Клапатлівыя адносіны да памяці пра ахвяр нацызму — частка беларускай нацыянальнай ідэі

- 10:43Інфармацыйная гадзіна

Кіраўнік беларускай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка і федэральны канцлер Аўстрыі Себасцьян Курс 28 сакавіка адкрылі помнік ахвярам нацызму “Масіў імён” на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу “Трасцянец”.

Помнік “Масіў імён” прысвечаны памяці больш за 10 тысяч аўстрыйскіх грамадзян яўрэйскага паходжання, забітых у Трасцянцы ў 1941—1942 гадах. Аляксандр Лукашэн­ка і Себасцьян Курц устанавілі запаленыя лампады ля манумента “Вароты памяці”.

“Памяць пра загінуўшых у барацьбе за свабоду і незалежнасць Радзімы, за вызваленне планеты ад карычневай чумы, памяць пра ахвяр нацызму для нашага народа свяшчэнная. Клапатлівыя адносіны да яе сталі часткай нацыянальнай ідэі”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Па словах прэзідэнта, усведамленне ўрокаў Другой сусветнай вайны знаходзіць адлюстраванне і ў міралюбівай знешняй палітыцы Беларусі, у паслядоўным і шчырым імкненні беларусаў уносіць свой уклад ва ўрэгуляванне канфліктаў, зніжэнне напружанасці праз садзейнічанне дыялогу і супрацоўніцтву ў рэгіёне і свеце.

“Народы Беларусі і Аўстрыі, як і ўсе народы Еўропы, перажылі агульную крывавую трагедыю Другой сусветнай вайны. Мільёны грамадзян нашых краін сталі ахвярамі нацысцкай палітыкі генацыду. Сёння нас аб’ядналі боль памяці і покліч сумлення, маральны і чалавечы абавязак, адказнасць за лёсы будучых пакаленняў”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Ён адзначыў, што злачынствы, здзейсненыя гітлераўцамі, уражваюць сваёй загранічнай бязлітаснасцю. Вар’яцкія, антыгуманныя ідэі фашыстаў увасобіліся ў дзяржаўнай палітыцы Трэцяга рэйха. Для “пашырэння жыццёвай прасторы на Усход” былі распрацаваны падрабязныя планы. Яны абапіраліся на дасягненні навукова-тэхнічнага прагрэсу і жахалі сваёй педантычнасцю. Расавыя законы прызналі непатрэбным існаванне мільёнаў людзей.

“Невыпадкова канцэнтрацыйныя лагеры нацыстаў называюць фабрыкамі смерці. Забойства людзей у іх было пастаўлена на паток. Такая фабрыка, адна з найбуйнейшых у Еўропе, знаходзілася тут, у Малым Трасцянцы. На гэтай самай зямлі была праліта кроў многіх дзясяткаў тысяч невінаватых ахвяр, сярод якіх дэпартаваныя грамадзяне з краін Еўропы, мірныя жыхары, партызаны, падпольшчыкі і савецкія ваеннапалонныя”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт канстатаваў, што для беларусаў гады акупацыі сталі адной з самых трагічных старонак у гісторыі. “Таму дзень вызвалення нашай зямлі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў — гэта наша галоўнае дзяржаўнае свята, Дзень Незалежнасці. Такое ж важнае, як Дзень Перамогі”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Федэральны канцлер Аўстрыі Себасцьян Курц у сваім выступленні адзначыў, што мемарыяльны комплекс “Трасцянец” падкрэслівае прыхільнасць дэвізу “Ніколі зноў”.

“Мы схіляемся перад незлічонымі ахвярамі з Аўстрыі, Германіі, Польшчы, Чэхіі, ахвярамі з Беларусі. Мы ніколі не забудзем гэтае месца і яго назву. Мы лічым, што яно павінна служыць перасцярогай, падкрэсліць нашу прыхіль­насць дэвізу “Ніколі зноў”, — сказаў Себасцьян Курц.

Па яго словах, Малы Трасцянец у Аўстрыі доўгі час заставаўся невядомым. Толькі праз шмат гадоў пасля заканчэння вайны пачалі гаварыць пра гэтае месца. “Месца, дзе здзяйсняліся незлічоныя злачынствы. Злачынствы супраць чалавечнасці. Злачынствы, дэталі якіх мы можам сёння даследаваць і назваць, аднак не можам зразумець”, — адзначыў федэральны канцлер.

“Афіцыйная Аўстрыя — я, на жаль, вымушаны гэта прызнаць — вельмі доўгі час уносіла свой уклад у тое, што мы настолькі доўга так мала ведалі пра гэтую трагедыю. Мы пазбягалі адказнасці, аднак сёння мы зрабілі важны крок да таго, каб памятаць пра тыя падзеі, якія адбываліся тут, памятаць пра тых людзей, яўрэяў, яўрэяк, у якіх спачатку адабралі маёмасць, а потым іх свабоду, у рэшце рэшт адабралі тут іх жыццё”, — падкрэсліў ён.

Себасцьян Курц звярнуў увагу, што гэтыя людзі былі забіты масава і пахаваны ў масавых магілах — так у іх паспрабавалі адабраць іх імёны. “Аднак сёння, хаця мы і не можам зрабіць так, каб таго, што здарылася, не адбылося, мы можам захоўваць памяць пра гэтых людзей і ніколі іх не забудзем”, — заявіў канцлер.

Пасля выступлення перад прыстунымі Прэзідэнт Беларусі і федэральны канцлер Аўстрыі пад гукі жалобнай музыкі ўсклалі кветкі да помніка “Масіў імён” і хвілінай маўчання ўшанавалі памяць загінуўшых.