У бягучым годзе Беларусь адзначае 500-годдзе беларускага кнігадрукавання. Па ўсёй краіне праходзяць мерапрыемствы, прысвечаныя гэтай падзеі. Не засталася ўбаку і дзяржаўная ўстанова адукацыі “Спецыяльны дзіцячы сад № 21 Гродна для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення”. Цяжка пераацаніць ролю кнігі ў жыцці чалавека, а тым больш яе значэнне для дзяцей увогуле і для дзяцей, якія маюць моўныя парушэнні, у прыватнасці. Дзяцінства — гэта той час, калі яшчэ сапраўды можна ператварыць кнігу ў сябра на ўсё жыццё!
Таму наша ўстанова адукацыі з задавальненнем прыняла ўдзел у дабрачыннай акцыі “Падары кнізе другое жыццё”, якая праводзілася кіраўніцтвам МУС Рэспублікі Беларусь. Супрацоўнікі Кастрычніцкага аддзела Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь Гродна сабралі ўласнымі сіламі больш за 50 кніг і падарылі нашым выхаванцам. Выдатныя, ілюстраваныя кнігі такіх вядомых дзіцячых аўтараў, як В.Біянкі, М.Носаў, А.Барто, С.Маршак і інш., знайшлі сваіх новых юных чытачоў.
Прадстаўнікі аддзела аховы завіталі ў наш сад і перадалі сабраныя кнігі. Дзеці радасна разбіралі ярка ілюстраваныя выданні. Таксама выхаванцы не ўпусцілі магчымасць пагутарыць з гасцямі, задавалі пытанні, з вялікай цікавасцю ўспрымалі кожнае слова.
Магчыма, каб падарыць дзецям вось такія хвілінкі радасці, падобныя мерапрыемствы варта праводзіць па-за рамкамі якіх-небудзь акцый, а проста па загадзе сэрца…
Наталля МІХАЛКЕВІЧ,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці спецыяльнага дзіцячага сада № 21 Гродна
для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення.