Кітайскі дзень у гімназіі

- 10:54Навіны рэгіёнаў

Клас Канфуцыя Гродзенскай гарадской гімназіі № 1 імя акадэміка Я.Ф.Карскага адзначыў першы дзень нараджэння. Год назад клас, дзе вывучаюць мову, культуру, традыцыі Кітая, быў урачыста адкрыты пад эгідай і пры садзейнічанні Інстытута Канфуцыя Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта. На той час гэта быў першы клас Канфуцыя ў сярэдняй навучальнай установе ў краіне.

І да гэтага ўрачыстага моманту ў гімназіі вывучалі кітайскую мову, але адкрыццё класа Канфуцыя зрабіла гэты працэс больш якасным. На першым дні нараджэння класа вучні прадэманстравалі веданне кітайскай мовы, дэкламуючы вершы і спяваючы песні. Усе жадаючыя маглі зазірнуць у клас Канфуцыя і паўдзельнічаць у майстар-класе па завязванні кітайскіх вузельчыкаў. Яго правяла выкладчык-валанцёр, якая ўжо два гады працуе ў гімназіі, Лю Сіньюань. Можна было паспрабаваць свае сілы і ў традыцыйным мастацтве каліграфіі, азнаёміцца з выставай масак Пекінскай оперы і даведацца, што яны азначаюць.

— У гімназіі вывучэнне кітайскай мовы вядзецца на факультатыўных занятках, — расказвае намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Ларыса Шчарбакова. — Разам з нашымі навучэнцамі заняткі наведваюць і вучні гімназій №№ 3 і 9. Сярод дасягненняў гімназістаў — дыплом ІІІ ступені на абласным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па кітайскай мове навучэнца 7 класа Ільі Парфяненкі, які выступаў за 10 клас. А сямікласніца Арына Яраш на гарадской канферэнцыі “Відавочнае — неверагоднае” прадставіла выступленне на кітайскай мове і атрымала дыплом І ступені. Дарэчы, на раённым этапе алімпіяды ў Арыны таксама дыплом І ступені.

Дырэктар гімназіі Барыс Сяброўскі ўручыў гімназістам, якія дасягнулі ў вывучэнні кітайскай мовы высокіх вынікаў, падзячныя лісты. Падзячны ліст і кветкі ад сваіх вучняў атрымала і Лю Сіньюань.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.