Інстытут эканомікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Кітайскі інстытут развіцця заключылі пагадненне аб навуковым супрацоўніцтве. Такая інфармацыя размешчана на сайце НАН.
Інстытут эканомікі НАН наведала дэлегацыя Кітайскага інстытута развіцця і СЗАТ “Кампанія па развіцці індустрыяльнага парка”. Мэтай візіту было абмеркаванне перспектыў супрацоўніцтва. Кітайскі бок прадстаўлялі, у прыватнасці, галоўны выканаўчы дырэктар СЗАТ “Кампанія па развіцці індустрыяльнага парка” Ху Чжэн і віцэ-прэзідэнт Кітайскага інстытута развіцця У Лянчэн. Па выніках перагавораў было падпісана пагадненне аб навуковым супрацоўніцтве паміж інстытутам эканомікі НАН і Кітайскім інстытутам развіцця.
Кітайскі інстытут развіцця — няўрадавы аналітычны цэнтр, заснаваны ў лютым 1989 года па ініцыятыве Дзяржаўнага савета КНР. Ён быў створаны з мэтай экспертна-аналітычнага забеспячэння дзейнасці органаў дзяржаўнага кіравання ў сферы рэалізацыі эканамічнай палітыкі, садзейнічання эканамічным рэформам і адкрытасці Кітая. Таксама Кітайскі інстытут развіцця аказвае кансалтынгавыя паслугі кітайскім і замежным суб’ектам гаспадарання. У снежні 2015 года інстытут быў акрэдытаваны як адзін з 25 лепшых аналітычных цэнтраў Кітая і запрошаны для ўдзелу ў пілотным праекце цэнтральнага ўрада КНР з мэтай садзейнічання станаўленню аналітычных цэнтраў новага тыпу з кітайскай спецыфікай.