Крок да індывідуалізацыі адукацыйнага працэсу

- 13:35Адукацыйная прастора

На IV Міжнародным фестывалі прафесійнага майстэрства педагогаў “Пазнанне ў сумеснай творчасці” былі прадстаўлены 87 праектаў індывідуальных адукацыйных праграм інтэлектуальна адораных вучняў і іх цьютарскага суправаджэння. Педагогі з розных рэгіёнаў Беларусі падзяліліся сваім вопытам у актуальным кірунку.

Людміла Уладзіміраўна Ліпская, Кацярына Рыгораўна Шукайлава і Наталля Міхайлаўна Тужыкава.

Міжнародны фестываль прафесійнага майстэрства, які ла­дзіцца аддзелам творчых методык навучання моладзі Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, паспеў стац­ь добрай традыцыяй. Цікавасць да мерапрыемства з году ў год павышаецца. Сёлета на працягу трох дзён удзельнікі дэманстравалі сваё прафесійнае майстэрства ў рабоце з адоранымі вучнямі і пераймалі адно ў аднаго цікавыя знаходкі. На фестывалі сабраліся педагогі з самых розных рэгіёнаў Беларусі, з-за складанай эпідэмічнай сітуацыі гэтым разам удзельнікаў з іншых краін не было.

Як адзначыла намеснік старшыні арганізацыйнага камітэта фестывалю, начальнік аддзела творчых методык цэнтра навучання мола­дзі, заслужаны настаўнік Беларусі Святлана Дзмітрыеўна Шакура, на сучасным этапе развіцця агульнай сярэдняй адукацыі важным кірункам з’яўляецца менавіта стварэнне развіццёвага асяроддзя для індывідуальна-творчага развіцця і праяўлення здольнасцей кожнага вучня. Аптымальным рашэннем гэтай праблемы можа стаць індывідуалізацыя адукацыйнага працэсу. Для гэтага неабходна будаваць работу так, каб забяспечыць кожнаму вучню ўмовы для фарміравання і рэалізацыі ўласных адукацыйных мэт і задач на аснове пабудовы індывідуальнага адукацыйнага марш­руту. Для навучэнцаў з рознымі адукацыйнымі патрэбамі і патэнцыяльнымі магчымасцямі сёння важна распрацаваць індывідуальныя адукацыйныя праграмы па прадухіленні праблем і паглыбленні ведаў. Абавязковай умовай паспяховай рэалізацыі індывідуальнай адукацыйнай праграмы з’яўляецца арганізацыя яе цьютарскага суправаджэння. Гэты кірунак пакуль новы не толькі для нашай краіны, але і за мяжой, і важна больш шырока яго распаўсюдзіць у айчынных установах адукацыі.

— Мы спецыяльна ўзнялі гэтую надзённую тэму, каб у педагогаў была  магчымасць на адной пляцоўцы абмяняцца перадавым вопытам, разам прыйсці да лепшага і зрабіць важны крок наперад, — падкрэсліла С.Д.Шакура. — Ніякіях рамак для ўдзельнікаў не ўстанаўлівалі, не абмяжоўвалі іх фантазію. Хацелася паглядзець на творчыя, крэатыўныя, сучасныя напрацоўкі. Выдатна, што некаторыя паспелі рэалізаваць іх на практыцы і ўжо дабіліся пэўных вынікаў. Іншыя могуць пазнаёміцца і смела пераймаць паспяховы вопыт.

З мэтай распаўсюджвання эфектыўнага педагагічнага вопыту па азначанай тэме папярэдне, у сакавіку, быў аб’яўлены конкурс праектаў індывідуальных адукацыйных праграм інтэлектуальна адораных вучняў і іх цьютарскага суправаджэння. У выніку былі адабраны 87 праектаў. У рамках фестывалю прайшоў вочны этап конкурсу, дзе былі выяўлены лепшыя работы. Удзельнікі і госці мерапрыемства мелі магчымасць пазнаёміцца з вопытам калег падчас стэндавых дакладаў, прэзентацый і публічнай абароны, майстар-класаў, калектыўнай распрацоўкі міні-праектаў. Усе мерапрыемствы прайшлі ў атмасферы цікавага прафесійнага дыялогу, творчасці і ўзаемапавагі. Словам, беларускім настаўнікам, якія сабраліся ў сталіцы, было пра што пагаварыць і што паказаць а­дно аднаму.

