Летась у Нацыянальным мастацкім музеі дэманстравалася выстава вядомага пецярбургскага жывапісца Ашота Хачатрана — першая яго выстава ў Беларусі. Памятаю тое непаўторнае ўражанне, якое пакінулі палотны мастака. Тады я дакранулася да сапраўднага мастацтва, прасветленага высокай духоўнасцю і непаўторным нацыянальным каларытам.
А нядаўна мне пашчасціла зноў сустрэцца з жывапісцам, і тыя мае ўражанні ўраз ажылі… Ашот Хачатран ахвотна пагадзіўся на гутарку.
— Ашот Ванікавіч, што для вас галоўнае ў жывапісе?
— Гэта калі ёсць тэма, філасофская канцэпцыя, а ты хочаш нешта данесці да людзей. Вельмі важна вось што: ніколі не трэба лічыць гледачоў ніжэйшымі па ўзроўні за сябе. Лепш калі глядач сам прачытае незавершанасць карціны. Чытаецца гэта па-рознаму, у залежнасці ад свядомасці і эмоцый. Тым самым глядач як бы завершыць работу мастака. Для гэтага ў ёй і павінна быць “недавыказанасць”, хоць сам ты пра гэта ніколі не думаеш — проста працуеш. Працуе найперш твая падсвядомасць — яна загадзя ведае шлях самарэалізацыі. Калі ж працуе свядомасць — гэта ўжо літаратурны жанр: апавяданне, раман… А мастак не можа сабе дазволіць апавядаць. Што б я ні пісаў, у першую чаргу павінна быць эмацыянальнае ўздзеянне палатна. Няма эмоцый — няма і мастацтва.
— А ці ёсць, на вашу думку, нейкія агульная прынцыпы, якімі павінен кіравацца ў творчасці кожны мастак?
— Я лічу, што кожны мастак павінен час ад часу перажываць крызіс. Каб спыніцца, зірнуць на тое, што зрабіў, крытычна ацаніць сваю дзейнасць, падумаць і крочыць далей. Я заўсёды кажу: ва ўсіх пытаннях у творчай дзейнасці мастак павінен быць крытыкам нумар адзін. “Ты сам свой найвышэйшы суд”, як казаў паэт. Заўсёды мусіць быць канфлікт з самім сабой, незадаволенасць, сябе ніколі не трэба любіць. Асабліва, калі нешта атрымліваецца і ты адчуваеш прыліў энергіі. Патрэбен свой погляд, асабістыя адносіны да навакольнага свету і да самога сябе. Калі гэтага няма, не будзе нічога добрага. Бо ў такім разе ў нейкі момант мастак непазбежна ператворыцца ў рамесніка. Наогул, творца павінен заўсёды мяняцца. Для сябе я вызначыў, што развіццё мастака адбываецца так: да 30 гадоў ён вучыцца, да 40 — здабывае вопыт, да 50 — адданна працуе. А пасля гэтага ўзросту ён так ці інакш пачынае паўтарацца, але пры гэтым застаецца сабой.
— Прынята лічыць, што каб зразумець творцу, трэба спачатку пазнаёміцца з яго творчасцю. Вось, напрыклад, ваша работа “Званы нашых душ”. Вы паказалі сябе на фоне храма, а на пярэднім плане — стол з вялікімі сакавітымі гранатамі. Недзе я чытала, што ў старажытнай Арменіі гранат лічыўся адным з сімвалаў царквы, хрысціянства, духоўнасці. І ў мяне склалася ўражанне, што вы жывяце так, як пішаце — сумленна, сціпла, шчыра… Скажыце, як чалавеку з такой адкрытай і празрыстай душой жыць і ствараць, прайсці жыццёвы і творчы шлях і заставацца яркай асобай — індывідуальным у мастацтве і светлым чалавекам у душы?
— Усе мы верым у нешта больш высокае і духоўнае. Калі чалавек гаворыць, што ён не вернік, не верце яму. Таму што без веры мы не можам існаваць, калі хочам упарадкаваць сваё жыццё, сваё сумленне… Усё адно чалавек павінен у нешта верыць. Не абавязкова быць хрысціянінам альбо мусульманінам. Была і паганская вера, калі спавядаліся розным багам. Любая вера выратоўвае нас ад усяго: ад холаду і голаду, ад хвароб і духоўнага жабрацтва… Мы народжаны для веры, нават калі і не ходзім у царкву. Калі чалавек на нешта спадзяецца, ён інтуітыўна кажа: “Дай жа Бог”. Усё гэта і дапамагае заставацца, як вы кажаце, светлым у душы. А пра гранат вы правільна сказалі. Для нас, армян, гэта сапраўды сімвал духоўнасці, жыцця, веры.
