Крос анёлаў

- 12:01Навіны рэгіёнаў

У рамках Рэспубліканскай акцыі “Тыдзень спорту і здароўя” на базе сярэдняй школы № 6 Калінкавіч адбыўся “Крос анёлаў”. Сямейнае спартыўнае свята праходзіла ў нашым горадзе чацвёрты раз, а яго ідэйным натхняльнікам з’яўляецца трохразовая алімпійская чэмпіёнка Дар’я Домрачава.

На гэты раз фармат мерапрыемства крыху змяніўся: для ўдзелу ў забегу запрашаліся не толькі першакласнікі, але і малыя ад паўгода да шасці гадоў. Ім трэба было пераадолець дыстанцыю ў 50 метраў, прычым любым спосабам — бягом, паўзком, скачкамі. Перад стартам удзельнікі — іх было каля 35 — атрымалі беласнежныя крыльцы, якія прапаноўвалася размаляваць разам з бацькамі, а на фінішы дзетак чакалі цёплыя матуліны абдымкі, паштоўкі з аўтографамі Дар’і Домрачавай, салодкія прызы, граматы і медалі.

— Пераможцаў у гэтым годзе прынцыпова не вызначалі. Гэта ўсё ж свята, а не спартыўнае спаборніцтва, — гаворыць адзін з арганізатараў Вольга Карасільнікава. — Хацелася, каб усе пайшлі з мерапрыемства з узнагародамі і добрым настроем. Вельмі хваляваліся, прыцягваючы да ўдзелу дашкалят, але яны толькі ўпрыгожылі свята.

Дарэчы, самай малодшай удзельніцы “Кросу анёлаў” — Ганне Дарошчанка — нядаўна споўнілася сем месяцаў. Да забегаў дзеткам і іх бацькам прапаноўвалася зрабіць аквагрым, пагуляць з роставай лялькай і станцаваць флэш-моб.

Алена ОТЧЫК,
настаўніца фізічнай культуры і здароўя сярэдняй школы № 6 Калінкавіч.