Лабараторыі для юных даследчыкаў

- 14:54Выхаванне

У НДЦ “Зубраня” чарговы раз на традыцыйную змену “Максімум, або 100%” сабраліся выдатнікі вучобы з усіх рэгіёнаў Беларусі, таксама ў цэнтр з’ехаліся юныя эколагі, якія працуюць па праграме “Зялёная школа. Далучайся!”. Больш за 200 навучэнцаў адпачываюць, а таксама займаюцца вучэбна-даследчай дзейнасцю ў рамках шэрага навучальных праектаў.

Кожную змену ў цэнтры фарміруецца шэраг атрадаў самых разнастайных профіляў: фізікаў, хімікаў, біёлагаў, робататэхнікаў. У экалагічным напрамку дзейнічаюць экалагічны атрад і атрад, які працуе па праграме “Зялёная школа”. Працуюць таксама профільны сацыяльна-педагагічны атрад, у складзе якога навучэнцы педкласаў, валанцёрскі атрад пад патранажам “Чырвонага крыжа”, атрад, які складаецца з выхаванцаў сямейных дзіцячых дамоў, некалькі санаторных, спартыўных, творчых атрадаў.

У цэнтры створаны выдатныя ўмовы для паглыбленага вывучэння школьных дысцыплін і вучэбна-даследчай дзейнасці. У прыватнасці, не так даўно ў НДЦ “Зубраня” пачаў работу аснашчаны найноўшай тэхнікай лабараторны комплекс “Юніёр Плюс”. Гэта пляцоўка для ўдасканальвання практычных навыкаў адораных дзяцей, якія прыязджаюць у цэнтр на працягу года. У яго склад уваходзяць 6 лабараторый: робататэхнікі, віртуальнай і дапоўненай рэальнасці, фізікі, хіміі, экалогіі, інфармацыйная лабараторыя. Таксама для якаснага вывучэння замежных моў абсталяваны лінгвістычныя класы.

Для хімічнай лабараторыі быў набыты комплекс абсталявання для вызначэння колькаснага і якаснага складу рэчываў. Унікальнымі для навучальнай установы з’яўляюцца іонамер для выканання работ па патэнцыяметрычным вызначэнні іонаў і спектрафатометр для вызначэння канцэнтрацыі рэчываў да даўжыні хвалі.

Для фізічных эксперыментаў выкарыстоўваецца сучасны лічбавы лабараторны комплекс. Выкарыстоўваючы разнастайныя датчыкі (сілы, адлегласці, ціску, тэмпературы, сілы току, напружання, гуку, магнітнага поля і інш.), можна навучыцца не толькі знімаць дакладныя параметрычныя значэнні, але і эфектыўна апрацоў­ваць атрыманыя звесткі.

Біёлага-экалагічная лабараторыя аснашчана тэхнікай, якую не сустрэнеш у звычайным школьным кабінеце біялогіі. Сярод прыбораў — монакулярныя з высокай ступенню павелічэння (да 1000 разоў) і стэрэамікраскопы, якія даюць магчымасць атрымліваць 3D-выяву. Таксама ёсць мікраскопы з відэаакулярамі, якія дазваляюць вывесці карцінку на экран камп’ютара ці зрабіць мікраздымак для далейшай работы.

— Сярод спецыяльнага абсталявання лабараторыі — цэнтрыфугі, апарат электрафарэзу, муфельная печка, сушыльная шафа, спецыяльныя прыборы для вызначэння кіслотнасці глебы і канцэнтрацыі кіслароду ў вадзе. Ёсць нават кліматастат для правядзення біятэсціравання і вывучэння ўласцівасцей біялагічных асяроддзяў, — расказаў настаўнік біялогіі школы НДЦ “Зубраня” Сяргей Косік. — Такія прыборы ёсць нават не ва ўсіх універсітэтах, многія з іх ужывую я калісьці таксама пабачыў упершыню, але разабрацца і асвоіць прынцып работы з імі было нескладана. Тым больш што заўсёды можна разлічваць на кансультацыю калег з УВА, бо кожную лабараторыю, акрамя штатнага выкладчыка цэнтра, курыруе кандыдат навук з установы вышэйшай адукацыі.

Сярод спецыялістаў, якія пра­цуюць на працягу года з дзецьмі і настаўнікамі, — супрацоўнікі вучэбна-навуковага цэнтра “Нарачанская біялагічная станцыя імя Г.Г.Вінберга” біялагічнага факультэта Белдзяржуніверсітэта, выкладчыкі БДПУ імя Максіма Танка і БНТУ.

— Робататэхнікай у асноўным займаюцца навучэнцы з 6 па 10 клас, — адзначыў педагог дадатковай адукацыі Юрый Малякоў, які кіруе работай робататэхнічнай лабараторыі. — На адну змену прыязджаюць навучэнцы аднаго ўзросту, якія і жывуць у адным атрадзе, і вучацца ў адным класе. Многія 6—7-класнікі бы­ваюць больш прасунутымі ў пэўных галінах, чым іх старэйшыя калегі. Усё залежыць ад таго, як дзіця ўспрымае LEGO-канструяванне і візуальнае праграмаванне: малодшыя маюць большую ступень захопленасці і бачаць больш перспектыў у развіцці.

Для кожнага профілю існуе свая праграма практычных заняткаў, якая сінхранізавана са школьным курсам. Адрозненне ў тым, што ў цэнтры адбываецца больш глыбокае вывучэнне праграмнага матэрыялу за кошт павелічэння практычнага складніка: за час знаходжання ў цэнтры навучэнцы праходзяць 35-гадзінны факультатыўны практычны курс.

Абсталяванне лабараторый таксама выкарыстоўваецца для падрыхтоўкі навучэнцаў да ўдзелу ў алімпіядах (у тым ліку правядзення збораў для падрыхтоўкі да міжнародных прадметных алімпіяд) у частцы выканання практычных і лабараторных работ, рашэння эксперыментальных задач павышанай складанасці.

Па словах намесніка дырэктара цэнтра па вучэбнай рабоце Ганны Пляшак, распрацаваныя вучэбныя праграмы дазваляюць пазнаёміць навучэнцаў з сістэмай навуковых метадаў даследавання і набыць вопыт эфектыўнага выкарыстання сучаснага электроннага абсталявання.

— Доследы, выкананыя сваімі рукамі і на аснове ўласных разлікаў, — адзначае Ганна Львоўна, — надзейна замацоўваюць атрыманыя на ўроках тэарэтычныя веды навучэнцаў, даюць магчымасць на высокім узроўні, з улікам усіх патрабаванняў да афармлення вынікаў даследаванняў, ажыццяўляць праектную і даследчую дзейнасць, а таксама якасна рыхтавацца да практычных тураў прадметных алімпіяд.

Аляксандр ГАРНАСТАЕЎ.