пачынала Наталля Генадзьеўна свой працоўны шлях з настаўніка, потым стала намеснікам дырэктара гімназіі, начальнікам аддзела адукацыі. І вось амаль год працягвае сваю работу ў галіне педагогікі ўжо на парламенцкім узроўні ў Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы. Як складваецца сёння дэпутацкая дзейнасць Наталлі Генадзьеўны? Якія пытанні яна збіраецца вырашаць у парламенце? Што ўвогуле яна думае пра нацыянальную сістэму адукацыі і непасрэдна пра статус настаўніка? Аб усім гэтым дэпутат Н.Г.Кучынская расказвае сёння чытачам нашай газеты.

— Наталля Генадзьеўна, як вядома, да таго, як пачалі працаваць у парламенце, вы пэўны час узначальвалі Ашмянскі раённы аддзел адукацыі. Якія пытанні былі там для вас асноватворнымі?

Н.Г. Кучынская— Менавіта раённым рухам можна назваць правядзенне агляду- конкурсу “Школа ўзорнай якасці і парадку”, які надаў новы імпульс дзейнасці ўстаноў адукацыі і стаў адметнай рысай выхаваўчай сістэмы навучальных устаноў Ашмянскага раёна. Ацэнка развіцця школ раёна складаецца з пяці блокаў: “Якасць адукацыі”, “Якасць выхавання і адносіны да здароўя”, “Якасць прафесійнага і асабістага росту настаўнікаў”, “Якасць умоў”, “Якасць кіраўніцкай дзейнасці”. Распрацоўваючы па кожным блоку крытэрыі і паказчыкі, я меркавала, як яны паўплываюць на ўдасканаленне работы ўстаноў адукацыі. Некаторыя крытэрыі перагледжваюцца штогод у залежнасці ад таго, на якія бакі сваёй дзейнасці ўстановы павінны звярнуць большую ўвагу.
Да гэтага руху падключаны дзеці, настаўнікі, бацькі. Ключавая яго ідэя — павышэнне аўтарытэту школы, прэстыжу прафесіі настаўніка, фарміраванне пазітыўнага іміджу сістэмы адукацыі, пераўтварэнне сельскай школы ў сацыякультурны цэнтр вёскі ці аграгарадка, фарміраванне сацыяльна актыўных школ у гарадскіх мікрараёнах. Без дасягнення гэтых мэт цяжка дасягнуць высокай якасці адукацыі.
Да кожнага конкурсу і мерапрыемства, што праходзіць у межах руху “Школа ўзорнай якасці і парадку”, падыходзілі рэфлексіўна і творча. Наогул, лічу, што кіраванне сістэмай адукацыі ці непасрэдна ўстановай адукацыі ў сучасных умовах можа быць толькі рэфлексіўным. Менавіта дэталёвы аналіз сітуацыі, дакладнае вызначэнне праблем, іх прычын і выбар найменш затратнага па рэсурсах вырашэння (абавязкова ў крэатыўнай форме) даюць свой плён. Галоўнае, каб кіраўнік, задумваючы конкурс ці мерапрыемства, ведаў адказ на пытанні: “Дзеля чаго я гэта раблю? Што планую атрымаць ў выніку? Ці будзе маё рашэнне плённым для развіцця?”
Шмат увагі ў сваёй рабоце я ўдзяляла кадравай палітыцы, у першую чаргу фарміраванню моцнага працаздольнага дырэктарскага корпусу і стварэнню крэатыўнага аддзела адукацыі, які думае ў рэчышчы сучасных тэндэнцый, а таксама зместавага насычэння работы метадычнага кабінета. Дарэчы, мая дыпломная работа ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь мела назву “Фарміраванне кампетэнцый кіраўнікоў сучасных устаноў адукацыі”. Згадзіцеся, калі настаўніка ставяць на пасаду дырэктара без падрыхтоўкі, яму вельмі цяжка змяніць сваю выканаўчую функцыю на кіраўніцкую. Таму ў станаўленні нашых маладых кіраўнікоў і ва ўдасканаленні сталых дапамагаюць школы кіравання і рэзерву кадраў. Заняткі ў іх праводзяцца кожную чвэрць у форме прадстаўлення вопыту лепшых кіраўнікоў раёна па самых розных пытаннях кіравання ўстановай адукацыі — ад напісання загада да арганізацыі фінансава-гаспадарчай дзейнасці. Дарэчы, за апошнія тры гады з ліку рэзерву 40 чалавек вылучаны на пасады кіраўнікоў і намеснікаў.
Падчас франтальнага вывучэння дзейнасці нашага аддзела я атрымала самы прыемны камплімент ад кіраўніцтва ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама наконт таго, што мне ўдалося стварыць у аддзеле адукацыі дзеяздольную каманду аднадумцаў. Я сапраўды лічу, што стварэнне такой каманды і матывацыя яе да развіцця, на канструктыўнай работы — адна з галоўных задач начальніка аддзела адукацыі, і станоўчы вынік — гэта заслуга не аднаго чалавека, а справа ўсёй каманды. Як не ўзгадаць знакаміты выраз: “Кіраваць — значыць прыводзіць да поспеху іншых”.

