Кожны пяты дэпутат парламента — педагог. Грамадзяне давяраюць ім лёс сваёй краіны і яе будучыню

- 14:29Моя гражданская позиция

Адзіны дзень галасавання ў Беларусі ўпершыню пройдзе 25 лютага 2024 года. Сёння ж мы пагаворым пра тых дэпутатаў з ліку педагогаў, хто працягвае працаваць у ніжняй палаце парламента. Многія з іх — нашы аўтары. Педагогі ў статусе як дэпутатаў, так і членаў выбарчых камісій — касцяк выбарчай кампаніі, голас нашага грамадства. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Па сутнасці, дэпутаты фарміруюць у заканадаўстве сацыяльны заказ, вызначаюць заканадаўчую аснову развіцця эканомікі нашай краіны, яе грамадзянскі статус. Яны трансліруюць новыя ідэі, інавацыйныя думкі і вопыт, назапашаны перадавой айчыннай практыкай. Гэтая работа ўскладзена на лепшых прадстаўнікоў адукацыйнай галіны.

У сёлетнім складзе парламента кожны пяты — педагог, некаторыя працуюць ужо не адзін тэрмін. Грамадзяне, выбіраючы ў заканадаўчыя органы педагогаў, тым самым пацвярджаюць высокі давер да іх: яны даручаюць ім лёс сваёй краіны і яе будучыню.

Большасць педагогаў прыйшлі ў дэпутацтва з кіраўніцкіх пасад у сістэме адукацыі. Кожны з іх прайшоў доўгі шлях у педагогіцы, мае вялікі прафесійны вопыт, сфарміраванае меркаванне, свой падыход ва ўдасканаленні сферы адукацыі. Многія атрымалі другую вышэйшую адукацыю, каб набыць прафесійную кампетэнтнасць у іншых галінах эканомікі і сацыяльнай сферы, каб якасна і эфектыўна ствараць заканадаўчую базу ў іншых кірунках. Нашы педагогі паспяхова працуюць у складзе камісій па заканадаўчай дзейнасці, дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце, эканамічнай палітыцы, па бюджэце і фінансах, аграрнай палітыцы, пытаннях экалогіі, прыродакарыстання і чарнобыльскай катастрофы, па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі, па працы і сацыяльных пытаннях, ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы, па жыллёвай палітыцы і будаўніцтве, па міжнародных справах.

Як бачна, педагогі задзейнічаны амаль ва ўсіх камісіях ніжняй палаты парламента.

У інтарэсах людзей

Асобна трэба аддаць даніну павагі профільнай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы, дзе сабраліся знакамітыя асобы ў сістэме адукацыі, творчыя, ініцыятыўныя, высокапрафесійныя педагогі на чале з доктарам гістарычных навук, прафесарам, гісторыкам, археолагам, краязнаўцам, педагогам Ігарам Марзалюком. Членам камісіі ўласцівы адказнасць за даручаную справу, дысцыплінаванасць, дакладнасць. Яны глыбока ўнікаюць у сутнасць заканадаўчых актаў, узважваюць кожную новую прапанову, з павышанай увагай ставяцца да кожнай папраўкі як да грамадскага меркавання, дакладна вывучаюць заўвагі. Настаўнікі прывыклі працаваць у камандзе. Кожны з іх, з’яўляючыся сфарміраванай асобай, умее гарманічна ўпісацца ў работу ўсяго калектыву. У навучальнай установе гэтая работа скіравана на паспяховы вынік у навучанні і выхаванні, а ў дэпутацкай камісіі яны аб’яднаны адной мэтай — стварыць такі закон, які будзе патрэбны грамадству.

Шырокі светапогляд, высокі інтэлектуальны ўзровень, прафесіяналізм членаў камісіі дазваляюць ім весці работу над заканадаўствам у розных сферах: распрацоўваць законы аб дзяржаўных мовах, культуры, творчых саюзах, архіўнай справе, аб навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці, аб інтэлектуальнай уласнасці, аб навукова-тэхнічнай і камерцыйнай інфармацыі і аб выдавецкай справе.

