Курэнне: спосабы маніпуляцыі

- 15:58Нам пішуць

25 лістапада ў рамках Тыдня здаровага ладу жыцця ў Азёрской дзяржаўнай санаторнай школе-інтэрнаце Гродзенскага раёна прайшла чарговая сустрэча навучэнцаў з настаяцелем храма Святога Духа аграгарадка Азёры пратаіерэем Юрыем Пяшко.

Размова ішла аб прафілактыцы курэння і наркаманіі. Хрысціянскі погляд на праблему, спосабы маніпуляцыі свядомасцю чалавека, адказнасць кожнага з нас за свае рашэнні і ўчынкі — вось тыя аспекты праблемы, якія былі ў цэнтры ўвагі. Пасля ўступнай лекцыі святара пра шкоду тытуню і курыльных сумесяў падлеткі разам з педагогамі паглядзелі прафілактычны дакументальны фільм “Тытунекурэнне: спосабы маніпуляцыі”, які выклікаў непадробную цікавасць гледачоў, дзякуючы цікавай падачы матэрыялу, на першы погляд, вядомага школьнікам. Былі прадэманстраваны хітрыкі вытворцаў тытунёвых вырабаў, гатовых на любую здзелку з сумленнем дзеля выгады і атрымання прыбытку. Паказана праўда пра “бясшкоднасць” электронных і “лёгкіх” цыгарэт, навукова абгрунтавана хуткасць узнікнення ў падлетка тытунёвай залежнасці.

Сустрэча завяршылася абмеркаваннем фільма і праблемы ў цэлым. Парадавала тое, што нашы дзеці здолелі беспамылкова адказаць на ўсе пытанні айца Юрыя, якія тычацца паднятай тэмы.

Наталля ПІЦКО,
намеснік дырэктара па выхаваўчай працы
Азёрскай дзяржаўнай санаторнай школы-інтэрната Гродзенскага раёна.