— Як вы ставіцеся да павышэння прафесійнага ўзроўню настаўніка? Як на гэта павінна ўплываць яго атэстацыя?
— У маім раёне створана сістэма метадычных зносін, якія, па сутнасці, з’яўляюцца інтэлектуальнымі інвестыцыямі ў кадравы і прафесійны капітал педагогаў. У іх ліку правядзенне адкрытых раённых навукова-практычных канферэнцый настаўнікаў па актуальных пытаннях: “Кампетэнтнасны падыход у сферы адукацыі”, “Стварэнне здароўезберагальнага асяроддзя ва ўстановах адукацыі”, “Сучасны ўрок”.
У новым фармаце праводзяцца конкурсы прафесійнага майстэрства: “Выхавальнік года”, “Настаўнік года”, конкурс маладых спецыялістаў “Адкрыццё”. Плённым метадычным мерапрыемствам лічу раённую панараму адкрытых урокаў, у якой прымаюць удзел большасць настаўнікаў вышэйшай і першай катэгорый, дзе можна, як кажуць, сябе паказаць і з калегамі параўнаць. Лічу, што такая панарама дае здаровы дух спаборніцтва, падштурхоўвае педагогаў да пастаяннага ўдасканальвання прафесійнага майстэрства.
Што тычыцца атэстацыі, то я за тое, каб настаўнікі пастаянна пацвярджалі свой кваліфікацыйны ўзровень. Гэта не азначае, што быццам кіраўніцтва сумняваецца ў кваліфікацыйнай катэгорыі таго ці іншага настаўніка і ніякая не ганьба, як ставяцца да гэтага некаторыя педагогі. На маю думку, атэстацыя –гэта магчымасць прафесійнай рэфлексіі і самаацэньвання: “Чаго я варты сёння? Як я вырас за пяць год? Ці прыношу карысць сваім вучням? Ці даю сучасныя веды? Ці аптымальна і эфектыўна вяду ўрок? Ці эфектыўна мая сістэма выкладання ў сённяшніх умовах?” А прадстаўленне асабістага вопыту перад высокаадукаванай камісіяй — гэта магчымасць адчуць свой поспех, магчымасць быць пачутым на рэспубліканскім узроўні. Гэта новая высокая планка, дасягнуўшы якой, настаўнік пачне больш паважаць сябе самога. А калі ж я перастану расці і хочацца толькі спакойна хадзіць на работу, то ці ж можна ўспрымаць сябе настаўнікам вышэйшай катэгорыі?

