У Беларусі разлічваюць, што Вашынгтон адмовіцца ад палітычнай інерцыі ў адносінах да краіны. Аб гэтым гаворыцца ў артыкуле міністра замежных спраў Уладзіміра Макея ў часопісе “Беларуская думка”, прысвечаным 25-годдзю знешняй палітыкі незалежнай Беларусі.
“Цяпер у адносінах з ЗША намецілася станоўчая дынаміка.
Адменены санкцыі супраць “Беларуснафты”, “Белтэхэкспарту”, “БелОМА”, зняты перашкоды для работы Беларускай калійнай кампаніі на амерыканскім рынку. Вашынгтон адмовіўся ад дзеючай раней негатыўнай рэкамендацыі сваім бізнесменам і інвестарам адносна работы з нашай краінай, падтрымлівае ўступленне Беларусі ў СГА, не перашкаджае развіццю сувязей паміж рэгіёнамі. Мы традыцыйна супрацоўнічаем у галіне ядзернай і радыяцыйнай бяспекі, абароны правоў інтэлектуальнай уласнасці”, — гаворыцца ў артыкуле.
Кантактуюць і праваахоўныя органы дзвюх дзяржаў, у прыватнасці па лініі барацьбы з кіберзлачыннасцю. Дасягнута дамоўленасць аб пачатку беларуска-амерыканскага эканамічнага дыялогу. Павысілася вядомасць Беларусі ў ЗША сярод палітыкаў, бізнесменаў, простых грамадзян. “Усё гэта выклікае асцярожны аптымізм і надзею на тое, што з прыходам да ўлады новай амерыканскай адміністрацыі з’явілася магчымасць калі не пачаць з чыстага ліста, то як мінімум ажыццявіць перазагрузку нашых адносін. І, вядома ж, вельмі хацелася б, каб Вашынгтон адмовіўся ад палітычнай інерцыі ў адносінах да нашай дзяржавы”, — адзначыў міністр.
Ключавая задача на перспектыву — далейшая актывізацыя дыялогу са Злучанымі Штатамі Амерыкі. Гэта прынцыпова важна пры разуменні, што ЗША дэ-факта застаюцца супердзяржавай, якая ў многім вызначае ход сусветных падзей.
Уладзімір Макей таксама закрануў тэму ўзаемадзеяння Беларусі з НАТА, нагадаўшы, што яшчэ ў 1995 годзе краіна падключылася да праграмы “Партнёрства дзеля міру”. Беларусь развівае супрацоўніцтва з Паўночнаатлантычным альянсам у такіх галінах, як грамадзянскае надзвычайнае планаванне, крызіснае рэагаванне, ваенная адукацыя, кантроль над узбраеннямі, барацьба з міжнародным тэрарызмам і транснацыянальнай арганізаванай злачыннасцю, процідзеянне распаўсюджванню зброі масавага знішчэння, падрыхтоўка да ўдзелу ў міратворчых і гуманітарных аперацыях, медыцынскае забеспячэнне.
“Так, для Беларусі непрымальны шэраг дзеянняў, якія робяцца апошнім часам НАТА. Але на гэтыя выклікі неабходна рэагаваць спакойна, цвёрда, прадумана. У рамках нашых абавязацельстваў перад бліжэйшымі партнёрамі, але адначасова зыходзячы з рэальных абставін, а не штучна мадэлюемых радыкальных сцэнарыяў”, — падкрэсліў міністр.
Міністр замежных спраў Уладзімір Макей таксама даў інтэрв’ю тэлерадыёкампаніі “Мір”, у якім пракаменціраваў і пытанне аб адносінах Беларусі і НАТА. “Чамусьці натаўцы, прадстаўнікі шэрага суседніх з намі краін і краін НАТА вельмі заклапочаны, напрыклад, беларуска-расійскімі вучэннямі “Захад-2017”, якія маюць адбыцца. З іх пункту гледжання, гэтыя вучэнні маюць агрэсіўны характар, нібыта ў выніку гэтых вучэнняў плануецца нападзенне на нейкія суседнія дзяржавы. З беларускага боку ніколі не ішла пагроза і не будзе ісці. Мы з’яўляемся дзяржавай, якая не стварае праблемы некаму, а, наадварот, уносіць свой уклад у гарантаванне стабільнасці і бяспекі ў рэгіёне. Беларусь — адзіная дзяржава на постсавецкай прасторы, дзе не было ніякіх узброеных канфліктаў. Мы не маем ніякіх тэрытарыяльных прэтэнзій адно да аднаго. Таму мы маем намер прадаўжаць гэтую лінію ў далейшым. Наша пазіцыя ў тым, што трэба пераходзіць ад ваяўнічай рыторыкі, якая можа прывесці нас да скочвання да часоў халоднай вайны, да нармальных, дыпламатычных метадаў вырашэння любых праблем, у тым ліку і ў сферы бяспекі, ваенна-палітычнай сферы. Толькі такім чынам мы зможам вырашыць існуючыя неразуменне і заклапочанасць адно з адным”, — падкрэсліў ён.