Кола памяці

- 15:14Родная земля, Рознае

Лёзненскі раён з’яўляецца своеасаблівым лідарам у краіне па колькасці помнікаў і абеліскаў, пастаўленых у гонар воінаў-вызваліцеляў, на месцах баявой славы. Іх тут 600, а яшчэ 86 воінскіх пахаванняў, у якіх знайшлі спачын больш за 30 тысяч чырвонаармейцаў і партызан. Усе гэтыя аб’екты ўключаны ў турыстычны маршрут “Кола памяці і славы Лёзненскага раёна”. Маршрут — візітоўка краю. Напярэдадні Дня ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны пазнаёмімся з асноўнымі аб’ектамі гэтай візітоўкі.

Кожны другі

На заўтра, 22 чэрвеня, у кожнага з нас свае планы. У кагосьці — канікулы, а значыць, запланаваны сустрэчы з сябрамі, рыбалка або нават велападарожжа пад высокім летнім небам, у іншых — законны адпачынак, нехта прачнецца з першымі промнямі сонца, заправіць ложак, паснедае і адправіцца на працу. 75 гадоў назад у беларусаў былі прыкладна такія ж планы, пра вайну ніхто не думаў. У школах толькі-толькі скончыліся выпускныя экзамены і раніцай у нядзелю, 22 чэрвеня 1941 года, тысячы выпускнікоў сустракалі першы світанак дарослага жыцця. Ці ведалі юнакі і дзяўчаты, што для многіх з іх гэтае жыццё будзе кароткім? Нехта загіне ў першыя гадзіны вайны ад бамбёжак, нехта — у першыя дні падчас баёў, нехта трапіць у акружэнне, потым у лагер для ваеннапалонных, а яго родныя атрымаюць ліст: “Прапаў без вестак”. Нехта будзе спалены разам з аднавяскоўцамі ў адрыне, нехта будзе закатаваны ў канцлагеры, нехта загіне на фронце на берагах далёкай Эльбы або Одара. А некаму ўсё ж пашчасціць дажыць да пераможнага мая 1945 года.


Раней пра страты нашых землякоў у гады Вялікай Айчыннай вайны гаварылі “кожны чацвёрты”, цяпер — “кожны трэці”, а вось Лёзненшчыну ў гэтым плане варта ахарактарызаваць выразам “кожны другі”. І гэта нягледзячы на тое, што значная частка раёна была вызвалена ўжо ў кастрычніку 1943 года. Менавіта адсюль (было яшчэ некалькі стратэгічных пунктаў на беларускай зямлі) праз 9 месяцаў пачыналася знакамітая наступальная аперацыя “Баграціён”. Лёс Лёзненшчыны ў гады вайны даволі ўнікальны. Неразбярыха ў першыя тыдні, потым акупацыя, партызанскі рух, нарэшце, вызваленне, потым пазіцыйныя баі на працягу 9 месяцаў, потым зноў вызваленне. Багатая на падзеі ваенная гісторыя прадвызначыла галоўны кірунак грамадзянска-патрыятычнага выхавання навучэнцаў.

Цэнтр выхавання

Яшчэ гадоў 5 назад падчас ваенных камандзіровак у аддзелах адукацыі, спорту і турызму мне абавязкова прапаноўвалі сустрэцца з ветэранамі вайны. І цяпер добра памятаю 2010 год, месяц май, гарадскі пасёлак Акцябрскі Гомельскай вобласці, падворак ветэрана вайны і педагагічнай працы, заслужанага настаўніка БССР Ефрасінні Паўлаўны Зінчанка, які ўвесь усыпаны жоўтымі дзьмухаўцамі. На гэтым незвычайным
жоўтым дыване разам з вучнямі і настаўнікамі сярэдняй школы № 2 Акцябрскага мы цэлую гадзіну слухалі ўспаміны ветэрана пра жыццё ў знакамітай Рудабельскай партызанскай рэспубліцы. На жаль, гады не дадаюць ветэранам здароўя, таму ўсё часцей з баявой біяграфіяй герояў даводзіцца знаёміцца праз экспанаты: старыя фотаздымкі, узнагародныя лісты.

