Краіны Садружнасці выступаюць за мірнае вырашэнне міжнародных спрэчак

- 11:31Інфармацыйная гадзіна

Эксперты СНД узгаднілі праект заявы Савета міністраў замежных спраў краін Садружнасці (СМЗС) аб недапушчэнні размывання прынцыпу неўмяшання ва ўнутраныя справы суверэнных дзяржаў, паведамілі ў прэс-службе Выканкама СНД.

Пасяджэнне экспертнай групы па ўзгадненні праекта заявы адбылося ў штаб-кватэры Выканкама СНД у Мінску. “Эксперты разгледзелі заўвагі і прапановы, што паступілі з дзяржаў — удзель­ніц СНД да праекта заявы, і большасцю галасоў узгаднілі дакумент, вырашыўшы прадоўжыць работу пасля яго разгляду ў знешнепалітычных ведамствах краін Садружнасці”, — праінфармавалі ў прэс-службе.

Плануецца, што наступны раз эксперты збяруцца для разгляду гэтага пытання ў канцы мая ў беларускай сталіцы.

У прэс-службе нагадалі, што праект заявы падрыхтавалі Расія і Беларусь. “Дакумент у цэлым арыентаваны на падтрымку прынцыпу неўмяшання ва ўнутраныя справы дзяржаў, каардынацыю крокаў, накіраваных на забеспячэнне кантролю за няўхільным выкананнем рэзалюцый Савета Бяспекі ААН. Размова ідзе аб недапушчэнні іх шырокага тлумачэння, процідзеянні неправамерным аднабаковым і блокавым падыходам да ўрэгулявання крызісных сітуацый у свеце, а таксама актыўным пашырэнні справядлівых шматбаковых і калектыўных падыходаў да вырашэння актуальных глабальных і рэгіянальных праблем”, — растлумачылі ў Выканкаме СНД. Тут дадалі, што ў праекце дакумента пацвярджаецца прыхільнасць да справы ўмацавання міру, глабальнай стабільнасці і бяспекі, а таксама прынцып мірнага вырашэння міжнародных спрэчак.

Праект заявы аб недапушчэнні размывання прынцыпу неўмяшання ва ўнутраныя справы суверэнных дзяржаў быў ініцыіраваны на пасяджэнні СМЗС СНД у Мінску. Экспертную прапрацоўку дакумента праводзіць Выканкам СНД.