Ягор Генадзьевіч Філіпаў і Аляксандр Аляксандравіч Атліванчык.

Вераніка Аляксандраўна Бебех прыехала з Салігорска Мінскай вобласці, дзе выкладае англійскую мову ў сярэдняй школе № 4. Яна прадставіла на суд журы свой праект “Выкарыстанне адукацыйнага блога ў фармаце змешанага і дыстанцыйнага навучання як сродку індывідуальнага развіцця вучня”. Над уласным адукацыйным блогам яна пачала працаваць 4 гады назад, асабліва актыўна займаецца ім апошнія 2 гады. Дзякуючы блогу, удаецца індывідуалізаваць працэс навучання, павышаць матывацыю і самастойнасць вучняў. З 2018 года праводзіцца работа з адоранымі вучнямі. Для іх складаецца індывідуальная адукацыйная праграма, а работа вядзецца пры дапамозе блога. Вынікі не прымусілі сябе доўга чакаць. Адзінаццацікласнік Ягор Канаплянік у той жа год атрымаў дыплом ІІІ ступені на заключным этапе Рэспубліканскай прадметнай алімпіяды. На Міжнароднай анлайн-алімпіядзе Skyeng Super Cup 2018 ён быў узнагароджаны дыпломам І ступені, а яшчэ 2 навучэнцы — дыпломамі ІІ ступені.

— Блог дазваляе паспяхова працаваць і з усім класам, і асобна з адоранымі дзецьмі,— тлумачыць Вераніка Аляксандраўна. — У выніку ўсе ўцягнуты ў працэс пазнання, усім цікава. Працэс навучання можа працягвацца і па-за класам, прычым у любы зручны для дзяцей час. Дос­туп да інфармацыі, якая размешчана ў блогу, кругласутачны. Для вучняў тут падрыхтавана вялікая колькасць разнастайных заданняў, наладжаны кантроль (прычым дзіця бачыць свой вынік і адсочвае зрухі ў навучанні) і зваротная сувязь праз каментарыі. Для мяне самае галоўнае не адзнака, а большая самастойнасць вучня, яго жаданне вучыцца.

Вераніка Аляксандраўна пераканана: пры жаданні аформіць падобны ўласны блог не так складана, як здаецца на першы погляд. Безумоўна, педагогу для гэтага неабходна быць гатоваму самому ўвесь час нечаму вучыцца, затое пасля ён выходзіць на іншы ў­зровень. Дошка, крэйда і сшыткі ўжо не могуць быць галоўнымі атрыбутамі сучаснай адукацыі.

Вераніка Аляксандраўна Бебех.

З сярэдняй школы № 2 Чавус Магілёўскай вобласці на фестываль прыехала група педагогаў, каб расказаць пра свае поспехі. Настаўніцы хіміі, англійскай мовы і інфарматыкі прадставілі сумесны праект “Выкарыстанне магчымасцей STEM-цэнтра на вучэбных занятках і ў пазакласнай рабоце для фарміравання мэтапрадметнай кампетэнцыі ў вучняў з высокай матывацыяй”. У працэсе дзейнасці, якой на базе STEM-цэнтра займаюцца вучні, ажыццяўляецца псіхолага-педагагічнае і цьютарскае суправаджэнне адораных дзяцей.

Асноўная ідэя праекта ў тым, што неабходна фарміраваць мета­прадметныя кампетэнцыі і развівац­ь асобасныя якасці навучэнцаў, максімальна выкарыстоўваючы патэн­цыял сваёй установы адукацыі. Адметна, што суправаджэнне адораных дзяцей у чавускай сярэдняй школе № 2 ажыццяўляюць па прынцыпе пераемнасці на трох узроўнях: класа, установы адукацыі і ўстановы сацыяльных партнёраў.

— На мой погляд, важна, што наш праект не ламае прывычную сістэму адукацыі, а толькі ўносіць у яе пэўныя змяненні, — расказвае настаўніца англійскай мовы Л.У.Ліпская. — Яшчэ адна значная перавага: магчымасць прадастаўлення шырокага спектра адукацыйных праграм у сферах праграмавання, эксперымента і даследавання па выбраным прадмеце. У рамках праекта мы распрацоўвалі індывідуальныя адукацыйныя маршруты развіцця інтэлектуальна адораных і высокаматываваных вучняў, фарміравалі індывідуальныя адукацыйныя праграмы развіцця метапрадметных кампетэнцый, забяспечвалі псіхолага-педагагічнае і цьютарскае суправаджэнне. Пасля дыягностыкі была вызначана група дзяцей, якая працавала над разнастайнымі праектамі.