— Практычна ўсё жыццё вы пражылі ў Пецярбургу. Вядома ж, знаходзіліся пад уплывам рускай культуры. Але пры гэтым застаяцеся армянскім мастаком. Як вам гэта ўдаецца?
— Можа, калі б я жыў у Арменіі, я быў бы іншым мастаком. А Пецярбург мне проста вельмі дапамог у многіх сэнсах. Па-першае, там я магу адчуваць настальгію па Радзіме, што вельмі важна для творцы. Па-другое, гэта пецярбургскія (расійскія) школы. Па-трэцяе, Пецярбург (а раней — Ленінград) вельмі вялікі ўплыў аказвае на чалавека ў прынцыпе. Гэта музеі, паркі, архітэктура… А не разгубіцца, не страціць сваё, нацыянальнае, дапамагаюць адчуванне прыналежнасці да свайго народа, памяць пра свае карані, духоўная роднасць з тысячагадовай гісторыяй, якую стваралі мае продкі. Трэба суперажываць, прапусціць праз сябе, раскрыць усё гэта. Сапраўднае мастацтва павінна быць выключна нацыянальным.
— Вы сябар кіраўніцтва Пецярбургскага саюза мастакоў, арганізатар многіх дабрачынных выстаў. У вашых руках, можна сказаць, знаходзяцца лёсы маладых і, магчыма, выбітных у будучыні майстроў пэндзля. Не змаглі б вы падзяліцца сваім досведам работы з мастакамі-пачаткоўцамі, супрацоўніцтва з калегамі?
— Мастакам-пачаткоўцам я раю заўсёды адно: трэба проста сумленна працаваць, знаходзіцца ў пастаянным творчым пошуку. Шукаць сябе, сваю тэматыку, свой індывідуальны почырк, сваю мову. І калі ў чалавека ёсць талент, то яго рана ці позна заўважаць і яго творчасць ацэняць эксперты. Кожны талент, як той ручай, заўсёды знаходзіць свой шлях. Я займаюся арганізацыяй выстаў і знаходжуся ў прыёмнай камісіі нашага Саюза мастакоў. Ведаеце, бывае, што мастак нібыта і таленавіты, і дасведчаны, але пры гэтым ён ужо як бы аджыў сваё. А бывае так, што мастак і не надта дасведчаны, але ты бачыш, што ён шукае і працуе для душы, і ў яго ўсё ёсць для развіцця. А ўвогуле, у нас выставы заўсёды праходзяць па наступным прынцыпе. Калі ў зале вісіць карціна вядомага майстра, ён сам адказвае за сваю творчасць. А калі ў зале знаходзіцца карціна нікому не вядомага мастака — за яго адказвае выставачны камітэт.
— А што б вы параілі гледачам, якія хочуць наведваць выставы, але не вельмі разбіраюцца ў стылях і кірунках жывапісу? На што ім у першую чаргу трэба звяртаць увагу?
— У жывапісе не абавязкова разбірацца. Яго трэба адчуваць! Напрыклад, некаторыя наведвальнікі маіх выстаў мне казалі: “Прыгожыя работы, мне падабаюцца…” А я пытаўся ў іх: “І чым жа яны вам падабаюцца?” І ў адказ чуў нешта невыразнае: “Ну, не ведаю, нешта кранула…” Вось гэтае “нешта” і ёсць самае галоўнае для любога творчага чалавека. Калі прыгожа спявае Павароці, гучыць чароўная музыка Бетховена, Баха — мне ўсё адно, якой яны нацыянальнасці, на якой мове яны размаўляюць. Галоўнае, што творца перадае крупінку сваёй душы, перажыванняў, настрою. Што чалавек праз гэтую вібрацыю гукаў адчувае, як мурашы бягуць па скуры… Так і павінна ўздзейнічаць сапраўднае мастацтва на чалавека.
Юлія CАВІЦКАЯ.
Фота аўтара і з сайта мастака.