Пад такой назвай у Маларыцкай раённай гімназіі прайшоў тыдзень беларускай мовы і літаратуры, у якім актыўна ўдзельнічалі вучні 1—11 класаў. На працягу 6 дзён ладзілася шмат цікавых і пазнавальных мерапрыемстваў. Кожны дзень быў насычаны і адметны.
Кемлівыя знаўцы роднай мовы дэманстравалі веды ў інтэлектуальных спаборніцтвах: разгадвалі рэбусы і крыжаванкі, удзельнічалі ў дыстанцыйнай інтэрнэт-алімпіядзе, віктарыне “Папацей, грамацей!”, экспрэс-віктарыне “Чый медаль” і квэст-гульні “Лепшы літаратуразнаўца”. Вучні 5—11 класаў пісалі падабайкі роднай мове і спрабавалі сілы ў конкурсе творчых работ. Многія надоўга затрымліваліся ля выставы малюнкаў “Мой любімы герой” і насценгазеты “Незвычайныя помнікі Беларусі”. Вялікую цікавасць у вучняў выклікалі гульні “Гаворым па-беларуску” і “Што ні слова, то дыямент”, а таксама літаратурны вернісаж “Пазнай пісьменніка” і запаўненне анкеты “Шэсць прычын размаўляць на роднай мове”.
У рамках тыдня беларускай мовы і літаратуры арганізоўваліся экскурсіі ў гімназічны краязнаўчы музей “Спадчына”, Маларыцкую дзіцячую бібліятэку і Маларыцкі раённы цэнтр народнай творчасці, праходзілі інфармацыйныя гадзіны на тэму “Вобразная, вольная, пявучая мова беларуская мая”, працавала выстава “Ластаўкі беларускай паэзіі” і “Паклон беларускаму Слову”.
Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.