Конкурс выявіць праекты, здольныя ўнесці ўклад у рэалізацыю лічбавага парадку дня

- 11:12Інфармацыйная гадзіна

Еўразійская эканамічная камісія (ЕЭК) правядзе конкурс праектаў еўразійскіх лічбавых платформ, паведамілі ў прэс-службе ЕЭК.

Мэты, задачы і крытэрыі адбору праектаў для конкурсу былі вызначаны ў час праведзенай у Маскве фарсайт-сесіі. Сярод крытэрыяў заяўлены ў тым ліку магчымасць укараніць рашэнне больш як у адной краіне Еўразійскага эканамічнага саюза, рэнтабельнасць праекта, тэрмін рэалізацыі (не больш як паўтара года), якасць сфарміраванай каманды і шэраг іншых.

На думку экспертаў, у прыярытэце павінны быць таксама праекты, якія садзейнічаюць узмацненню канкурэнтаздольнасці краін ЕАЭС і ўмацаванню ўнутранага рынку. Важным крытэрыем з’яўляецца эканамічная прапрацаванасць ідэі, наяўнасць працуючага прататыпа, маркетынгавай стратэгіі, актуальнасць або навізна ідэі. Якасць сфарміраванай каманды будзе ацэньвацца, у прыватнасці, па ступені ўкладання ўласных сродкаў у рэалізацыю, па веданні прадмета, вопыце рэалізацыі работ па профілі, наяўнасці ў камандзе распрацоўшчыка і маркетолага і г.д. У праекце будзе адзначана і наяўнасць арганізацыйнага контуру, які падтрымлівае рэалізацыю ідэі, — супрацоўніцтва з адміністрацыямі рознага ўзроўню, бізнес-супольнасцямі, ВНУ.

Член калегіі (міністр) па ўнутраных рынках, інфарматызацыі, інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогіях ЕЭК Карынэ Мінасян адзначыла, што конкурс дапаможа выявіць праекты, здольныя ўнесці сапраўды значны ўклад у рэалізацыю асноўных напрамкаў лічбавага парадку дня ЕАЭС. “Мы спадзяёмся, што конкурс будзе садзейнічаць стварэнню сеткі цэнтраў кампетэнцый у ЕАЭС, якія ў далейшым будуць самастойна паміж сабой супрацоўнічаць па пытаннях лічбавага парадку дня, — заявіла Карынэ Мінасян. — Цяпер кожная краіна саюза самастойна рэалізуе свой парадак дня, але мы бачым, што іх ажыццяўленне магчыма прасцей і хутчэй з дапамогай сумесных праектаў”.

Конкурс інавацыйных праектаў “Еўразійскія лічбавыя платформы” праводзіцца ўпершыню. Праекты будуць спаборнічаць у чатырох намінацыях: “Лічбавая будучыня ЕАЭС”, “Лепшыя тэхналагічныя рашэнні”, “Еўразійскія лічбавыя праекты”, “Лепшая гульня на тэму лічбавай эканомікі ў ЕАЭС”. Пераможцы будуць прадстаўлены на форуме “Еўразійскі тыдзень — 2018” восенню ў Ерэване.