Клопат пра крыніцы

- 11:00Якасць адукацыі

Будучыя геаэколагі з БарДУ дапамагаюць крыніцам Баранавіцкага раёна адрадзіць прыродную сілу. Дзякуючы намаганням студэнтаў, колькасць крыніц у рэгіёне павялічылася ў паўтара разу. 

— Крыніцы ўяўляюць сабой натуральны выхад падземных вод на паверхню і з’яўляюцца каштоўным прыродным рэсурсам, часткай сусветнага запасу прэснай вады, які сілкуе ручаі і рэкі, — расказвае старшы выкладчык кафедры прыродазнаўчанавуковых дысцыплін БарДУ Уладзімір Зуеў. — Будучыя геаэколагі не першы год вывучаюць водныя аб’екты Баранавіцкага раёна, у прыватнасці праводзяць гідраэкалагічныя даследаванні крыніц. На тэрыторыі рэгіёна налічваецца звыш 60 крыніц (гэта больш, чым у іншых раёнах Брэстчыны), прычым каля 20 з іх былі апісаны за апошнія 2 гады. Гэта пераважна тыя крыніцы, знаходжанне якіх вядома толькі мясцовым жыхарам. Даволі часта яны не добраўпарадкаваны і знаходзяцца ў цяжкадаступных мясцінах. 

Студэнты вывучаюць уласцівасці водных аб’ектаў, якасць і склад вады, усталёўваюць шыльдачкі з QR-кодамі, перайшоўшы па якіх можна трапіць на сайт barturizm.by з падрабязным апісаннем кожнай крыніцы і хімічнага складу вады ў ёй. Пашпарты, аформленыя на крыніцы, будуць перададзены ў Цэнтральны навукова-даследчы інстытут комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў. 

Адной з першых крыніц, у добраўпарадкаванні якой удзельнічалі студэнты, стала крыніца непадалёк вёскі Рагозніца, размешчаная на беразе ракі Мышанкі сярод драбналістага лесу і вядомая старажылам яшчэ з пачатку мінулага стагоддзя. За крынічнай вадой сюды прыходзілі з суседніх вёсак. У пасляваенныя гады крыніца паступова прыйшла ў занядбаны стан. У 2015 годзе валанцёры ўніверсітэцкага эколага-краязнаўчага грамадскага аб’яднання “Неруш” расчысцілі крыніцу, умацавалі сценкі вадазборнай чашы і добраўпарадкавалі яе ваколіцы. Па выніках рэгулярных даследаванняў, крынічная вада валодае добрымі арганалептычнымі і стабільнымі гідрахімічнымі паказчыкамі, нягледзячы на блізкасць сельскагаспадарчых угоддзяў.

З таго часу студэнты праводзяць аналагічную работу і ў іншых мясцінах раёна. Нядаўна валанцёры расчысцілі непадалёк вёскі Падгорная яшчэ дзве крыніцы, здаўна вядомыя тутэйшым жыхарам як Лявонавы.

— Цяжка перадаць эмоцыі ад сузірання чыстай вады, якая выходзіць з пясчанага рэчышча крыніц, — гаворыць Уладзімір Зуеў. — У найбліжэйшы час студэнты разам з мясцовымі жыхарамі расчысцяць урочышча крыніц ад паваленых дрэў і прывядуць у парадак прылеглую тэрыторыю, прымацуюць шыльдачку з QR-кодам і абсталююць больш зручны падыход да крыніц, якія могуць стаць яшчэ адной славутасцю вёскі, дзе ёсць таксама Свята-Антоніеўская царква з унікальнымі роспісамі, каскад крыніц на рацэ Гаральянцы і адзіны вядомы ў раёне камень-следавік — Святы (Асілкавы) камень.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.