— Сярод найважнейшых дакументаў, над якімі працавалі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў сёмага склікання і непасрэдна камісія па адукацыі, культуры і навуцы, з’яўляецца новая рэдакцыя Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, — адзначае Ігар Марзалюк. — Кодэкс у той ці іншай ступені закранае інтарэсы ўсяго нашага грамадства. Больш за мільён чалавек непасрэдна ўдзельнічаюць у адукацыйным працэсе як у якасці навучэнцаў, так і работнікаў сістэмы адукацыі. Задача дэпутатаў заключалася ў тым, каб кодэкс пасля яго прыняцця садзейнічаў развіццю школьнай адукацыі, набліжэнню прафесійнай адукацыі да сучаснай вытворчасці, павышэнню прэстыжу педагагічнай працы і статусу педагога, развіццю дзяржаўна-прыватнага партнёрства ў сферы адукацыі. Абноўлены кодэкс захаваў існуючую сістэму і структуру адукацыі ў Беларусі, але пры гэтым нацэльвае сферу адукацыі на паступальнае, эвалюцыйнае ўдасканаленне.

Ісці ў нагу з часам

У заканадаўстве не бывае лішніх слоў і знакаў прыпынку, а ў жыцці трэба імкнуцца да чысціні памкненняў. Гэтыя словы Аляксандра Сонгіна можна па праве лічыць лейтматывам яго жыццёвага шляху. Аляксандр Генрыхавіч працуе сёння ў Пастаяннай камісіі па заканадаўстве. Яго імя вядомае і ў сістэме адукацыі, неаднаразова ён выступаў і на старонках нашай газеты. Гэты чалавек — прыклад самаадданасці, для якога работа — гэта яго жыццё. Аляксандр Генрыхавіч заў­сёды быў і ёсць у гушчы спраў. На кожны дзень у яго запланаваны цэлы спіс мерапрыемстваў, пасяджэнняў, сустрэч.

— Вопыт кіравання адукацыяй вобласці вельмі дапамагае ў дэпутацкай дзейнасці, — расказвае Аляксандр Генрыхавіч. — Мяне не палохае шматзадачнасць, я ў кожнай справе вызначаю сутнасць, шукаю шлях паспяховага вырашэння задачы, умею канцэнтравацца на галоўным, адводзячы ўбок другараднае.

Аляксандр Сонгін імкнецца ўдасканальваць свае веды — дэ­путацтва да гэтага абавязвае.

— Калі хочаш ісці ў нагу з часам, вучыцца трэба пастаянна, — адзначае дэпутат. — У маё станаўленне добрую базу заклала Лідскае педагагічнае вучылішча. Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь навучыла думаць катэгорыямі патрэб нашай краіны, у цэлым дзяржаўнай палітыкі і даносіць свае веды, пазіцыю да выбаршчыкаў. У сваёй камісіі атрымліваю практычны юрыдычны вопыт па розных кірунках заканадаўчай дзейнасці, які вельмі шматгранны і, безумоўна, спатрэбіцца ў маім далейшым жыцці. За час дэпутац­тва ў мяне сфарміраваліся новыя рысы характару. У пэўнай меры я адчуваю сябе іншым чалавекам. Я стаў больш загартаваным, камунікабельным, ува мне ўмацаваўся камандны дух. Працуючы ў парламенце, я больш востра стаў адчу­ваць адказнасць за даручаную справу.

Заўсёды навідавоку

Працаваць у акругах, сустракацца са сваімі выбаршчыкамі — справа новая для педагога, але гэта толькі здаецца на першы погляд. Педагог заўсёды навідавоку, ён у цэнтры ўвагі як у школе, так і за яе межамі. Яго вопыт дапамагае ў зносінах з людзьмі. Да педагога звяртаюцца людзі па розных пытаннях — жыццёвых, бытавых, і ён да кожнага знаходзіць падыход, можа дапамагчы рэальнай справай або проста даць параду.

