Каля 580 выпускнікоў Гомельскага медыцынскага ўніверсітэта атрымалі размеркаванне на першае месца працы. Сёлетні выпуск у медыцынскай установе асаблівы — дыпломы ўрачоў уручалі трыццаты раз.
Практычна кожны другі выпускнік застанецца ў Гомельскай вобласці, таксама значная колькасць маладых урачоў адправіцца ва ўстановы аховы здароўя Магілёўскай вобласці. Прыкладна пароўну прымуць Брэсцкі і Мінскі рэгіёны.
Выніковае размеркаванне студэнтаў лячэбнага і медыка-дыягнастычнага факультэтаў прайшло пры ўдзеле міністра аховы здароўя Дзмітрыя Піневіча. Перад размеркаваннем міністр пагутарыў з выпускнікамі, пацікавіўся, хто з іх паспеў папрацаваць на “хуткай дапамозе”, хто быў у “чырвонай зоне”. Ён адзначыў: цяпер для іх настае час, каб праявіць сябе і многаму навучыцца.
— Пуцёўку ў жыццё выпускнікі будуць атрымліваць з дыпломам, а пакуль вызначыліся са сваім першым працоўным месцам. Асаблівасць выпуску гэтага года ў тым, што тры гады яны вучыліся па новай праграме, у якой практыка-арыентаванасці надавалася значна большае значэнне, чым у папярэдніх пакаленняў студэнтаў, — сказаў Дзмітрый Піневіч.
Ірына АСТАШКЕВІЧ.