Гэтымі днямі ў Гавядскай сярэдняй школе Шклоўскага раёна адкрываецца новы трасавы сезон у аб’яднанні па інтарэсах “Крутыя віражы”. Яго кіраўнік настаўнік тэхнічнай працы Аляксей Цвяткоў вырашыў не стрымліваць хлопцаў, якія ўсю зіму чакалі дазволу адкрыць школьны гараж са спартыўнымі байкамі і ажывіць стадыён ровам матораў. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
— Хлопцы ва ўсе часы цягнуцца да тэхнікі. І я тут сваіх навучэнцаў добра разумею, — разважае Аляксей Віктаравіч. — У мае школьныя гады былі толькі мапеды. Ну як былі? Мы з сябрам збіралі іх самі: шукалі патрэбныя запчасткі, імі абменьваліся з іншымі дзецьмі. Нашы бацькі дапамагалі рублём, а мой тата яшчэ і рукамі — з ім мы збіралі рухавікі, а ўжо гайкі з сябрам круцілі самі. Рабілі і веласіпеды, рамантавалі іх, мадэрнізавалі, фарбавалі. Сёння ж у нашых школьнікаў ёсць куды большыя магчымасці асвойваць тэхніку.
У аб’яднанні па інтарэсах Аляксея Цвяткова займаюцца юнакі, якім споўнілася 14 гадоў. Кожны з іх можа і кола ў матацыкле памяняць, і акумулятар уставіць. Яшчэ пару гадоў назад навучыцца гэтаму прыходзілі і дзяўчаты, але апошнім часам гэтае школьнае захапленне стала выключна мужчынскім.
Альберт КАВАЛЕЎСКІ, дырэктар школы: Нам хацелася, каб нашы дзеці былі пры справе, мелі заняткі па душы. А чым зацікавіць юнакоў-старшакласнікаў? Вядома, тэхнікай. Таму некалькі гадоў назад у нас з’явіліся спартыўныя матацыклы.
У распараджэнні хлопцаў — шэсць кросавых матацыклаў “Мінск”. Ініцыятыва такога незвычайнага падарунка некалькі гадоў назад належала дырэктару ААТ “Гавяды-Агра” Віталю Закардонскаму, каб дзеці яшчэ ў школе адчулі прыхільнасць да тэхнікі, а пазней тэхнічна падкаваныя выпускнікі мелі большы спектр для выбару спецыяльнасцей. Дарэчы, гэтая задума была правільнай: некаторыя пасля школы засталіся працаваць у гаспадарцы — вадзіцелямі, механізатарамі і інш.
— У адрозненне ад гоначных матацыклаў, якія прызначаны для язды па роўнай шашы, на гэтых матацыклах з шыпаванымі коламі можна асвойваць любое бездарожжа. Праўда, для гэтага трэба падрасці да 16 гадоў і атрымаць вадзіцельскае пасведчанне. Але я раю сваім навучэнцам не спяшацца і вучыцца адразу на катэгорыю В (легкавы аўтамабіль), — гаворыць Аляксей Цвяткоў.
А пакуль гурткоўцы дасканала засвойваюць правілы дарожнага руху. Іх вучэбны кабінет размяшчаецца прама ў школе, паміж майстэрняй па тэхнічнай працы і цірам, а гараж для матацыклаў — побач з будынкам школы, на яе тэрыторыі. У кабінеце ўстаноўлены макет матацыкла, на якім падлеткі вывучаюць будову і прынцып работы рухавіка, усе вузлы.
Тут жа — адноўленыя настаўнікам стэнды з заданнямі па праездзе перакрыжаванняў у сельскай мясцовасці і на дарогах з пакрыццём. Лямпачкі ўключаюцца тумблерамі, і можна зымітаваць розныя дарожныя сітуацыі на перакрыжаваннях, каб вывучаць чарговасць праезду. На гэта тут адводзіцца ўся зіма, а вясной і восенню ў старшакласнікаў — доўгачаканае ваджэнне. Пляцоўкай служыць школьны стадыён, прыстасаваны для гэтага, абсталяваны знакамі, разметкай.
Матацыклы — выдатны рэцэпт прафілактыкі лічбавай залежнасці сярод падлеткаў. Ніякая камп’ютарная гульня не параўнаецца па эмоцыях і ўзроўні адрэналіну з яздой на спартыўным матацыкле!
Цікава, што ў гурток старшакласнікі ходзяць не толькі падчас вучобы ў школе, але і пасля выпуску. Студэнты, прыязджаючы дадому на канікулы, заўсёды стараюцца завітаць на школьны стадыён, сустрэцца з Аляксеем Віктаравічам і, асядлаўшы матацыклы, прадэманстраваць бездакорную “змейку”.
Да самага выпуску сярод навучэнцаў педагога былі і яго старэйшыя прыёмныя дзеці Мікіта і Андрэй, якім ужо 20 і 22 гады. Калі выраслі яны і іх родныя дзеці, Аляксей Віктаравіч са сваёй жонкай Аленай Рыгораўнай сталі бацькамі-выхавальнікамі ў дзіцячым доме сямейнага тыпу. Цяпер яны выхоўваюць пяцярых малодшых дзяцей.
Мікіта атрымаў эканамічную адукацыю, вярнуўся ў родную гаспадарку, працуе і з тэхнікай, праўда, часцей з квадракоптарам. Ён адказны за выпуск сельскагаспадарчай тэхнікі. Так навыкі, якім навучыў яго бацька, не забываюцца. Зрэшты, не забываюць пра гэта і іншыя: Аляксей Віктаравіч выкладае ў школе яшчэ і тэхнічную працу — вучыць хлопцаў апрацоўваць драўніну, метал, рабіць дробны рамонт ці нескладаную мэблю, таму ім любая мужчынская справа пад сілу.
Аб’ядноўвае выпускнікоў і любоў да роднага краю. Большасць з іх, атрымаўшы адукацыю, вяртаюцца дадому. У многім гэтаму спрыяе мясцовая гаспадарка, якая не толькі інвестуе ў будучых спецыялістаў, матэрыяльна падтрымліваючы школу і аграгарадок у цэлым, але і прапаноўвае сваім спецыялістам годны заробак, шырокі сацпакет і жыллё.
Святлана НІКІФАРАВА
Фота Алены МІНАКОВАЙ