Калі мы з калегамі наведвалі Магілёўскі прафесійны электратэхнічны каледж, падумалася, што арганізацыя работы ва ўстанове — гэта быццам увасабленне фізічнага закона захавання энергіі. У каледжы на падрыхтоўку навучэнцаў накіроўваюць каласальную энергію, але яна нікуды не знікае, бо пераўтвараецца ў дасягненні навучэнцаў, якія становяцца кваліфікаванымі спецыялістамі, пераможцамі прафесійных конкурсаў і проста добрымі, выхаванымі людзьмі.
На лідарскіх пазіцыях
Каледж без перабольшання можна назваць адной з лепшых устаноў прафесійнай адукацыі на Магілёўшчыне. Кожнага лідара вызначае імкненне адпавядаць сучаснай сітуацыі і думаць на перспектыву. Менавіта так адбываецца ў каледжы. Юнакам і дзяўчатам тут прапануюць 12 спецыяльнасцей. Прычым навучэнцы маюць магчымасць атрымаць адразу дзве спецыяльнасці: асноўную і дадатковую.
Каб навучанне вялося на высокім узроўні, ва ўстанове створаны шэраг лабараторый, вучэбна-вытворчых майстэрняў, абсталяваных у адпаведнасці з сучаснымі тэндэнцыямі і тэхналогіямі. Так, у каледжы пачалі вывучаць альтэрнатыўныя крыніцы энергіі. Безумоўна, гэта адна з агульнасусветных тэндэнцый сучаснасці. Вось і для Беларусі гэтая тэма надзвычай актуальная, бо наша краіна далёка не поўнасцю забяспечана ўласнымі паліўна-энергетычнымі рэсурсамі. Альтэрнатыўныя крыніцы энергіі становяцца ўсё больш запатрабаванымі, і неабходны спецыялісты, якія могуць працаваць на абсталяванні, звязаным з такімі крыніцамі. У вучэбныя планы каледжа была ўведзена дысцыпліна “Альтэрнатыўныя крыніцы энергіі”, і створана лабараторыя “Ахова навакольнага асяроддзя і энергазберажэнне”.
У лабараторыі ёсць стэнды, якія дэманструюць работу сонечнай устаноўкі з сонечным калектарам і цеплавой помпы. У майстэрнях каледжа сабралі спецыяльную пражэктарную групу, якая імітуе сонечнае святло. Пражэктары свецяць на калектар, і пачынаецца працэс выпрацоўкі цяпла. Мяняючы інтэнсіўнасць святла штучнага сонца, вугал падзення промняў, навучэнцы могуць назіраць, як гэта ўплывае на агульны вынік.
— Сонечны калектар паглынае цеплавы складнік сонечнага выпраменьвання і награвае ваду, якая ідзе тут па трубах. У лабараторных умовах мы награвалі ваду за паўгадзіны да 60 градусаў. Больш награваць нельга па інструкцыі, — расказвае Уладзімір Віктаравіч Кальянаў, выкладчык спецдысцыплін. — Назіраючы за гэтымі працэсамі, навучэнцы разумеюць іх сутнасць, засвойваюць такое важнае паняцце, як эфектыўнасць.
А яшчэ на даху грамадска-бытавога корпуса каледжа ўсталяваны фотаэлектрычны трэкер, які забяспечвае каледж электраэнергіяй. Таксама ўстаноўка прымяняецца ў вучэбных мэтах для дэманстрацыі прынцыпу дзеяння фотаэлектрычных станцый, пераўтварэння электрычнай энергіі пастаяннага току ў пераменны ток прамысловай частаты.
Шэраг майстэрняў зусім нядаўна папоўніўся яшчэ адной: рыхтуецца да адкрыцця майстэрня па падрыхтоўцы аператараў сувязі. Дарэчы, Магілёўскі электратэхнічны каледж — адзіная ў вобласці ўстанова, якая рыхтуе такіх спецыялістаў. У майстэрні нас сустрэла майстар вытворчага навучання Ала Іванаўна Трацэўская.
— Тут ужо зманціравана новае абсталяванне, якое адпавядае патрабаванням “Белпошты”. Зараз на яго ўстанаўліваецца праграмнае забеспячэнне. Ужо зусім хутка тут пройдзе юбілейны Х Рэспубліканскі конкурс прафесійнага майстэрства аператараў сувязі. Але самае галоўнае, што ўсё гэта будзе выкарыстоўвацца ў вучэбным працэсе і будзе спрыяць найбольш якаснай падрыхтоўцы спецыялістаў.
У канцы мінулага года Магілёўскі прафесійны электратэхнічны каледж адсвяткаваў 65-годдзе. Сёння ў каледжы налічваецца амаль 600 навучэнцаў. Адукацыйны працэс забяспечваюць 69 выкладчыкаў і майстроў вытворчага навучання.
