“На старт! Увага! Па кубак!” — так пачалася гісторыя традыцыйнага ўніверсітэцкага каманднага спартыўна-турыстычнага конкурсу “Кубак першакурсніка БДУ”. Штогадовы праект БРСМ Белдзяржуніверсітэта прайшоў 30 верасня ў маляўнічым кутку сталіцы — Гаі. Чым здзіўлялі ўдзельнікі ў гэтым годзе і што ў іх атрымалася?
Перад першакурснікамі стаяла мноства задач: ім трэба было сабраць каманду, прыдумаць самую незвычайную гісторыю для візітоўкі, прайсці спартыўна-інтэлектуальна-турыстычную сцяжыну, паказаць свой узровень артыстызму ў творчым конкурсе, зня ць відэаролік і зрабіць самае дружнае агульнае фота, якое адлюстроўвала б стыль каманды. Да таго ж у гэтым годзе арганізатары выбралі даволі сімвалічную тэматыку ў сувязі з надыходзячым юбілеем арганізацыі: “15 гадоў БРСМ БДУ: працяг будзе”.
“Асноўная мэта правядзення “Кубка першакурсніка БДУ”, — расказала Хрысціна Кячко, адна з арганізатараў мерапрыемства, — аб’яднанне першакурснікаў факультэтаў, знаёмства з традыцыямі БРСМ БДУ, пошук новых сяброў, атрыманне незабыўных эмоцый. У гэтым годзе была зменена турыстычная сцяжына. Мы яе ўскладнілі, дабавілі незвычайныя і запамінальныя пікеты, каб удзельнікам было цікавей праходзіць этапы конкурсу”.
Удзельніца мерапрыемства Кацярына Сінкевіч адзначыла, што хлопцы і дзяўчаты вельмі згуртаваліся за час падрыхтоўкі да спаборніцтваў. “У нас нават з’явілася своеасаблівая крычалка. А пасля таго, як мы выканалі ўсе заданні ў лесе, нас накармілі смачнай кашай. На той момант гэта аказалася лепшым, чаго можна было жадаць”, — сказала дзяўчына.
За галоўны прыз змагаліся 16 каманд розных факультэтаў і інстытутаў БДУ. Яны абганялі адна адну на турыстычнай сцяжыне, знімалі самыя крэатыўныя і цікавыя відэа, здзіўлялі журы крычалкамі, згуртаванасцю і нават спаборнічалі ў паяданні салдацкай кашы.
У гэтым годзе “Кубак першакурсніка БДУ — 2017” аказаўся ў курсантаў з каманды БРСМ ваеннага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Яны прайшлі ўсе конкурсныя выпрабаванні, з лёгкасцю апярэдзіўшы сапернікаў, і паказалі, што значыць быць адзінай камандай, якую не змогуць разбіць ні цяжкасці, ні канкурэнцыя.
Акрамя кубка, былі разыграны іншыя прызы і намінацыі. Каманда БРСМ філалагічнага факультэта і БРСМ ДІКСТ БДУ занялі 2-е і 3-е месцы адпаведна, самай творчай камандай сталі ўдзельнікі з біялагічнага факультэта, а ў намінацыі “Самая яркая асоба “Кубка першакурсніка БДУ — 2017” перамогу атрымаў капітан каманды юрыдычнага факультэта Іван Маталыга.
У гэтым годзе “Кубак першакурсніка БДУ” прайшоў на выдатна, а ў наступным — мы здзівім вас яшчэ больш, абяцаем!
Настасся ЛАРЫНА.
Фота аўтара.