Крокі ў будучыню

- 15:23Нам пішуць

Прафарыентацыя школьнікаў — неабходны складнік выхавання. Як лепей яе арганізаваць? На што трэба звярнуць увагу?

Распрацавана мноства метадаў, каб дапамагчы чалавеку з выбарам прафесіі. Але нават пасля праходжання ста тэстаў працэс выбару можа не пачацца. Неабходна зразумець, якая работа найбольш цікавая і прыносіць задавальненне.

З гэтай мэтай у рамках суботняга школьнага дня вучні Азерскай школы Уздзенскага раёна наведалі Мар’інагорскі аграрна-тэхнічны каледж. Знаёмства з гэтай установай пачалося з наведвання музея, дзе нам расказалі аб стварэнні каледжа і яго шматгадовай гісторыі. У гэтай установе адукацыі рыхтуюць будучых тэхнікаў-механікаў па спецыяльнасці “Тэхнічнае забеспячэнне працэсаў сельскагаспадарчай вытворчасці”, тэхнікаў-электрыкаў па спецыяльнасці “Энергетычнае забеспячэнне сельскагаспадарчай вытворчасці (электраэнергетыка)” і аграномаў па спецыяльнасці “Агранамія”.

Працягнулася знаёмства ў актавай зале праглядам відэафільма пра Мар’іну Горку. Далей навучэнцы каледжа прадэманстравалі свае таленты. Са сцэны мы пачулі інструментальнае выкананне, песні на англійскай, рускай і беларускай мовах. Было зразумела, што юнакам і дзяўчатам падабаецца тое, чым яны займаюцца і ў іх хапае часу як на вучобу, так і на свае захапленні.

Рабіце выбар! Гэта, канечне, самае складанае. Адна прафесія падабаецца, дазваляе рэалізаваць інтарэсы, другая будзе лёгкай, але не дасць магчымасці рэалізаваць сябе, трэцяя можа быць абсалютна не запатрабавана. Выніковае рашэнне будзе за вамі. І аднесціся да яго патрэбна, безумоўна, сур’ёзна.

Іна СІМАНОВІЧ,
педагог-арганізатар Азерскай школы Уздзенскага раёна Мінскай вобласці.