Кітай: колькасць кітайскіх студэнтаў за мяжой расце

- 12:28Паралелі

Па статыстычных даных, апублікаваных Міністэрствам адукацыі КНР, у 2014 годзе агульная колькасць кітайскіх студэнтаў, якія навучаюцца за мяжой, дасягнула 459,8 тысячы чалавек. У параўнанні з папярэднім годам прырост склаў 45,9 тысячы чалавек (11,1%). Пры гэтым колькасць студэнтаў на самафінансаванні дасягнула 423 тысяч чалавек.

Згодна з апублікаванымі данымі, 45% кітайскіх студэнтаў выказалі жаданне вучыцца за мяжой яшчэ ў сярэдніх класах школы; 51% студэнтаў пасля заканчэння замежнага ўніверсітэта хочуць вярнуцца на радзіму для ўладкавання на работу. Сярэдні бюджэт для навучання за мяжой складае ад 200 да 500 тысяч юаняў.
Як паказалі вынікі даследавання, большасць кітайскіх студэнтаў і іх бацькоў схіляюцца да навучання ў вядомых ВНУ краін — сусветных лідараў адукацыі. ЗША, Вялікабрытанія, Канада і Аўстралія з году ў год застаюцца асноўнымі “магнітамі” для кітайскіх студэнтаў. Найбольш папулярнымі застаюцца такія напрамкі, як камерцыя, навука і тэхніка, інфармацыйныя тэхналогіі. Усё большую ўвагу прыцягваюць медыя, міжнародныя адносіны, мастацтва і дызайн.
Сярод бацькоў, якія плануюць адправіць дзяцей за мяжу для навучання, 42% складаюць менеджары сярэдняга звяна, 20% — кіраўнікі. Астатнія — бацькі, якія адносяць сябе да групы звычайных работнікаў.
Большасць студэнтаў не плануюць міграцыю. Што тычыцца планаў пасля навучання, то 51% рэспандэнтаў выказалі намер вярнуцца ў Кітай для працаўладкавання, 39% аддаюць перавагу некаторы час папрацаваць за мяжой, а пасля вярнуцца ў Кітай. У 2014 годзе агульная колькасць студэнтаў, якія навучаліся за мяжой і якія вярнуліся ў Кітай, склала 364, 8 тысячы чалавек, што на 3,2% больш у параўнанні з 2013 годам.