Колькі каштуе платная адукацыя?

- 15:20Рознае, Сацыяльны ракурс

Большая частка сённяшніх першакурснікаў — студэнты платнай формы навучання. Хтосьці адразу настройваўся на такі “сцэнарый”, рэальна ацэньваючы свае шансы пры паступленні на пэўную спецыяльнасць, для іншых жа гэта было спантанным, вымушаным рашэннем, калі да запаветнай мары — паступлення на выбраную спецыяльнасць на бюджэт — не хапіла літаральна некалькі балаў. Колькі сёння каштуе платная адукацыя і як можна вырашыць пытанне незапланаваных трат на адукацыю, чытайце ў матэрыяле нашага карэспандэнта.

Павышэнне чаканае, але нежаданае

Кошт платнай вышэйшай адукацыі павышаецца практычна штогод. І гэтаму ёсць аб’ектыўнае абгрунтаванне. Вось і сёлета, яшчэ ў ліпені, Міністэрства адукацыі размясціла каментарый на гэты конт. Так, сярод іншага паведамлялася, што цэны на навучанне на платнай аснове ў дзяржаўных установах адукацыі вызначаюцца ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 28 лютага 2006 года № 126 “Аб некаторых пытаннях атрымання вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі на платнай аснове”. Пры гэтым, безумоўна, за аснову бяруцца неабходныя затраты на падрыхтоўку спецыяліста па канкрэтнай спецыяльнасці. “Абавязковай умовай пры фарміраванні цэн з’яўляецца прымяненне норм і нарматываў, устаноўленых для бюджэтных арганізацый”, — падкрэсліваюць у Міністэрстве адукацыі.
Тут варта адзначыць, што ў дзяржаўных установах вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі кошт навучання на платнай аснове не павышаўся з верасня 2013 года. У той жа час за мінулы перыяд — з верасня 2013 года — павялічылася заработная плата работнікаў бюджэтных арганізацый, для юрыдычных асоб выраслі тарыфы на камунальныя паслугі, паслугі сувязі, транспарту і іншыя.
“Зыходзячы з гэтага, дзяржаўныя ўстановы адукацыі з 1 верасня 2014 года ў адпаведнасці з заканадаўствам устанаўліваюць кошт навучання для навучэнцаў 1 курса і змяняюць кошт навучання для навучэнцаў 2—5 курсаў на аснове заключаных з грамадзянамі дагавораў аб падрыхтоўцы спецыяліста на платнай аснове, — патлумачылі ў галіновым ведамстве. — Кіраўнікі ўстаноў адукацыі нясуць персанальную адказнасць за неабгрунтаванае павышэнне кошту навучання. Улічваючы сацыяльную значнасць паслугі па падрыхтоўцы спецыяліста на платнай аснове ў дзяржаўных установах вышэйшай адукацыі, кіраўнікі ўстаноў на аснове заяў грамадзян, па магчымасці, могуць браць плату за навучанне з адтэрміноўкай ці растэрміноўкай плацяжоў”.
Такім чынам, павелічэнне кошту платнай адукацыі было, можна сказаць, чаканым. Іншае пытанне — наколькі значным яно стала?

Скідкі — да 60%

Варта адзначыць, што большасць устаноў адукацыі не зацягвала працэс вызначэння кошту навучання на новы навучальны год. І задоўга да 1 верасня будучыя студэнты і іх бацькі ведалі, якія іх чакаюць выдаткі, ва ўсялякім выпадку — на найбліжэйшы год.
Прааналізаваўшы новы кошт навучання, можна з упэўненасцю сказаць, што анансаванае павышэнне не было вельмі значным. У адрозненне ад самога кошту навучання, які, як і ў мінулым годзе, для сярэднестатыстычнай сям’і, асабліва з рэгіёнаў краіны, даволі істотны.
Прааналізаваўшы кошт навучання ў сталічных установах вышэйшай адукацыі, лёгка заўважыць, што сярод лідараў традыцыйна Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт. Навучанне па адной з самых запатрабаваных спецыяльнасцей — “Стаматалогія” — у першы год каштуе амаль 23 млн рублёў. Крыху менш — пры навучанні па спецыяльнасцях “Лячэбная справа” і “Педыятрыя”, “Фармацыя” — 19 млн 680 тысяч рублёў. Пры гэтым першую частку плацяжу — амаль палову — неабходна ўнесці ўжо ў верасні.
У Беларускім дзяржаўным універсітэце кошт навучання ў 2014/2015 годзе быў зацверджаны яшчэ на пачатку ліпеня. Павышэнне па некаторых спецыяльнасцях, у параўнанні з коштам для першакурснікаў у мінулым годзе, дасягае 3 млн рублёў, у цэлым жа кошт навучання ў вядучай установе вышэйшай адукацыі краіны застаецца адным з самых высокіх. Так, на факультэце міжнародных адносін і юрыдычным плата за навучанне ў год для першакурснікаў складае да 21 млн 520 тысяч рублёў. Не намнога менш — на эканамічным факультэце: 20 млн 880 тысяч рублёў. На шэрагу факультэтаў плата значна адрозніваецца ў залежнасці ад выбранай спецыяльнасці. Так, напрыклад, за навучанне на 1 курсе па спецыяльнасці “Беларуская філалогія” на філалагічным факультэце неабходна заплаціць 15 млн 400 тысяч, а па спецыяльнасці “Усходняя філалогія” таго ж факультэта — ужо 21 млн 240 тысяч. Традыцыйна дорага каштуе і навучанне на журналіста — ад 19 млн 580 тысяч да 20 млн 440 тысяч рублёў.
Пры навучанні на спецыяліста адной з самых запатрабаваных сфер на сёння — IT-індустрыі — плата, як ні дзіўна, не самая высокая: для першакурснікаў яна складзе ад 16 млн 700 тысяч рублёў да 20 млн 700 тысяч рублёў. Пры гэтым першую частку плацяжу студэнтам неабходна было ўнесці яшчэ да 1 верасня.
Зразумела, немагчыма абысці ўвагай і кошт навучання на педагагічных спецыяльнасцях. Тут ён, як выяўляецца, адзін з самых невысокіх. Так, у сярэднім плата за навучанне на першым курсе Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка складае крыху менш за 14 млн рублёў.