— Наталля Генадзьеўна, сёння шмат гучыць нараканняў з боку настаўнікаў наконт іх істотнай перагружанасці. Нават існуюць меркаванні кшталту ці патрэбна планаваць урок? А вы як лічыце?
— Толькі прадуманы і добра спланаваны ўрок прыносіць карысць, развівае і гарантуе грунтоўныя веды. Калі настаўнік не падрыхтаваны да ўрока, то 45 каштоўных хвілін могуць ператварыцца ў мітусню, у шоу-праграму, у бессістэмнае выкананне шэрагу практыкаванняў. Да пачатку заняткаў педагог павінен разумець, дасягненню якой мэты прысвечаны ўрок, дзеля рашэння якой задачы выконваецца пэўнае практыкаванне, якія віды заданняў мэтазгодны для канкрэтнага навучэнца. Настаўнік — прафесія практычная і аналітычная. Не пра напісанне плана на 10 старонак ідзе гутарка, а аб сапраўднай падрыхтоўцы да ўрока, аб планаванні дзейнасці настаўніка і вучня на ўроку. Таму мяркую, што пісаць планы і ставіць мэты ўрока, каб пераўтвараць мэту ў вынік, трэба. Форма і памер тыя, што патрэбны менавіта табе. І спытайце настаўніка, якога вы лічыце лепшым у сваёй установе адукацыі, ці рыхтуецца ён да ўрока, ці плануе яго? І пачуеце сцвярджальны адказ.
На пасяджэнні ў Авальнай зале падчас справаздачы ўрада я задавала пытанне намесніку прэм’ер-міністра краіны А.А. Тозіку наконт вызвалення настаўніка ад тых дадатковых абавязкаў, якія ён выконвае, і якія адмоўна ўплываюць на яго непасрэдную педагагічную дзейнасць. Лічу, што, вызваліўшы настаўніка, непасрэдна класнага кіраўніка і дырэктара ўстановы ад непатрэбнай “папяровай” работы, можна станоўча паўплываць на якасць адукацыі, і тады ёсць рацыя з іх строга спытаць за якасць выкладання. Пэўныя крокі ў гэтым кірунку ўжо робяцца, пра гэта сведчаць і матэрыялы пасяджэнняў калегіі Міністэрства адукацыі, і шэраг кіраўніцкіх рашэнняў.

— Не сакрэт, што сёння ў нашы вышэйшыя педагагічныя ўстановы ідзе не зусім матываваная моладзь.
— Сапраўды, праблема існуе. Дзеля яе вырашэння, як вы ведаеце, ідзе разгляд прапаноў па скарачэнні колькасці месцаў у педагагічных універсітэтах, па прэферэнцыях медалістам, па накіраванні на вучобу толькі з рэкамендацыяй педагагічнага савета школы.
Хачу ўзгадаць яскравыя выступленні ў нашых школах каманды БДПУ імя М. Танка “Дзеці Эйнштэйна” 47-га Зорнага паходу. У выніку такой нефармальнай жывой прафарыентацыйнай работы з выпускнікамі школ было заключана 40 мэтавых дагавароў на паступленне ў педагагічныя УВА. І падчас субяседавання з маладымі людзьмі, якія выбралі прафесію настаўніка, я ўпэўнілася, што яны робяць гэта свядома. Мяркую, што сучасныя студэнты, якія так шчыра расказвалі пра свой універсітэт, стануць сапраўднымі настаўнікамі-прафесіяналамі новага часу, рашучымі і смелымі, крэатыўнымі і неабыякавым і не расчаруюцца ў педагагічнай прафесіі. Ужо як дэпутат Іўеўскай акругі я выказала прапанову аб накіраванні 48-га Зорнага паходу ў школы Лідчыны, Іўеўшчыны, Ашмяншчыны, і мяркую, што ад гэтай акцыі будзе вялікі плён і шмат нашай моладзі свядома выбярэ настаўніцкую прафесію.