Будучыя супрацоўнікі пошты вывучаюць у каледжы работу праграмна-тэхнічнага комплексу, які выкарыстоўваецца для аўтаматызацыі ўліку, назапашвання, апрацоўкі даных пры рэалізацыі тавараў, аказанні розных паслуг. Яны вучацца пакаваць, афармляць, прымаць і рыхтаваць да адпраўкі паштовыя адпраўленні і грашовыя пераводы.
Новыя рэсурсы
Лагічным этапам развіцця ўстановы стала стварэнне рэсурснага цэнтра па спецыяльнасці “Тэхнічная эксплуатацыя электраабсталявання”. Цэнтр — гэта комплекс майстэрняў, кабінетаў і лабараторый, аснашчэнне якіх бесперапынна ўдасканальваецца. Штогод па розных кірунках дзейнасці на базе рэсурснага цэнтра праходзяць навучанне каля 400 чалавек. Гэта ў першую чаргу навучэнцы Магілёўскага электратэхнічнага каледжа, а таксама іншых устаноў прафесійнай адукацыі. Калі мы завіталі ў майстэрню па абслугоўванні сілавога электраабсталявання, то ўбачылі на занятках навучэнцаў Магілёўскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя № 2. Таксама сюды прыязджаюць на заняткі навучэнцы шэрага ўстаноў Магілёва, Бабруйска, Мсціслава, дзе вядзецца падрыхтоўка спецыялістаў у дадзеным кірунку.
— Тут мы праводзім мантаж электрычных схем рознай складанасці, — расказвае пра майстэрні па абслугоўванні сілавога электраабсталявання майстар вытворчага навучання Сяргей Уладзіміравіч Ласянкоў. — На заключным этапе навучання маладыя людзі выконваюць практычныя работы на атрыманне разраду, звычайна трэцяга ці чацвёртага. Бывалі выпадкі, калі навучэнцы атрымлівалі адразу пяты разрад.
Акрамя работы з навучэнцамі, на базе рэсурснага цэнтра праходзяць стажыроўкі педагагічных работнікаў, арганізавана дадатковая адукацыя дарослых, ажыццяўляецца прафесійная падрыхтоўка слухачоў, накіраваных упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва. Цэнтр стаў і добрай прафарыентацыйнай пляцоўкай: сюды на майстар-класы і экскурсіі прыходзяць школьнікі.
Яшчэ адна важная місія рэсурснага цэнтра — спрыяць падрыхтоўцы да конкурсаў прафесійнага майстэрства, у тым ліку WorldSkills. Для падрыхтоўкі да рэспубліканскага этапу гэтага конкурсу ў майстэрні па мантажы і абслугоўванні асвятляльных прыбораў было створана спецыяльнае рабочае месца і арганізавана сістэмная падрыхтоўка. Вынік не прымусіў сябе чакаць: Канстанцін Цітоў стаў лепшым у рэспубліцы на WorldSkills Belarus — 2016 у кампетэнцыі “Электрамантажныя работы”. Праз два гады Пётр Сібараў на гэтым жа этапе конкурсу стаў другім. Мы сустрэлі навучэнца ў майстэрні, у гэтым годзе ён стаў першым у вобласці і зноў рыхтуецца да рэспубліканскіх спаборніцтваў.
— Калі прыйшоў сюды вучыцца, адразу зразумеў, што гэта маё, вучыцца мне было цікава. І калі даведаўся пра конкурс, вырашыў удзельнічаць. Вельмі стараўся на адборачным этапе, каб прайсці далей і рыхтавацца да сур’ёзных спаборніцтваў, — расказвае Пётр. — У майстэрні я рыхтуюся да рэспубліканскіх спаборніцтваў. Тут вельмі добра трэніравацца: ёсць і неабходныя інструмены, каб адпрацаваць добрую хуткасць, і вопытныя майстры, якія могуць навучыць патрэбным уменням.
У каледжы паспяхова вядуць пазабюджэтную дзейнасць. Установа аказвае паслугі па дэмантажы каштоўных металаў, устаноўцы аўтаматычных пажарных сігналізацый, сістэм відэаназірання, праводзяць электрамантажныя работы, электрафізічныя вымярэнні і выпрабаванні, таксама ў каледжы працуе аўташкола. За 2019 год ад пазабюджэтнай дзейнасці атрыманы даход 656,6 тысячы беларускіх рублёў. Работы ў гэтым кірунку ажыццяўляюць 19 чалавек.
Побач трэніруецца і прадстаўнік новага пакалення канкурсантаў. Яўген Марачкоўскі яшчэ толькі далучаецца да конкурснага руху, але ўжо займаецца ў майстэрні, назіраючы за старэйшым таварышам. Хутка прыйдзе час, калі Пётр скончыць каледж і пойдзе працаваць. Яўген спадзяецца з гонарам прадоўжыць яго пераможныя справы.
