Клімат — справа навукі і кожнага чалавека

- 13:36Вышэйшая школа

На пачатку лютага адбылася першая арганізацыйная анлайн-нарада ў рамках міжнароднага праекта “Сінергія адукацыйных, навуковых, кіраўніцкіх і прамысловых кампанентаў для кіравання кліматам і прадухілення змены клімату” праграмы Еўрасаюза Erasmus+. У праекце ўдзельнічаюць 12 універсітэтаў з Італіі, Германіі, Украіны, Грузіі, Літвы, Латвіі, Беларусі.

Беларусь у праекце прадстаўляюць Палескі дзяржаўны ўніверсітэт і Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы. Аб праекце, яго мэтах і рэалізацыі ў купалаўскім універсітэце гутарым з загадчыкам кафедры экалогіі Галінай ЮХНЕВІЧ.

— Галіна Генадзьеўна, як ГрДУ стаў удзельнікам такога значнага праекта? Ці вяліся раней даследчыя работы, звязаныя з кліматам?

— Наш універсітэт і факультэт біялогіі і экалогіі маюць вялікі вопыт удзелу і рэалізацыі міжнародных праектаў. На працягу многіх гадоў выкладчыкі кафедры экалогіі праводзяць навуковыя даследаванні ў галіне экалагічнага маніторынгу наземных і водных экасістэм, змяненняў біяцэнозаў ва ўмовах глабальнага пацяплення, экалагічнага выхавання і адукацыі ў інта­рэсах устойлівага развіцця.

На кафедры распрацаваны вучэбныя праграмы па экалагічным маніторынгу і Орхускай канвенцыі для розных мэтавых груп; у рамках праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Далучэнне грамадскасці да экалагічнага маніторынгу і паляпшэння кіравання аховай навакольнага асяроддзя на мясцовым узроўні” рэалізавана экалагічная ініцыятыва “Устойліваму развіццю — актыўнасць Гродна”.

Кафедра арганізуе штогадовую Міжнародную навукова-практычную канферэнцыю “Актуальныя праблемы экалогіі”. У рамках Праграмы Балтыйскага ўніверсітэта на базе факультэта біялогіі і экалогіі прайшоў семінар “Пераасэнсаванне педагогікі дзеля ўкаранення адукацыі для ўстойлівага развіцця ў Балтыйскім рэгіёне”.

Міжнародны праект “Сінергія адукацыйных, навуковых, кіраўніцкіх і прамысловых кампанентаў для кіравання кліматам і прадухілення змены клімату”, рэалізацыю якога распачаў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт, стаў адным з пераможцаў конкурсу праграмы Еўрасаюза Erasmus +.

— На які час разлічаны праект і якія вынікі плануеце атры­маць?

— Мэта міжнароднага праекта — спрыяць універсітэтам Грузіі, Украіны і Беларусі, каб яны сталі цэнтрамі развіцця даследаванняў у галіне кіравання кліматам для паскарэння інтэграцыі ў глабальны кліматычны рынак. Гаворка ідзе пра глабальнае кліматычнае рэгуляванне з выкарыстаннем лепшых еўрапейскіх практык у галіне прадухілення змены клімату, адаптацыі і змякчэння наступстваў.

Праект разлічаны на 3 гады. Яго рэалізацыя пачалася ў лістапа­дзе 2020 года і працягнецца да кастрычніка 2023 года.

У рамках праекта плануецца абнавіць існуючую праграму магістратуры па спецыяльнасці “Экалогія”. Дзеля гэтага бу­дзе распрацаваны міждысцыплінарны вучэбны модуль “Кіраванне кліматам”. Выпускнікі магістратуры змогуць не толькі вырашаць асобныя задачы ў галіне прадухілення змены клімату, адаптацыі і змякчэння наступстваў, але і распрацоўваць сістэмы для найбольш эфектыўнага кіравання і кантролю за сацыяльна-эканамічнымі і бізнес-працэсамі ў гэтай сферы.

Плануюцца вучэбныя візіты выкладчыкаў і магістрантаў ГрДУ імя Янкі Купалы ў еўрапейскія ўніверсітэты-партнёры. Такім чынам яны пашыраць свае веды аб мерапрыемствах па скарачэнні выкідаў парніковых газаў і мінімізацыі наступстваў глабальнага пацяплення.

Адна з мэт праекта — стварэнне ў ГрДУ кансультацыйнага Цэнтра кіравання кліматам. Яго дзейнасць будзе скіравана на асветніцкую работу для розных слаёў насельніцтва, у тым ліку школьнікаў, інфармаванне аб асноўных крыніцах выкідаў парніковых газаў.

Кансультацыйны цэнтр будзе цесна супрацоўнічаць з Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, мясцовымі ўладамі, прадпрыемствамі — крыніцамі выкідаў парніковых газаў, няўрадавымі экалагічнымі арганізацыямі і іншымі зацікаўленымі бакамі. Таксама ён будзе падтрымліваць стварэнне і развіццё студэнцкіх стартапаў, рэалізацыю бізнес-праектаў, арыентаваных на ахову навакольнага асяроддзя.

— Галіна Генадзьеўна, якія праблемы клімату, на вашу думку, з’яўляюцца сёння найбольш актуальнымі для нашай краіны? Што кожны чалавек павінен рабіць для памяншэння негатыўнага ўплыву на змяненне клімату?

— Адмоўным наступствам змянення клімату для нашай краіны з’яўляецца, перш за ўсё, нераўнамернасць выпадзення ападкаў. Таксама надта хутка пачало мяняцца асяроддзе пражывання раслінных і жывёльных арганізмаў.

Перыяды экстрэмальнай спёкі становяцца больш частымі і працяглымі, што выклікае недамаганне ў людзей, якія пакутуюць ад высокіх тэмператур. Асабліва ўразлівымі з’яўляюцца жыхары гарадоў, дзе заўсёды цяплей, чым на прыро­дзе. Сезон цвіцення і, адпаведна, алергіі падаўжаецца, што аказвае негатыўны ўплыў на дыхальную сістэму людзей, звышадчувальных да пэўных відаў раслін. Негатыўным водгукам прыроды на кліматычныя змены стала павелічэнне інфекцыйных захворванняў.

Наш будучы свет цалкам залежыць ад таго, якія захады ў дачыненні да навакольнага асяроддзя мы прымем сёння. Для скарачэння выкідаў вуглякіслага газу патрэбны змены ў ладзе жыцця кожнага чалавека. Набывайце мясцовую прадукцыю, пазбягайце прадуктаў, якія прайшлі працяглую транспарціроўку. Купляйце якасныя рэчы і рабіце іх даўгавечнымі. Выбірайце самую энергаэфектыўную бытавую тэхніку. Не выходзьце з дому без шматразовага кубачка — так вы паказваеце, якім чынам можна скараціць коль­касць смецця.

— Дзякуй, Галіна Генадзьеўна, за размову і за тое, што пачынаеце такі цікавы праект. Сапраўды, вялікая справа па захаванні прыроды і клімату можа пачынацца з малой справы кожнага чалавека. Поспеху ўсім нам на гэтым шляху.

Гутарыла Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.