Легенды слуцкіх паясоў

- 12:07Культура

Знакамітыя на ўвесь свет слуцкія паясы — адзін з брэндаў Беларусі. Прапануем вам на гэтых канікулах пабываць у самым вядомым тэкстыльным цэнтры і на свае вочы ўбачыць гэтыя легендарныя шэдэўры матэрыяльнай культуры краіны.

Музей гісторыі слуцкіх паясоў зусім ­малады: яму ўсяго 7 гадоў. З дня яго адкрыцця тут не зачыняюцца дзверы для школьнікаў — як са Слуцка і раёна, так і з усёй краіны. Асабіста мяне гэтая акалічнасць асабліва радуе, бо некалі ў нас, навучэнцаў Вясейскай сярэдняй школы Слуцкага раёна, уба­чыць гэты сусветна вядо­мы скарб магчымасці не было — пра яго мы даведваліся толькі з кніг. Таму цяпер ад наведвання музея я атрымала асаблівую асалоду. 

Гісторыя паясоў пачалася тут у 30-х гадах XX стагоддзя, калі ў Слуцку адна арцель аб’яднала ўсіх, хто валодаў прыёмамі традыцыйнага народнага рамяства. У 1960-х арцель была рэарганізавана ў Слуцкую фабрыку мастацкіх вырабаў, а ў межах рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы па адраджэнні тэхналогій і традыцый вытворчасці слуцкіх паясоў у 2013—2015 гадах з’явіўся гэты культурна-вытворчы комплекс — з Музеем гісторыі слуцкіх паясоў, сувенірнай крамай, кафэ і вытворчым цэхам па вырабе копій і аналагаў слуцкіх паясоў.

У музеі дзейнічае некалькі экспазіцый. Першая — “Пласты гісторыі” — рас­казвае пра розныя сусветныя цывілізацыі і значэнне пояса ў кожнай з іх. Тут можна вярнуцца ў часы XVI—XVIII стагоддзяў, калі пояс быў абавязковым атрыбутам касцюма ва ўсіх народаў свету, даведацца пра традыцыі, звязаныя з паясамі, пра тое, як іх выгляд, стылістыка і функцыі мяняліся з часам. 

 

Чытайце матэрыял Святланы Нікіфаравай у нумары ад 1 лістапада 2022 года.