Адукацыя сёння, аплата… праз пяць гадоў

Сумы, як бачна, немаленькія. Асабліва, калі ўлічыць той факт, што выдаткі на студэнта не абмяжоўваюцца толькі аплатай адукацыі, і тыя ж 20 млн рублёў непасрэдна за адукацыю з лёгкасцю ператвараюцца ў 40 і нават 60 млн — за пражыванне, харчаванне і г.д. І, чаго хаваць, для некаторых сем’яў такія выдаткі проста непад’ёмныя.
Пэўным выйсцем у такой сітуацыі можа стаць атрыманне крэдыту на адукацыю. Прычым — на льготных умовах. На сёння дзейнічае Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 17 снежня 2002 года № 616 аб прадастаўленні грамадзянам Рэспублікі Беларусь крэдыту на льготных умовах для атрымання першай вышэйшай адукацыі ў вышэйшых навучальных установах дзяржаўнай уласнасці на платнай аснове. Так, ААТ “ААБ Беларусбанк”, якому якраз і прадастаўлена права выдачы гэтых крэдытаў, паведамляе, што ў адпаведнасці з указам крэдыты на аплату навучання прадастаўляюцца на тэрмін да 10 гадоў. Асноўныя прэферэнцыі такога віду крэдыту — ільготная працэнтная стаўка: толькі — стаўкі рэфінансавання Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь і адтэрміноўка выплаты асноўнага доўгу да заканчэння навучальнай установы. Іншымі словамі, падчас вучобы неабходна будзе выплачваць толькі працэнты за карыстанне крэдытам, прычым 1/2 — толькі за выбраную частку крэдыту. На сёння стаўка рэфінансавання складае 20%, адпаведна крэдыт на навучанне выдзяляецца пад 10% гадавых.
Так, напрыклад, няхітрыя падлікі ў адным з падраздзяленняў банка выявілі, што пры сённяшнім кошце навучання прыкладна ў 20 млн рублёў за год штомесячная плата ў першы год складзе каля 170 тысяч рублёў. У далейшым, з павелічэннем выбранай сумы крэдыту, выплаты будуць павялічвацца — пры такім жа кошце навучання і памеры крэдыту адпаведна ў 2 разы падчас навучання на другім курсе і г.д. І пасля заканчэння навучання пры аплаце крэдытнымі рэсурсамі аднаго года навучання (у памеры ўсё тых жа 20 млн рублёў) неабходна будзе выкласці каля 340 тысяч рублёў у месяц — пагашэнне асноўнага доўгу і выплата працэнтаў. Пры аплаце двух — пяці гадоў навучання крэдытнымі рэсурсамі сума павялічваецца ў разы адпаведна.
Асноўныя крытэрыі для магчымасці прэтэндаваць на такі від крэдыту — гэта атрыманне першай вышэйшай або сярэдняй спецыяльнай адукацыі, а таксама адпаведнасць па ўстаноўленай мяжы даходаў. Так, ільготныя крэдыты ў адпаведнасці з Указам № 616 прадастаўляюцца грамадзянам Беларусі, якія атрымліваюць у вышэйшых навучальных установах дзяржаўнай уласнасці, вышэйшых навучальных установах спажывецкай кааперацыі і Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі першую вышэйшую адукацыю дзённай формы навучання на платнай аснове. Прычым крэдытаатрымальнікамі могуць быць як самі студэнты, так і іх бацькі, пры наяўнасці пастаяннай крыніцы даходу. Аднак для магчымасці прэтэндаваць на гэты льготны крэдыт сярэднямесячны сукупны даход на члена сям’і за папярэдні год не павінен перавышаць 350% зацверджанага бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва, які дзейнічае на момант адкрыцця крэдытнай лініі.
Са жніўня бягучага года бюджэт пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва складае 1 млн 343 тысячы 420 рублёў. Адпаведна, для таго, каб прэтэндаваць на атрыманне крэдыту на навучанне на льготных умовах, дзень сукупны даход на члена сям’і не павінен перавышаць 4 млн 701 тысячу 970 рублёў. Пры гэтым максімальны памер кожнай часткі льготнага крэдыту — за кожны год навучання — вызначаецца штогод асобна і не павінен перавышаць 70% кошту навучання за навучальны год. Прычым заключаецца адзін крэдытны дагавор, які дзейнічае на працягу ўсяго тэрміну. Разам з тым канкрэтная сума крэдыту вызначаецца зыходзячы з плацежаздольнасці крэдытаатрымальніка з тым, каб памер штомесячных выплат па крэдыце не перавышаў 50% чыстага даходу крэдытаатрымальніка.
Асобна варта спыніцца на такім моманце, як адлічэнне студэнта, калі яго навучанне аплачвалася за кошт крэдыту. Так, згодна з устаноўленымі правіламі, у выпадку адлічэння студэнта, які вучыўся на платнай аснове, крэдытаатрымальнік павінен датэрмінова вярнуць банку атрыманы льготны крэдыт у тэрмін не больш як адзін год з даты адлічэння і заплаціць працэнты ў памеры стаўкі рэфінансавання Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь, якая дзейнічае на дату адлічэння, за ўвесь перыяд карыстання гэтым крэдытам.

Алена МАРКЕВІЧ.