Рэсурсны цэнтр каледжа і надалей збіраюцца развіваць. У планах — павялічыць колькасць тэм, якія можна тут вывучаць, пашырыць спектр кваліфікацый, па якіх вядзецца падрыхтоўка, запрашаць на стажыроўкі і майстар-класы ў рэсурсны цэнтр навучэнцаў і майстроў вытворчага навучання з Расіі.
Раўнавацца на майстроў
Поспехі навучэнцаў у прафесійных конкурсах, іх высокі ўзровень падрыхтаванасці да работы (пра што сведчаць водзывы работадаўцаў) — не выпадковасць, а вынік мэтанакіраванай работы калектыву каледжа. Выкладчыкі і майстры вытворчага навучання служаць цудоўным прыкладам для моладзі. На працягу некалькіх гадоў прадстаўнікі каледжа прызнаваліся лепшымі ў абласным конкурсе “Майстар года”. На верхнюю прыступку п’едэстала гонару ўзнімаліся Уладзімір Мікалаевіч Наймушын, Ала Іванаўна Трацэўская, Аляксандр Уладзіміравіч Дзянісаў, сёлета Андрэй Анатольевіч Аніськоў заняў другое месца на конкурсе.
Педагагічны калектыў працуе ў рэжыме развіцця і выкарыстоўвае ў вучэбным працэсе разам з традыцыйнымі метадамі і методыкамі сучасныя. Шырокае прымяненне знайшлі электронныя сродкі навучання, што пашырае магчымасці самастойнай працы навучэнцаў над матэрыялам, мяняе формы і метады вучэбнай работы, дапамагае арыентавацца ў інфармацыйных патоках, у асяроддзі мультымедыя.
Творчая група педагогаў каледжа распрацавала электронны вучэбны дапаможнік па дысцыпліне “Спецтэхналогія” (раздзел “Эксплуатацыя і рамонт электраабсталявання размеркавальных прылад і трансфарматарных падстанцый”). Выкладчык спецдысцыплін Таццяна Сцяпанаўна Грамыка распрацавала вучэбны дапаможнік “Лабараторны практыкум” па дысцыпліне “Электрычныя апараты” для выкарыстання выкладчыкамі ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай адукацыі.
Умелае прымяненне электронных сродкаў навучання на занятках дазваляе педагогам каледжа не толькі разнастаіць традыцыйныя формы навучання, але і вырашаць самыя розныя задачы: павышаць матывацыю, дыферэнцыраваць работу навучэнцаў, спрашчаць маніторынг ведаў і ўменняў моладзі. Заняткі становяцца змястоўнымі, цікавымі, эмацыянальнымі, больш прывабнымі для навучэнцаў. Вопыт педагогаў каледжа паказвае, што стварэнне электронных сродкаў навучання дорыць бязмежныя магчымасці. Багацце ілюстрацый, анімацый і відэафрагментаў, гукавое суправаджэнне, магчымасць праверкі ведаў у форме тэсціравання, праблемных пытанняў і задач дазваляюць вучню не толькі самастойна выбіраць зручны тэмп і форму ўспрымання матэрыялу, але і пашыраць кругагляд і паглыбляць свае веды.
У Магілёўскім прафесійным электратэхнічным каледжы вядзецца падрыхтоўка кадраў на ўзроўні прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. На ўзроўні ПТА можна атрымаць такія кваліфікацыі, як “электраманцёр па рамонце і абслугоўванні электраабсталявання”, а таксама “электраманцёр па рамонце апаратуры рэлейнай абароны і аўтаматыкі”, “электрамантажнік па электраабсталяванні, сілавых і асвятляльных сетках”, “вадзіцель”, “слесар па рамонце аўтамабіляў”, “кабельшчык-спайшчык”, “прадавец”, “аператар сувязі”. На ўзроўні ССА навучэнцы атрымліваюць кваліфікацыю “тэхнік-электрык”.
Шырокае прымяненне атрымалі інтэграваныя ўрокі з выкарыстаннем інфармацыйных тэхналогій. Гэта ўрокі па спецтэхналогіі і вытворчым навучанні, інфарматыцы і матэматыцы, спецтэхналогіі і інфарматыцы, радыёэлектроніцы і інфарматыцы, хіміі і біялогіі. Такія заняткі спрыяюць фарміраванню ўменняў эксперыментальна-даследчай дзейнасці, актывізацыі пазнавальнай дзейнасці, павышэнню эфектыўнасці і якасці навучання, паглыбленню міжпрадметных сувязей за кошт інтэграцыі інфармацыйнай і прадметнай падрыхтоўкі.
Дырэктар установы Віктар Віктаравіч Бурака заўсёды падкрэслівае, што з такімі паплечнікамі, творчымі, ініцыятыўнымі, прыстойнымі, не страшна брацца за любую справу. У каледжы ёсць шмат цудоўных кабінетаў, майстэрняў, лабараторый. Але лабараторыямі поспеху іх могуць зрабіць толькі людзі.
Дар’я РЭВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.