Крыніца памяці

- 11:35Нам пішуць

Патрыятычнае выхаванне — адзін з прыярытэтных кірункаў выхаваўчай работы ў дзіцячым рэабілітацыйна-аздараўленчым цэнтры “Лясная паляна”, таму традыцыйна кожны год мы рыхтуемся да 9 Мая з асаблівай руплівасцю.

Каб пашыраць і паглыбляць веды выхаванцаў аб Вялікай Айчыннай вайне, выхоўваць пачуццё патрыятызму, любові да сваёй Радзімы і павагі да людзей, якія заваёўвалі перамогу, праводзіцца тэматычны тыдзень “Хай не вычарпаецца крыніца памяці”: заняткі, гутаркі, вусныя часопісы, прагляд і абмеркаванне фільмаў патрыятычнай тэматыкі. Выхавальнікі расказваюць дзецям, якія праходзяць аздараўленне ў цэнтры, аб доўгім і цяжкім шляху, што папярэднічаў дню Перамогі. Арганізоўваецца выстава дзіцячых малюнкаў, у бібліятэцы — тэматычная кніжная выстава. У рамках тэматычнага тыдня праводзіцца лёгкаатлетычны крос, а таксама ваенна-патрыятычная гульня “Зарніца”.

8 мая, напярэдадні Дня Перамогі, члены калектыву і дзеці ўзялі ўдзел у раённай акцыі “Гадзіна Памяці” і ўсклалі кветкі да помніка землякам, што загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны ў вёсцы Жодзішкі.

Музычна-тэатралізаваная пастаноўка “Дзеці вайны” і сустрэча з ветэранам Вялікай Айчыннай вайны В.П.Мускім падводзяць вынік усіх мерапрыемстваў.

Вершы, песні, танцавальныя нумары акунаюць гледачоў у атмасферу ваенных гадоў. Тэатралізацыя дапамагае данесці горыч расстання маладой дзяўчыны з каханым, перадаць заўчаснае сталенне маленькіх дзяцей, у якіх вайна забрала дзяцінства, родны дом і бацькоў… Адчуць гора маці, якая больш за ўсё на свеце жадае сустрэчы з сынам, а ён ніколі не вернецца з вайны… Паказаць дзецям, як жылі і ў што верылі іх аднагодкі, як падтрымлівалі адно аднаго і не гублялі надзеі жанчыны і дзеці, якія правялі на фронт сваіх мужоў і бацькоў… З асаблівым пачуццём гучаць са сцэны словы аб перамозе міру.

Зала апладзіруе стоячы: артыстам, героям, якія цаной свайго жыцця і здароўя падаравалі нам перамогу, апладзіруе гэтаму дню, апладзіруе міру.

Хвіліна маўчання, дагледжаныя магілы і помнікі, увага і дапамога ўдзельнікам і жывым відавочцам тых страшных гадоў — сведчанне нашай памяці.

Святлана ІЗАФАТАВА,
выхавальнік КУП ДРАЦ “Лясная паляна” Смаргонскага раёна.