Крок да духоўнага ўзбагачэння

- 14:41Нам пішуць

У гэтым годзе святкуецца 135-годдзе з дня нараджэння народных паэтаў Беларусі Якуба Коласа і Янкі Купалы.

Для таго каб больш глыбока пазнаёміць з біяграфіяй і творчасцю беларускіх песняроў, для вучняў 10—11 класаў нашы настаўнікі Таццяна Мікалаеўна Шыдлоўская і Таццяна Уладзіславаўна Яроўская арганізавалі паездку ў сталіцу Беларусі — Мінск.

Першым пунктам маршруту стаў Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа. У такім прыгожым і вялікім асабняку пясняр пражыў амаль чатыры гады. Каля дома славутага беларуса ёсць мемарыяльны сад. Якуб Колас глыбей, чым хто-небудзь, адчуваў і разумеў духоўнае значэнне кожнай расліны. Адсюль і яго імкненне акружаць сябе прыродай, жыць у згодзе з ёй. Асаблівае месца займае кампазіцыя з чатырох дубоў і бярозы — дрэў, якія сімвалізавалі сям’ю паэта: жонку, сыноў і яго самога. Займальны аповед экскурсавода нібы акунуў нас у часы, калі там жыў Якуб Колас.

Наступным пунктам паездкі стаў Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы. Мы трапілі на знакамітую камедыю “Паўлінка”. Мне вельмі спадабаўся гэты спектакль. У ім было шмат вясёлых момантаў, а акцёры выдатна сыгралі свае ролі.

Хочацца сказаць вялікі дзякуй Таццяне Мікалаеўне і Таццяне Уладзіславаўне, што не дазволілі нам у суботні вечар сядзець дома. Ад паездкі засталіся толькі самыя прыемныя ўражанні, самыя цёплыя і змястоўныя ўспаміны. Гэты дзень стаў яшчэ адным крокам у нашым духоўным развіцці.

Ульяна СКРОБАТ,
вучаніца 11 “Б” класа сярэдняй школы № 7 Смаргоні Гродзенскай вобласці.