Такая шматбаковая дзейнасц­ь дае свой плён. Назіраецца павышэнне ўзроўню індывідуальных дасягненняў вучняў у розных адукацыйных галінах, да якіх у іх ёсць здольнасці, а таксама ўзроўню валодання навучэнцамі мета­прадметнымі кампетэнцыямі, павелічэнне колькасці высока­матываваных дзяцей.

Настаўніцы біялогіі і гісторыі з гэтай жа ўстановы адукацыі Чавус Кацярына Генадзьеўна Малалова і Вікторыя Аляксандраўна Кірпічова прадставілі свой праект пад наз­вай “Выкарыстанне ГІС-тэхналогій у пазаўрочнай дзейнасці вучняў, якія маюць высокую матывацыю, на базе STEM-цэнтра ўстановы адукацыі”. На гэты раз цьютарская адукацыйная прастора ствараецца шляхам укаранення ГІС-тэхналогій  і магчымасцей лічбавай лабараторыі ва ўрочную і пазаўрочную дзейнасць. Як паказаў час, вынікам выкарыстання ГІС-тэхналогій сталі паступленне выпускнікоў у вядучыя ўстановы вышэйшай адукацыі краіны, паспяховы ўдзел у алімпіядным руху, высокія балы на цэнтралізаваным тэсціраванні.

Як адзначыла К.Г.Малалова, дзеці з цікавасцю ўключаюцца ў такую дзейнасць, складаюць электронныя карты ў рэальным рэжыме. Для таго каб займацца гэтым, неабходна папярэдне вывучыць вялікую колькасць інфармацыі, прааналізаваць яе і прыйсці да пэўнай высновы. Усё гэта ў выніку і выліваецца ў асобасны рост, развіццё метапрадметных кампетэнцый. Так, зараз вельмі радуе сямікласнік, які ўжо дакладна ведае, што хоча стац­ь менавіта біяінфарматыкам, і мэтанакіравана ідзе да гэтага.

У кожнага ўдзельніка фестывалю назапашаны свой вопыт работы з адоранымі вучнямі і ёсць свае сакрэты поспехаў. Нас­таўнік біялогіі сярэдняй школы № 1 Астраўца Гродзенскай вобласці Ягор Генадзьевіч Філіпаў перакананы, што ў яго прадмеце варта рабіць стаўку на эксперымент як сродак фарміравання даследчых уменняў вучняў. Дзякуючы гэтаму, можна будаваць работу з адоранымі дзецьмі і рабіць урокі больш яркімі, цікавымі і запамінальнымі для ўсяго класа. А настаўнік фізікі гімназіі № 2 Пінска Брэсцкай вобласці Аляксандр Аляксандравіч Атліванчык выбраў для сябе іншы шлях. З выкарыстаннем элементаў цьютарскага падыходу ён рыхтуе сваіх навучэнцаў да навукова-практычных канферэнцый, конкурсаў і турніраў. На кожным этапе ён максімальна ўважліва апякае сваіх цьютарантаў. У выніку яны становяцца пераможцамі гарадскіх, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных канферэнцый.

Удзельнікі фестывалю з нецярпеннем чакалі вынікаў конкурсу. Пераможцамі сталі аўтары двух праек­таў: настаўніца сярэдняй школы № 4 Салігорска Вераніка Аляксандраўна Бебех і група педагогаў з сярэдняй школы № 15 Магілёва (Ірына Уладзіміраўна Макарава, Святлана Рыгораўна Наважылава, Ірына Аляксандраўна Гапеева і Галіна Фёдараўна Лаганцова).