Прыйшоўшы з пасады кіраўніка Баб­руйскага дзяржаўнага каледжа імя А.Я.Ларына, Вера Уладзіміраўна Шырокая вызначыла для сябе тэму жыллёвай палітыкі як найбольш актуальную. У каледжы яна набыла вопыт правядзення капітальных і бягучых рамонтаў, навучылася разбірацца ў праектна-каштарыснай дакументацыі, авалодала нюансамі тэхнічнага абслугоўвання і нават выйграла эканамічны суд у генпадраднай арганізацыі.

— Лічу, што адна з галоўных задач кожнага народнага выбранніка — дапамагаць людзям у вырашэнні іх надзённых праблем, умець выслухаць іх і пракансультаваць, — лічыць Вера Шырокая, член Пастаяннай камісіі па жыллёвай палітыцы і будаўніцтве.

Адным з самых запамінальных для дэпутата стаў зварот мнагадзетнай сям’і Котавых з Бабруйска, якія прасілі садзей­нічання ў добраўпарадкаванні дзіцячай гульнявой пляцоўкі ў сваім двары. Каменем спатыкнення стала набыццё сучаснага пакрыцця, якім яны меркавалі абкласці гульнявую пляцоўку. На пытанне дэпутата, што людзі гатовы зрабіць самі, тыя ўпэўнена адказалі: усё астатняе — пакласці бар­дзюрны камень і плітку, усталяваць плот. Пакрыццё дэпутату ўдалося набыць на адным з прадпрыемстваў горада, а далей сумеснымі намаганнямі стварылі малыя гульнявыя формы ад прадпрыемства ЖКГ, паклалі бардзюры і плітку, высадзілі туі і нават расставілі разьбяныя фігуры з дрэва ад каледжа. Такім чынам, двор жылога дома на бульвары Прыбярэзенскім, 24 ператварыўся ў адзіны дзіцяча-гульнявы ансамбль. Узаемныя абяцанні былі выкананы, і пляцоўка стала прыкладам актыўнасці і ініцыятывы саміх жыхароў з дэпутацкай падтрымкай.

Грамадская ініцыятыва

Ірына Кралевіч скончы­ла Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт, яна матэма­тык, кандыдат педагагічных навук, дацэнт, аўтар больш за 100 навуковых і вучэбна-метадычных пуб­лікацый. Працавала настаў­нікам матэматыкі ў школе № 2 Мазыра, а потым абараніла дысертацыю і стала прарэктарам па навуковай рабоце Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя І.П.Шамякіна. Ірына Мікалаеўна з’яўлялася членам Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання. Яна дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыя­нальнага сходу шос­тага і сёмага скліканняў, член Пастаяннай камісіі па пытаннях экалогіі, прыродакарыстання і чарнобыльскай катастрофы.

— Мая Жыткавіцкая выбарчая акруга — унікальная сваёй прыродай, таму выбар камісіі, дзе я хацела б працаваць, быў відавочны, — Ірына Мікалаеўна натхнёна рас­казвае пра родныя мясціны. — Тэрыторыя акругі ўключае Нацыянальны парк “Прыпяцкі”, возера Чырвонае (альбо Князь-возера) — трэцяе па плошчы ў Беларусі і самае вялікае на Гомельшчыне. Раён багаты на карысныя выкапні. Актыўна развіваецца Петрыкаўскі горна-абагачальны камбінат. Друзавым заводам “Глушкевічы” вя­дзец­ца здабыча і вытворчасць інертных матэрыялаў, рэалізуецца інвестпраект па арганізацыі вытворчасці аргана-мінеральных угнаенняў на аснове торфу і сапрапелю, знойдзена радовішча бентанітавых глін і інш. Але самае галоўнае — наш рэгіён славіцца сваімі жыхарамі. Гэта праца­вітыя, адказныя і на­дзейныя людзі, хочацца ім дапамагаць і падтрымліваць. На іх запыты адклі­каюся аператыўна, а дапамогу аказ­ваю ў цесным кантакце з мясцовымі органамі ўлады.

