Кожны дзень — адкрыццё

- 11:33Навіны рэгіёнаў

У прышкольным аздараўленчым лагеры з дзённым знаходжаннем “Усмешка” ў Лобжанскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе Клімавіцкага раёна падчас першай змены аздаравіліся 25 хлопчыкаў і дзяўчынак. Усе яны сталі ўдзельнікамі лагернага праекта “Мультыпарк”.

Хлопцы і дзяўчаты былі падзелены на два атрады: “Пакемоны” (капітан Уладзіслава Падабед) і “Гномікі” (капітан Хрысціна Багамолава). Яны мелі магчымасць актыўна і з карысцю правесці час, удзельнічаючы ў розных квестах: “У пошуках скарбаў”, “Халі-галі”, “Тры “Д” і інш.

Кожны дзень лагернай змены быў тэматычным: дні Зямлі, рускай мовы, турыста, бяспекі, здароўя, экалогіі, а таксама Дзень адкрыццяў, прысвечаны Году навукі. А самым незабыўным і цікавым быў Дзень творчасці. З самай раніцы хлопчыкі і дзяўчынкі, а таксама іх важатыя сталі рыхтавацца да конкурсу “Прырода і фантазія”. Яны адказна паставіліся да конкурсу і нават правялі экскурсію, паказаўшы свае вырабы і расказаўшы аб іх. Кожная работа была ўнікальнай, што і пацвердзіла аформленая ў канцы мерапрыемства выстава работ. А які Дзень творчасці без шоу талентаў?! Клас школы быў пераабсталяваны ў студыю праграмы “Лепш за ўсіх!”. Лепшымі ўдзельнікі маглі стаць у намінацыях “Гулівер”, “Дзюймовачка” і “Мужычок-з-кулачок”, “Міс “асіная талія”, “Шакаладны заяц”, “Фрау кіпцюрок”, “Дзяўчынка-энерджайзер”, “Марскі воўк”, “Сонейка” і інш.

У канцы кожнага дня пры дапамозе галасавання выбіраўся лідар дня — чалавек, які за дзень найбольш вызначыўся, удзельнічаў ва ўсіх мерапрыемствах, дапамагаў важатым, атрымліваў перамогі ў конкурсах. У канцы змены самы тытулаваны лідар быў узнагароджаны сертыфікатам “Лідар лагернай змены — 2017”. Такі сертыфікат атрымала Уладзіслава Падабед.

Таксама на працягу ўсёй змены хлопцы і дзяўчаты наведвалі заняткі акадэміі, дзе даведваліся пра паркі свету. Лета — час адкрыццяў, і нашы выхаванцы адкрылі для сябе 10 паркаў. А за 18 дзён змены яны пабудавалі свой “Мультыпарк”.

Наведалі выхаванцы лагера і аддзел па надзвычайных сітуацыях. Пабывалі там, куды паступаюць экстранныя званкі, завіталі ў гараж і пасядзелі ў адной са спецмашын.

Умацоўваць здароўе хлопчыкі і дзяўчынкі таксама мелі магчымасць, наведваючы басейн і трэнажорную залу ў ЦФАР “Здароўе”, а самыя маленькія пагарэзілі на батуце.

Незабыўныя ўражанні засталіся ва ўсіх і пасля наведвання раённай дзіцячай бібліятэкі, дзе яе супрацоўнікі правялі цікавую забаўляльную праграму.

Жанна НОВІКАВА,
начальнік летняга аздараўленчага лагера з дзённым знаходжаннем “Усмешка”.