Гэтых фотаздымкаў, узнагародных лістоў, іншых матэрыялаў ваеннага часу ў гісторыка-краязнаўчым музеі народнай славы сярэдняй школы № 1 Лёзна захоўваецца каля 6 тысяч адзінак асноўнага і дапаможнага фонду. Пагадзіцеся, не кожны раённы музей сістэмы культуры можа ганарыцца такой колькасцю экспанатаў, а тут школьны музей, экспазіцыя якога знаходзіцца ў двух адносна невялікіх па плошчы памяшканнях. Колькасць экспанатаў яскрава сведчыць пра актыўнасць пошукавай работы, якую больш за 40 гадоў сумесна з вучнямі — удзельнікамі школьнага клуба “Памяць” вядзе Ніна Канстанцінаўна Ціхамірава.

Першы раздзел экспазіцыі музея — гісторыка-этнаграфічны. Тут размешчаны прадметы побыту і даўніны лёзненцаў. Асноўная частка экспанатаў адносіцца да перыяду Вялікай Айчыннай вайны і размешчана ў наступных раздзелах: “Пачатак Вялікай Айчыннай вайны. Акупацыя”, “Партызанскі рух на Лёзненшчыне”, “Вызваленне Лёзна і Лёзненскага раёна”, “Героі Савецкага Саюза”, “Група “Пошук-47”, “Гісторыя школы”, “Іх лёс у лёсе краіны”, “Яны загінулі за Радзіму”, “Афганістан — боль мой”, “Абарона Айчыны — ганаровая прафесія”, “Героі Сацыялістычнай Працы і славутыя працаўнікі Лёзненскага раёна”.


Юнымі экскурсаводамі пад кіраўніцтвам Ніны Канстанцінаўны праводзіцца актыўная пошукавая работа. Савет музея рэгулярна ўдзельнічае ў акцыях “Дзякуй салдатам перамогі за тое, што не ведаем вайны”, “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”, у аглядах-конкурсах школьных музеяў. У мінулым годзе Лёзненскі музей народнай славы прадстаўляў Віцебскую вобласць на XVI Рэспубліканскай выставе навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі і быў узнагароджаны дыпломам Міністэрства адукацыі. У скарбонцы музея — шэраг іншых узнагарод, дыпломаў, грамат, падзячных лістоў. Экспазіцыя рэгулярна папаўняецца каштоўнымі матэрыяламі дзякуючы супрацоўніцтву музея з саветамі ветэранскіх арганізацый воінскіх злучэнняў, якія вызвалялі Лёзна і ўдастоены ганаровага наймення “Лёзненскі”, а таксама са шматлікімі грамадскімі арганізацыямі Беларусі і Расіі.

— Сярод найбольш каштоўных прадметаў, якія нядаўна паступілі да нас у экспазіцыю, — сшытак-песеннік з рукапіснымі тэкстамі ветэрана вайны і працы Аляксандры Дзмітрыеўны Вінаградавай, рукапіс аповесці “Танкавы прарыў” удзельніка вызвалення Лёзна Рыгора Дзмітрыевіча Навумчанкі і яго кіцель. Дарэчы, сумесна з Кірылам Канышковым ён устанавіў сцяг на будынку царквы ў Лёзне 9 кастрычніка 1943 года, што абвясціла аб пачатку вызвалення нашай шматпакутнай Беларусі. Сярод іншых паступленняў — копіі двух фотаальбомаў са здымкамі даваеннага перыяду былой падпольшчыцы Надзеі Ільінічны Гур’янковай-Марцецкай, успаміны ветэрана 158-й стралковай дывізіі Васіля Ільіча Аўдзеева, партрэт Героя Савецкага Саюза Міхаіла Аляксеевіча Ягорава, трафейны франтавы гармонік, труба ваеннага духавога аркестра з Брэста перыяду Вялікай Айчыннай вайны. За 2014/2015 навучальны год у музеі праведзены 63 тэматычныя экскурсіі, 15 аглядных, 19 комплексных гутарак, сустрэч, урокаў. За гэты перыяд музей наведаў 2241 чалавек. У нашым арсенале такія формы работы, як урокі мужнасці, урачысты прыём у піянеры, канцэрты-вячоркі для ветэранаў з выкананнем народных і франтавых песень, наведванне сацыяльнага прытулку, — паведаміла кіраўнік музея Ніна Канстанцінаўна Ціхамірава.