Дыпломамі ІІ ступені ўзнагаро­джаны Юлія Уладзіміраўна Гардзецкая (сярэдняя школа № 3 Оршы), Вікторыя Мікалаеўна Струнеўская (Каладзішчанская сярэдняя школа Мінскага раёна), Ала Аляксандраўна Сініца (гімназія № 1 імя К.Каліноўскага Свіслачы), Наталля Віктараўна Плігаўка (сярэдняя школа № 1 Лепеля), Святлана Віктараўна Седзюкевіч (гімназія № 7 Мінска), Ірына Іосіфаўна Беўз і Алена Васільеўна Яфімчанка (сярэдняя школа № 32 Магілёва). Дыпломы ІІІ ступені атрымалі  Вольга Мікалаеўна Райкевіч (Матольская сярэдняя школа), Сандра Уладзіміраўна Гаўлас і Антаніна Алегаўна Лушкевіч (Бараўлянская гімназія), Алена Станіславаўна Міхалюк і Наталля Уладзіміраўна Кузьменка (сярэдняя школа № 152 Мінска), Аляксандр Аляксандравіч Атліванчык (гімназія № 2 Пінска), Наталля Міхайлаўна Тужыкава, Кацярына Рыгораўна Шукайлава і Людміла Ула­дзіміраўна Ліпская (сярэдняя школа № 2 Чавус), а таксама група аўтараў з Альхоўскай сярэдняй школы Астравецкага раёна: Алена Іванаўна Кусойць, Алена Валер’еўна Клімашэўскіс, Яніна Іванаўна Куцько і Галіна Станіславаўна Варанішча.

У намінацыі “Праект” былі а­дзна­чаны Наталля Аляксандраўна Марозава (сярэдняя школа № 40 Мінска) і Вера Пятроўна Папраўка (сярэдняя школа № 66 Гомеля). У намінацыі “Абарона праекта” ўзнагароджаны Іна Уладзіміраўна Хаванская (Нясвіжская гімназія), Таццяна Уладзіміраўна Каладзінская (сярэдняя школа № 15 Мінска), Віктар Аркадзьевіч Ліхалап (сярэдняя школа № 10 Слоніма) і Ягор Генадзьевіч Філіпаў (сярэдняя школа № 1 Астраўца). У намінацыі “Стэндавы даклад” пахвальныя лісты атрымалі Алена Васільеўна Варанкова (гімназія Барані) і Таццяна Валянцінаўна Махно (гімназія імя І.М.Ерашова Лепеля). Пахвальнымі лістамі за актыўны ўдзел у фестывалі адзначаны Ірына Ула­дзіміраўна Захарчук (сярэдняя школа № 2 Слоніма), Ірына Анатоль­еўна Абуховіч (сярэдняя школа № 8 Слоніма), Галіна Дзмітрыеў­на Свянцецкая і Аксана Іванаўна Бучко (Козенская сярэдняя школа Мазырскага раёна), а таксама група аўтараў з сярэдняй школы № 40 Магілёва: Ала Анатольеўна Рычагова, Наталля Міхайлаўна Гарноська і Ангеліна Валер’еўна Ладзеева.

Прайграўшых на фестывалі не было і быць не магло. Старшыня арганізацыйнага камітэта, першы прарэктар Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, кандыдат педагагічных навук, дацэнт Людміла Георгіеўна Тарусава адзначыла, што, нягледзячы на прысуджаныя месцы, усе ўдзельнікі сталі пераможцамі, бо атрымалі магчымасць з новым багажом ведаў вярнуцца ў свае ўстановы адукацыі. Акрамя таго, фестываль стаў месцам знаёмства з аднадумцамі, зносіны з якімі будуць працягвацца. Кожная сустрэча на гэтым мерапрыемстве дорыць натхненне і дае штуршок для развіцця, дапамагае адкрыць для педагагічнай грамадскасці новыя імёны.

На працягу трох дзён у рамках фестывалю былі праведзены 15 разнастайных майстар-класаў, якія таксама вельмі высока ацанілі ўдзельнікі мерапрыемства. Кожны мог выбраць актуальную, цікавую для сябе тэму: больш даведацца пра перадавы вопыт іншых педагогаў па міждысцыплінарнай інтэграцыі, эфектыўных прыёмах актывізацыі пазнавальнай дзейнасці ці прымяненні тэхналогіі дыялогу культур і г.д.

Закрыццё фестывалю атрымалася яркім і эмацыянальным. Як правіла, тыя, хто пабываў тут аднойчы, вяртаюцца сюды і ў наступным годзе, каб зноў у сумеснай творчасці зведаць новае.

Таццяна ШЫМКО.
Фота аўтара.