Кожны дзявяты чалавек на планеце недаядае

- 11:50Інфармацыйная гадзіна

Колькасць галадаючых у свеце ў 2017 годзе ўзрасла да 821 млн. Згодна з данымі, апублікаванымі ў дакладзе ААН “Аб харчовай бяспецы і харчаванні ў свеце ў 2018 годзе”, кожны дзявяты чалавек на планеце недаядае, паведамляе амерыканская інфармацыйная служба CNN.

Паведамляецца таксама, што ў 2017 годзе 50,5 млн дзяцей мелі недастатковую масу цела і адхіленні ў развіцці з-за недаядання.

На думку спецыялістаў, харчовы крызіс у свеце ўзмацняецца сур’ёзнымі кліматычнымі змяненнямі. Прыродныя катаклізмы, у тым ліку засухі і паводкі, негатыўна ўплываюць на сельскую гаспадарку. Змяненні клімату ў трапічных і ўмераных рэгіёнах падрываюць вытворчасць асноўных сельскагаспадарчых культур, такіх як пшаніца, рыс і кукуруза. З-за глабальнага пацяплення сітуацыя будзе пагаршацца, што ў сваю чаргу паўплывае на павелічэнне колькасці галадаючых. Такая тэндэнцыя ставіць пад пагрозу мэту ААН па выкараненні голаду ў свеце да 2030 года.

Напярэдадні генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш у сваім выступленні, апублікаваным на сайце Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, заявіў, што з-за глабальнага змянення клімату сучасны свет блізкі да кропкі незвароту.

“Чым хутчэй будзе мяняцца клімат, тым цяжэй нам будзе сябе пракарміць. Імклівае знікненне флоры і фаўны прывядзе да дэградацыі экасістэм. Усё больш людзей будуць вымушаны пакідаць свае дамы, паколькі яны больш не змогуць пракарміцца на сваёй зямлі”, — заявіў Антоніу Гутэрыш. Ён падкрэсліў, што ў гэтых умовах пераход на разумныя метады зялёнай эканомікі з’яўляецца лепшым выйсцем для чалавецтва.