Важнае значэнне ў рабоце музея адводзіцца міжнароднаму супрацоўніцтву. Так, з 1985 года па ініцыятыве лёзненскага музея праведзена 17 міжнародных злётаў саветаў музеяў і Савета ветэранаў 158-й Лёзненска-Віцебскай стралковай дывізіі. У ходзе пошукавай і даследчай работы падрыхтаваны багаты матэрыял у раённую кнігу “Памяць”. Па хадайніцтве савета музея ў кастрычніку 1983 года з нагоды 40-й гадавіны вызвалення Лёзна на ўзбочыне шашы Смаленск — Віцебск быў устаноўлены помнік — танк Т-34. Яшчэ адна ініцыятыва Ніны Канстанцінаўны — урачыстае ўсталяванне 8 мая 2014 года на будынку раённага ваенна-гістарычнага музея барэльефнай мемарыяльнай пліты “Ваеннаму пакаленню Лёзненшчыны ад удзячных нашчадкаў”. Савет музея ініцыіраваў і адкрыццё ў райцэнтры Алеі Герояў Лёзненшчыны.

Абеліск на карце

Частка летніх канікул для Ніны Канстанцінаўны, яе калег і юных экскурсаводаў з 1-й школы Лёзна праходзяць у своеасаблівым стылі — ваенна-экскурсійным. Менавіта ў летні перыяд праводзяцца традыцыйныя зорныя паходы па месцах баявой славы па маршруце “Кола памяці і славы Лёзненскага раёна”. Абавязковым пунктам падарожжа з’яўляецца знакамітая Ціхмянаўская вышыня, якая знаходзіцца ў ваколіцах вёскі Бабінавічы. Устанаўленне мемарыяла на гэтай вышыні адбылося ў далёкім 1972 годзе дзякуючы намаганням былога кіраўніка музея баявой славы Бабінавіцкага ясляў-сада — базавай школы Галіны Аляксандраўны Цімчанка.


Летні камандзіровачны дзень доўгі, аднак часу для грунтоўнай гутаркі з тымі, хто працуе на нябачным фронце захавання памяці пра подзвіг нашага народа, як заўсёды, не хапае. Не будзем губляць часу і дзякуючы транспартнай падтрымцы кіраўніцтва аддзела адукацыі, спорту і турызму Лёзненскага райвыканкама адправімся ў Бабінавічы ў самы старэйшы школьны музей раёна і адзін са старэйшых у краіне (яго экспазіцыя была ўрачыста адкрыта яшчэ ў 1965 годзе). Падымемся мы і на знакамітую вышыню, дзе ў лютым 1944 года на працягу 14 гадзін 38 мінамётчыкаў пад камандаваннем старшага лейтэнанта Леаніда Паўлавіча Ціхмянава абаранялі ад варожых салдат колькасцю каля 800 чалавек безыменную вышыню.

— Наш музей па праве лічыцца старэйшым музеем Лёзненскага раёна. Афіцыйна ён быў адкрыты 9 мая 1965 года, а першыя экспанаты з’явіліся яшчэ ў далёкім 1954 годзе. Усяго ў нас налічваецца ў асноўным і дапаможным фондзе па стане на канец 2015 года 2521 экспанат. У асноўным фондзе, непасрэдна ў экспазіцыі, — 712 экспанатаў. Усе яны сабраны вучнямі-краязнаўцамі нашай школы пад кіраўніцтвам ветэрана педагагічнай працы былой настаўніцы гісторыі і геаграфіі Галіны Аляксандраўны Цімчанка. У мінулым годзе яна, дарэчы, адзначыла 90-гадовы юбілей. Гэта чалавек, які прысвяціў музею не толькі свой працоўны і вольны час, але і аддаў яму сваё сэрца. У 2003 годзе Галіна Аляксандраўна перадала мне музейную эстафету, — паведаміла кіраўнік музея Дзіна Анатольеўна Багдановіч.