— Наталля Генадзьеўна, якія яшчэ дэпутацкія ініцыятывы вы хацелі б рэалізаваць?
— Калі я ішла ў парламент, то разумела, што буду прадстаўляць інтарэсы не толькі сваіх выбаршчыкаў, але і нашага настаўніцтва, падтрымку якога вельмі адчувала. Для перадвыбарнай праграмы выбрала слоган “Наш вектар — развіццё!” і паставіла мэту, дзеля якой я збіраюся працаваць дэпутатам: чалавек павінен быць паспяховым і запатрабаваным, сям’я — шчаслівай і надзейнай, краіна — дынамічна развівацца і быць камфортнай для жыцця, узровень жыцця — дастойным і сучасным, дзяржава — моцнай. Гэта і ёсць кола пытанняў, якія сапраўды хвалююць.
На мой погляд, для паспяховых вынікаў праграмы дэмаграфічнай бяспекі, нам трэба сур’ёзна падумаць пра павышэнне прэстыжу сям’і і шчырых сямейных адносін. Трэба знаходзіць сапраўдныя, трывалыя сем’і, у якіх адказна ставяцца да выхавання дзяцей, вылучаць іх у школе, на рабоце, прапагандаваць, падтрымліваць, заахвочваць, рабіць іх прыкладам. Згадзіцеся, прачытаць перад працоўным калектывам падзячны ліст ад школы за добрае выхаванне дзяцей — гэта не патрабуе вялікіх намаганняў, але затое дае станоўчы вынік і ўздымае настрой. На Ашмяншчыне, напрыклад, калі мы віталі ў раёне пераможцаў алімпіяд ці ўзнагароджвалі дзяцей прэміяй “Надзеі Ашмяншчыны”, на ўрачыстасць заўсёды запрашалі навучэнца, яго настаўніка і бацькоў. Кожны з трох атрымліваў грамату і чуў словы падзякі ў свой адрас. Такім чынам, мы падкрэслівалі каштоўнасць бацькоўскага выхавання, дзякуючы якому і прыйшла гэтая перамога. На школьных дошках пашаны практычна ва ўсіх установах адукацыі побач са здымкамі вучняў-выдатнікаў змешчаны партрэты іх настаўнікаў і бацькоў.
“Усё пачынаецца з сям’і” — такі дэвіз насіла 5-я раённая бацькоўская канферэнцыя, якую мы праводзілі ў сваім раёне. Лічу, што інтэрактыўны фармат штогадовых бацькоўскіх канферэнцый адпавядае патрабаванням бацькоўскага актыву Ашмяншчыны. Прымаць удзел у раённай канферэнцыі пачэсна, на яе абавязкова запрашаюцца кіраўніцтва раёна, прадстаўнікі камісіі па справах непаўналетніх, раённай бальніцы, духавенства. Актыўнымі ўдзельнікамі такіх канферэнцый на працягу 5 гадоў з’яўляюцца старшыні папячыцельскіх саветаў устаноў адукацыі, камісій садзейнічання сям’і і школе, бацькоўскіх камітэтаў, старшыні сельскіх саветаў. Тэматыка канферэнцыі зыходзіць з запыту бацькоў і праблем, акрэсленых школай. У рамках такіх канферэнцый працавалі секцыі бацькоў дашкольнікаў “Усё пачынаецца з сям’і”, бабуль і дзядуляў — “Сувязь пакаленняў: “Унукі і сучасныя бабулі і дзядулі”, матуль — “Што чытаюць нашы дзеці?”, секцыя бацькоў “Сумесны вольны час”.
Нядаўна я ўзяла пад свой патранат дамы сямейнага тыпу, што знаходзяцца ў Іўеўскай акрузе. Іх шэсць. Кожная сям’я мае свой вопыт выхавання, таму імкнуся ствараць з імі канструктыўныя зносіны, сумесна вырашаць жыццёвыя і бытавыя праблемы.
Нагадаю, што пры сустрэчы з А.А.Тозікам, я адрасавала яму пытанне “Ці магчыма даць дзіцячым дамам сямейнага тыпу мікрааўтобусы?”. Мэтазгоднасць такога праекта відавочная, таму, спадзяюся, што мецэнаты з ліку прадпрыемстваў, арганізацый маглі б падключыцца да забеспячэння дзіцячых дамоў сямейнага тыпу транспартам.

— Раскажыце, калі ласка, як вы падтрымліваеце стасункі з выбаршчыкамі?
— Калі я стала працаваць дэпутатам, то неаднаразова сустракалася з педагагічнымі калектывамі і ў Ашмянскім, і ў Лідскім, і ў Іўеўскім раёнах. Зваротная сувязь — вельмі важная, яна дае матывацыю і разуменне правільнасці тваіх дзеянняў. Педагогі падказваюць канкрэтныя пытанні, якія трэба вырашаць. Напрыклад, калектыў Лідскага каледжа сам выйшаў з ініцыятывай запрасіць на сустрэчу дэпутата. Я пачула шмат канструктыўных прапаноў, пытанняў, звярнулася з імі ў Міністэрства адукацыі. Думаю, вынік будзе станоўчы.
Па прапанове старшыні нашай камісіі Генадзя Уладзіміравіча Пальчыка мы арганізуем свой “дэпутацкі” маніторынг практыкі прымянення Кодэкса аб адукацыі. Камісія выйшла з ініцыятывай правядзення парламенцкіх слуханняў па гэтым пытанні. Зараз актыўна разглядаем змяненні і дапаўненні ў асноўны дакумент у галіне адукацыі з пункту гледжання іх мэтазгоднасці і практычнага прымянення, спрашчэння і ўдасканалення прававых адносін у галіне адукацыі.

Інтэрв’ю падрыхтавала Ала КЛЮЙКО.

kliuiko@ng-press.by