Кожны дзень дабро тварыць

- 13:05Людзі адукацыі

Сцэна — вялікі настаўнік. Але сучасная эстрада не заўсёды дае годныя ўзоры, якія прывівалі б навучэнцам добры музычны густ, вучылі шанаваць добрую паэзію, прозу. Таму педагогі ўзорнай студыі эстэтычнага выхавання “ОКеан” Брэсцкага дзяржаўнага абласнога цэнтра маладзёжнай творчасці ў сваёй рабоце робяць акцэнт на музычных, вакальных, танцавальных, тэатральных і агульнамастацкіх традыцыях, сфарміраваных нацыянальнай духоўнай культурай. Студыя працуе ў межах супрацоўніцтва паміж галоўным упраўленнем па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама і Брэсцкай епархіяй Беларускай Праваслаўнай Царквы.

— Педагог павінен засяроджвацца ў першую чаргу не на тым, каб навучыць дзіця спяваць, танцаваць і г.д., а імкнуцца выха­ваць годнага чалавека, чулага і шчырага сябра. На жаль, менавіта гэта часта выпадае з выхавання. Можна быць цудоўным танцорам, але дрэнным чалавекам, — дзеліцца Валерый Султанаў.

У студыю “ОКеан” адбору няма — займаюцца ўсе, хто хоча. Далучаюцца да творчасці ўпершыню ў сваім жыцці і дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Валерый Султанаў выкладае ў студыі харэаграфію, культуру і тэхніку маўлення, акцёрскае май­стэрства, а яго калега Аляксандра Жыркевіч працуе з дзецьмі ў вакальным кірунку.

— Я не стаўлю самамэтай, каб мае дзеці сталі салі­стамі тэатра танца ці опернага тэатра, але тым не менш я даю практычна ўвесь спектр харэаграфічнай творчасці. Гэта і класіка (бо яе аснова пластыка, а без яе руху наперад не будзе), і народны сцэнічны танец (бо гэта эмоцыі, характарнасць), і сучасная харэаграфія, і джаз, і інш. Гэта дапамагае шырэй раскрыцца дзіцяці. Акрамя таго, дзеці ў нашай студыі спяваюць, займаюцца культурай і тэхнікай маўлення і акцёрскім майстэрствам. Адзін з вынікаў нашай работы — вялікія святы, дзе мы робім сольныя праграмы і абавязкова ставім спектаклі.

Тэатральнае жыццё Валерыя Султанава працягваецца і ў Мінску, і ў Брэсце, і ў Бабруйску, дзе праходзіць шмат спектакляў з яго харэаграфіяй. Летась спектакль “Кропка на часовай восі” стаў пераможцам у намінацыі “Лепшы спектакль па творах беларускіх аўтараў”, а Валерый Уладзіміравіч быў лаўрэатам Нацыянальнай тэатральнай прэміі — 2018. Напрыканцы мінулага года Валерый Султанаў і яго калега Аляксандра Жыркевіч сталі лаўрэатамі прэміі “За маральны подзвіг настаўніка”.

Парцыяльная праграма па духоўна-маральным выхаванні дзяцей і моладзі “Кожны дзень дабро тварыць…”, распрацаваная кіраўнікамі студыі, ужо ў 2015 годзе была адзначана дыпломам III ступені Міністэрства адукацыі на Х Рэспубліканскай выставе навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі. У 2018 годзе студыя атрымала ўзнагароду і ад Беларускага экзархата.

За час апрабацыі праграмы калектывам назапашаны багаты вопыт творчай і выхаваўчай дзейнасці, напрацаваны вялікі песенны, паэтычны і танцавальны рэпертуар, што дало магчымасць пакласці пачатак новаму кірунку ў творчасці ў дачыненні да сістэмы дзяржаўных устаноў, значна пашырыць і ўзбагаціць вопыт правядзення праваслаўных свят, назапашаны парафіяльнымі нядзельнымі школамі.

Цяпер кожныя канікулы — і летнія, і восеньскія, і асеннія, і зімовыя — становяцца нагодай сабраць юных жыхароў горада на новую творчую сустрэчу ў межах праграмы “Вучыся верыць у цуд”, а вялікія калядныя і велікодныя святочныя праграмы з прафесійнай пастаноўкай сталі заўважнай з’явай у грамадскім і культурным жыцці горада. Удзел у іх прымаюць не толькі навучэнцы студыі, але і яе выпускнікі. Апошнія гады да іх далучаюцца і вядучыя харавыя калектывы Брэста і Брэсцкай вобласці — гэта дзеці, якія займаюцца ў парафіяльных нядзельных школах, творчых калектывах Брэсцкага дзяржаўнага абласнога цэнтра маладзёжнай творчасці, дзіцячых музычных школах мастацтваў і агульнаадукацыйных установах горада. Гэтае творчае ўзаемадзеянне перарасло ў цеснае супрацоўніцтва.

Сёння калектыў стаў садружнасцю аднадумцаў — педагогаў, дзяцей і бацькоў, якіх аб’ядноўвае любоў да Бацькаўшчыны, нацыянальнай і духоўнай культуры, сумеснай творчасці.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота з архіва студыі “ОКеан”.