Гісторыя не заўсёды справядлівая. Узяць, напрыклад, Бабінавічы. Сёння гэты населены пункт мае статус аграгарадка, а калісьці, гадоў гэтак 200 назад, гэта быў горад з адметным планам забудовы і сваім гербам. Праз яго праходзіў шлях з Магілёва на Санкт-Пецярбург, таму нядзіўна, што мясцовымі краявідамі любаваліся многія знакамітыя людзі. Той жа Аляксандр Сяргеевіч Пушкін праязджаў тут па дарозе ў ссылку. Пра што думаў паэт? Можа, менавіта ў Бабінавічах у яго нарадзіліся знакамітыя радкі якой-небудзь паэмы або верша? Пра што думаў Напалеон, калі спыняўся на начлег у заможнага мясцовага купца? Аб чым маліліся ўдзельнікі ўрачыстага хроснага ходу з мошчамі Ефрасінні Полацкай, якія пераносіліся праз Бабінавічы ў пачатку ХХ стагоддзя з Кіева-Пячэрскай лаўры ў старажытны полацкі манастыр? Пра што думалі 50 сем’яў бабінавіцкіх яўрэяў, якіх карнікі вялі ў 1941 годзе па цэнтральнай вуліцы на расстрэл? Пра што думалі байцы 153-й стралковай дывізіі, калі з баямі прарываліся з акружэння ў ліпені 1941 года? Пра што думалі ў апошнія хвіліны свайго жыцця каля 3 тысяч салдат і афіцэраў Чырвонай Арміі, якія пахаваны ў брацкай магіле на былой касцельнай гары ў самым цэнтры Бабінавіч? Думкі, лёс, подзвіг гэтых людзей і вывучаюць на працягу больш чым 60 гадоў педагогі і навучэнцы Бабінавіцкай школы.

Збор экспанатаў — гэта толькі частка пошукавай работы, якая актыўна праводзіцца юнымі даследчыкамі. Асноўны кірунак апошніх гадоў — устанаўленне імёнаў салдат і афіцэраў, якія пахаваны ў брацкай магіле. Гэтая работа пачалася адразу пасля прыходу ў школу Галіны Аляксандраўны, з 1954 года. Тады ў многіх былі на руках пахавальныя часоў Вялікай Айчыннай вайны, людзі звярталіся ў Бабінавіцкі сельсавет з просьбай назваць месца пахавання мужа, бацькі, сына. Сельсавет у сваю чаргу звяртаўся ў школу да Галіны Аляксандраўны. На касцельнай гары, дзе да вайны стаяў храм, перахоўвалі салдат з адзіночных і невялікіх брацкіх магіл па ваколіцах Бабінавіч. Першыя перапахаванні адбыліся ў 1965 годзе. Да 2012 года на могілках налічвалася 1336 чалавек. Са снежня 2012 года Дзіна Анатольеўна разам з вучнямі далучылася да рэспубліканскай аперацыі “Абеліск на карце раёна”. Дзякуючы інтэрнэт-рэсурсам, архіўным дакументам, перапісцы з роднымі чырвонаармейцаў былі знойдзены сотні імёнаў. На брацкай магіле ўстаноўлены новыя шыльды, і цяпер на плітах замест першапачатковых 1366 імёнаў — 2622 імені. Актыўная пошукавая работа навучэнцаў адзначаецца на высокім узроўні. Так у мінулым годзе старшыня савета музея Васіль Кудраўцаў заняў І месца на Рэспубліканскім конкурсе творчых работ “Наш падарунак Перамозе” акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”. Дзейнасць школьнага музея адзначана і дыпломам Міжнароднай асацыяцыі грамадскіх пошукавых аб’яднанняў “Народная памяць пра абаронцаў Айчыны”.

Па словах Дзіны Анатольеўны, самае складанае ў пошукавай рабоце — гэта ўстанавіць паслядоўнасць баявых дзеянняў 1941 года. Гэта тлумачыцца тым, што ў пачатку вайны была паніка, не быў наладжаны армейскі дакументазварот. Таму, напрыклад, пра 153-ю стралковую дывізію вядома толькі, што яна тут трымала абарону, выйшла з акружэння. Пасля вызвалення Лёзна ў кастрычніку 1943 года фронт спыніўся, бо сілы салдат абедзвюх армій былі выматаны. Лінія фронту прайшла праз Бабінавічы. Фронт стаяў тут 9 месяцаў, таму салдаты і афіцэры добра запомнілі назвы населеных пунктаў, рэк. Большая частка насельніцтва Бабінавіч падчас акупацыі знаходзілася ў лесе. Пасля вызвалення Лёзна многія адправіліся на той бок фронту для аднаўлення мірнага жыцця. Самі Бабінавічы былі спалены карнікамі цалкам. У музеі ёсць здымак, на якім відаць, што пасля вызвалення ў Бабінавічах засталіся толькі 4 напаўразбураныя дамы, у якіх немцы трымалі коней.