Дэпутату пашчасціла ажыццявіць заканадаўчую ініцыятыву свайго рэгіёна. Так, па прапанове Жыткавіцкага райвыканкама былі ўнесены змяненні ў Закон Рэспублікі Беларусь “Аб раслінным свеце”, а менавіта адменены кампенсацыйныя мерапрыемствы і выплаты пры выдаленні аб’ектаў расліннага свету ў час правядзення работ па рэканструкцыі і эксплуатацыі збудаванняў. Праблема асабліва абвастрылася вясной, калі чысціўся вадаём перад запускам малька (зарыб­леннем). Унесеныя змяненні дапамаглі не толькі рыбгасам “Чырвоная зорка” і “Белае” Жыткавіцкай выбарчай акругі, але і ўсім рыбгасам краіны выкарыс­таць сэканомленыя сродкі на развіццё вытворчасці.

— Вельмі каштоўна, калі заканадаўчая ініцыятыва ідзе з месцаў, — адзначае Ірына Мікалаеўна. — Гэта пацвярджэнне сувязі дэпутатаў з нашымі грамадзянамі, іх давер да дэпутацкага корпуса і выканаўчай улады. Я ўдзячна сваім выбаршчыкам за актыўную грамадзянскую пазіцыю і канструктыўныя прапановы па развіцці нашай акругі, паляпшэнні жыцця, удасканаленні заканадаўства.

Варта быць арыенцірам

Працуючы ў парламенце, педагогі не адмяжоўваюцца ад навучальнай установы і свайго калектыву, дзе працавалі раней. Яны іх рэгулярна наведваюць, абмяркоўваюць надзённыя пытанні, раяцца, дапамагаюць. Ніводная па­дзея — глабальная для нашай краіны альбо тая, што тычыцца толькі аднаго горада, пасёлка, школы, — не праходзіць без удзелу нашых педагогаў-дэпутатаў.

Ганна Старавойтава, дэпутат двух скліканняў, член Пастаяннай камісіі па міжнародных справах, на працягу ўсяго перыяду дэпутац­тва з’яўляецца членам грамадска-кансультатыўнага савета Міністэрства адукацыі, увахо­дзіць у склад камісіі Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі па культуры, навуцы і адукацыі. Да гэтага Ганна Валянцінаўна доўгі час дырэктарствавала ў мінскай гімназіі № 31.

— Калі я выбудоўвала напрамкі кіраўніцкай дзейнасці ў навучальнай установе, то арыентавалася на асабістыя ўспаміны, адчуванні, якія ўзнікалі ў той час, калі сама была школьніцай, — расказвае Ганна Валянцінаўна.

Асаблівы след у памяці па­кінула паездка па партызанскіх мясцінах баявой славы, дзе 17-гадовая беларуска Рыма Шаршнё­ва цаной жыцця закрыла сабой фашысцкі дзот, здзейсніўшы по­дзвіг. Помніцца дэпутату і яшчэ адзін эпізод са школьнага жыцця. Піянерскай дружыне сярэдняй школы № 5 Салігорска было прысвоена імя Героя Савецкага Саюза В.І.Казлова. Школьнікі сваімі карыснымі справамі ўвекавеч­валі памяць героя. У дзень, ка­лі адбылося свята адкрыцця помніка В.І.Казлову, кожны вучань школы быў перапоўнены пачуццём гордасці, што яны вучацца ў гэтай школе і ма­юць дачыненне да слаўнай гісторыі краіны. Пазней у школе быў адкрыты ваенна-патрыятычны музей В.І.Казлова, які стаў цэнтрам усёй выхаваўчай работы навучальнай установы.