— На вуліцы Аршанскай у першыя ж дні акупацыі была ўстаноўлена шыбеніца, уведзена каменданцкая гадзіна. Нягледзячы на гэта людзі арганізоўваліся на барацьбу. На тэрыторыі раёна дзейнічалі два буйныя партызанскія фарміраванні: брыгады Аляксея Данукалава і Канстанціна Заслонава (брыгада дзядзі Косці). Мы ганарымся тым, што камандзірам аднаго з двух атрадаў гэтай брыгады быў наш зямляк — Васіль Афанасьевіч Цітоў. Пасля вызвалення ў 1944 годзе ў нас было шмат выпадкаў, калі людзі ўзрываліся на снарадах. І да гэтага часу за ракой Чарніцай часта знаходзяць боепрыпасы часоў Вялікай Айчыннай вайны, таму мы вядзём з вучнямі тлумачальную работу пра бяспечныя адносіны да такіх знаходак, — адзначыла Дзіна Анатольеўна.

Ціхмянаўская вышыня

Выраз “Стаяў фронт” не азначае спыненне баявых дзеянняў. На працягу 9 месяцаў вяліся баі так званага мясцовага значэння. Падчас аднаго з іх вызначыліся байцы мінамётнай батарэі старшага лейтэнанта Леаніда Паўлавіча Ціхмянава. 23 лютага 1944 года яны пайшлі ў наступленне і занялі на правым беразе ракі Чарніцы безыменную вышыню. 24 лютага немцы сцягнулі свае сілы і адкінулі савецкіх салдат на левы бераг, група з 38 мінамётчыкаў апынулася ў акружэнні. Бой быў няроўны і цягнуўся 14 гадзін. За гэты час чырвонаармейцы адбілі 4 варожыя атакі. Калі скончыліся боепрыпасы, вада, якая была патрэбна і мінамётам, і людзям, Ціхмянаў выклікаў агонь на сябе. Мінамётчыкі аказаліся на вышыні пад перакрыжаваным агнём. Толькі дзякуючы спецыяльнаму лыжнаму батальёну, якім камандаваў ураджэнец Лёзненскага раёна Іван Сахараў і які добра ведаў мясцовасць, мінамётчыкі змаглі ўтрымаць вышыню. Падчас бою байцы былі паранены па некалькі разоў. Нярэдкай была і рукапашная схватка. Аднак захопленую вышыню ўдалося адстаяць. За той бой усе байцы былі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі, а старшы лейтэнант Ціхмянаў і камсарг Багамолаў, якому на той час было ўсяго 18 гадоў, былі ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза.


У 1967 годзе вышыні рашэннем раённых улад была прысвоена назва Ціхмянаўская. На працягу пяці гадоў вялася работа па будаўніцтве помніка. Ён адліваўся ў старым будынку школы, у спартыўнай зале. Краязнаўцы школы адшукалі герояў і даслалі ім запрашэнне наведаць Бабінавічы. Пасля вайны Ціхмянаў узначальваў абласны ДТСААФ Тулы, а Сяргей Аляксандравіч Багамолаў працаваў у маскоўскай клініцы імя М.Н.Бурдэнкі. Па дарозе ў Беларусь згадвалі той бой, аднак вельмі сумняваліся, што пазнаюць вышыню, бо на іх баявым шляху яна была не адна. Калі ж прыехалі, то добра пазналі і мясцовасць, і глушкоўскую пераправу праз Чарніцу. Пасля сустрэчы пачалася актыўная работа па стварэнні мемарыяльнага комплексу. Сёння не пазнаць Ціхмянаўскую вышыню немагчыма. Шэсць штыкоў-стэл, якія сімвалізуюць шэсць кірункаў, па якіх ішла наступальная аперацыя “Баграціён”, велічна ўзвышаюцца над краем воінскай славы. Сюды, сапраўды, як пісаў класік, не зарастае народная сцяжына.

Імёны на помніках

Мемарыяльны комплекс “Ціхмянаўская вышыня” — гэта толькі адзін з пунктаў маршруту “Кола памяці і славы Лёзненскага раёна”. Каб наведаць усе пункты, спатрэбіцца не адзін дзень, а каб даведацца пра лёс салдат і афіцэраў, імёны якіх выгравіраваны на 600 помніках і абелісках, — спатрэбіцца не адзін дзясятак гадоў. Колькі такіх помнікаў і абеліскаў узвышаецца над беларускай зямлёй? Колькі імён пакуль што не вядомых герояў на іх яшчэ не выгравіраваны? Сотні, тысячы, а можа, мільёны? Пошук працягваецца, кола нашай памяці бясконцае.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.