— Сучасная арыентацыя адукацыі прадугледжвае стварэнне ўмоў, у якіх навучэнцы могуць праявіць не толькі інтэлектуальную і пазнавальную актыў­насць, але і асобасную сацыяльную пазіцыю, — разважае дэпутат. — Лічу, што асновай фарміравання патрыятызму з’яўляюцца глыбінныя пачуцці любові і прыхільнасці да сваёй культуры, да малой радзімы, якія ўспрымаюцца ў якасці роднага і прывычнага асяроддзя жыцця чалавека. Светлыя пачуцці, якія я вынесла са свайго школьнага дзяцінства, знайшлі рэальнае ўвасаб­ленне ў маёй далейшай рабоце.

Калі мы хочам, каб нашы дзеці любілі сваю краіну, горад, сяло, дзе яны жывуць, трэба з малых гадоў прывіваць ім пачуццё гордасці і прыхільнасці да роднага краю, да яго гісторыі, подзвігаў і дасягненняў праз актыўныя формы выхавання і праз асабістае асэнсаванне.

Ганна Валянцінаўна імкнулася стварыць у навучальнай установе своеасаблівае музейнае асяроддзе. Была адкрыта выставачная экспазіцыя, прысвечаная вядомаму дзяржаўнаму дзеячу БССР, арганізатару і кі­раўніку падпольнага і партызанскага руху ў Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, Герою Сацыялістычнай Працы К.Т.Мазураву. А нядаўна гімназіі № 31 Мінска было прысвоена яго імя. Ганна Валянцінаўна расказала яшчэ пра адзін кірунак дзейнасці ўстановы, распачаты з часоў яе дырэктарства. На тэрыторыі гімназіі № 31 стварылі ўнікальны “кветкавы рай”. Вучні, бацькі, настаўнікі і нават жыхары раёна — усе ўнеслі свой уклад у гэтую справу.

— І вынік не прымусіў сябе чакаць, — адзначае дэпутат. — Мы не толькі неаднаразова станавіліся пераможцамі розных конкурсаў па добраўпарадкаванні тэрыторыі, але і стварылі камфортнае асяроддзе для жыхароў усяго мікрараёна. Я ўдзячна педагогам, цяперашнім вучням і кіраўніцтву гімназіі № 31 за тое, што ўсё гэта не толькі захавана, але і паляпшаецца, развіваецца.

Амаль 10 гадоў назад у гімназіі № 31 адбылося першае пасяджэнне клуба маладых выбаршчыкаў, і яго дзейнасць працягваецца. У верасні гэтага года па ініцыятыве А.Падлубнай, дырэктара Мінскага гарадскога адукацыйна-аздараўленчага цэнт­ра “Лідар”, была створана яшчэ адна пляцоўка клуба маладога выбаршчыка, у пасяджэннях якога Ганна Старавойтава прымае ўдзел.

— Сёння мы ўсе выразна разумеем, што сучаснае інфармацыйнае асяроддзе шляхам маніпуляцыі свядомасцю здольна мяняць светапогляд, стаўленне да рэчаіснасці, сістэму каштоўнасцей і ўнутраны свет чалавека, — адзначае Ганна Валянцінаўна. — Таму лічу, што такія пасяджэнні дазваляюць нам даведацца, як разважае моладзь, што лі­чыць важным для краіны, а таксама данесці да яе аб’ектыўную інфармацыю пра тое, што робіцца ў нашай маладой дзяржаве не толькі для сучаснасці і будучыні маладога пакалення, але і ў цэлым для суверэннага развіцця нашай краіны.

Хочацца пажадаць новаму складу Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, які будзе працаваць у восьмым скліканні, цікавай работы, яркіх падзей, рэальных спраў, трымаць цесную сувязь з выбаршчыкамі і быць гатовымі да аказання падтрымкі і дапамогі.

Ала КЛЮЙКО
Фота з сайта парламента і інтэрнэту