LEGO-праекты гродзенскіх школьнікаў

- 9:40Навіны рэгіёнаў

На XIX Рэспубліканскай выставе навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі, што праходзіла ў красавіку, дыпломам I ступені ўзнагароджаны аўтарскі калектыў сярэдняй школы № 38 Гродна за распрацоўку матэрыялу “Маленькія дэталі вялікага горада”.

Гэта толькі адзін з LEGO-праектаў сярэдняй школы № 38 Гродна. У выніку творчага саюза вучняў і педагогаў створаны і рэалізаваны такія праекты, як “Гродна — горад-музей”, “Гасціннае Гродна”, “Здаровае і бяспечнае Гродна”, “Спартыўнае Гродна”, “Гродна — мая малая ра­дзіма”, “Гродна — горад замкаў”, “Мінск — сталіца Рэспублікі Беларусь”, “Беларусь — Кітай: насустрач адно аднаму”. Сёння пра гэтыя праекты ведаюць далёка за межамі школы. Ва ўстанове адукацыі часта праводзяцца мерапрыемствы раённага, гарадскога, абласнога і рэспубліканскага ўзроўню, бываюць госці, у тым ліку з іншых абласцей і з-за мяжы.

— Самае галоўнае, што цікавасць да гісторыі і славутасцей малой радзімы з’явілася ў нашых вучняў, юных патрыётаў Гродна, — расказала намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 38 Гродна Алена Мазюк. — Яны з вялікім задавальненнем стваралі LEGO-пабудовы, разам з настаўнікамі прадумвалі, як арыгінальна расказаць пра тую ці іншую славутасць. Многія школьнікі сур’ёзна захапіліся гісторыяй роднага горада і правялі сапраўдныя навуковыя даследаванні. Кірыл Борка вывучыў гістарычнае мінулае і сучасную дзейнасць Брыгіцкага касцёла XVII стагоддзя. Данііл Расілевіч даследаваў ролю знакамітых людзей у гісторыі Гродна. Юлія Пракаповіч знайшла адказ на пытанне, чаму мікрараён, у якім знаходзіцца школа, называецца Вішнявец, прааналізавала гісторыю яго ўзнікнення і развіцця. Вынікі даследаванняў вучні прадставілі на III гарадской навукова-практычнай канферэнцыі “Культурнае аблічча горада” і былі ўзнагароджаны дыпломамі I, II і III ступені.

З верасня 2018 года ўстанова адукацыі ўдзельнічае ў рэалізацыі рэспубліканскага эксперыментальнага праекта “Апрабацыя адукацыйных праграм агульнай сярэдняй адукацыі ва ўмовах інклюзіі асоб з АПФР”. Пошук сучасных эфектыўных метадаў і сродкаў дзейнасці ва ўмовах інклюзіі асоб з АПФР прывёў педагогаў да ідэі выкарыстання LEGO-канструявання пры арганізацыі даследавання малодшымі школьнікамі гісторыі і культуры Гродна, што спрыяе выхаванню любові, беражлівых і каштоўнасных адносін да сваёй малой радзімы.

— Маючы багаты вопыт выкарыстання LEGO-тэхналогій у вучэбнай дзейнасці, мы вырашылі адаптаваць іх да выхаваўчай. Важна было арганізаваць працэс пазнання малой радзімы ў актыўнай дзейнасці, якая была б цікавай для дзяцей, спрыяла іх згуртаванню і развіццю. Так узнікла ідэя стварэння серыі LEGO-праектаў “Гродна — горад-музей”. Былі ўзведзены з LEGO-дэталей Музей гісторыі рэлігіі, Фарны касцёл, музей-аптэка, дом-музей Элізы Ажэшка, Музей гісторыі Гарадніцы, парк Жылібера, выкладзены гербы Рэспублікі Беларусь і Гродна. Мініяцюрныя копіі славутасцей мелі вялікае падабенства з арыгіналамі. Госці, якія наведвалі LEGO-цэнтр, адразу здагадваліся, што гэта за славутасць. Ідэя была ў тым, што LEGO-праектаванне з’яўляецца эфектыўным сродкам не толькі вывучэння гісторыі і культуры нашай малой радзімы — Гродна, але і выхавання любові, жадання берагчы і абараняць яе, тым самым спрыяючы фарміраванню грамадзянскіх і патрыятычных якасцей асобы малодшых школьнікаў, якія вучацца ў інтэграваных класах, — расказала Ганна Расілевіч, настаўніца пачатковых класаў, аўтар вопыту.

Дзеці сталі актыўна вывучаць гісторыю і культуру Гродна. Наведвалі музеі, помнікі, а затым абмяркоўвалі ўсё на класных і інфармацыйных гадзінах. Частымі сталі выставы малюнкаў і фатаграфій славутасцей горада, віктарыны, турніры знаўцаў, конкурсы даследчых работ. Паступова сталі вызначаць тэму будучага праекта, ствараць яго схематычны план, дэталёва прамалёўваць аб’екты, а затым і будаваць сам праект.

Настаўнікі ўпэўнены, што работа над LEGO-праектам спрыяе развіццю ў вучняў канструктарскіх навыкаў, лагічнага мыслення, умення карыстацца схемамі, інструкцыямі, чарцяжамі, заўва­жаць асаблівасці будучай пабудовы пры канструяванні па малюнку або фатаграфіі. Развіваюцца камунікатыўныя навыкі, выхоўваецца ўменне працаваць у камандзе, адказнасць за вынік сваёй працы. Школьнікі ўзбагачаюцца новымі ведамі і ўражаннямі, вучацца любіць, паважаць і шанаваць сваю малую радзіму.

Першымі гасцямі LEGO-цэнтра былі бацькі навучэнцаў, затым — настаўнікі і вучні іншых класаў. Тым часам патрыёты свайго горада не стаялі на месцы. Праекты з’яўляліся адзін за адным. Быў распрацаваны тэкст экскурсій, падрыхтаваны экскурсаводы, якія падрабязна расказвалі гасцям пра славутасці горада.

— Работа па ства­рэнні LEGO-праекта доўгая і карпатлівая, — заўважыла кіраўнік LEGO-цэнтра аўтар вопыту Вольга Урбановіч. — Спачатку трэба прадумаць тэму і сюжэт будучай пабудовы, вызначыць яе част­кі. Так, пабываўшы на экскурсіі на Замкавай гары, мы вызначылі, што тэма нашага праекта будзе гучаць “Гродна — горад замкаў”. Затым звярнуліся да літаратурных і інтэрнэт-крыніц і знайшлі інфармацыю аб Новым і Старым замках. Вызначылі, якой формы, памеру, колеру будуць нашы будучыя мадэлі, з якіх элементаў будуць складацца. Намалявалі на аркушы паперы схему пабудовы, разлічылі, дзе будуць вокны, дзверы, колькі радоў дэталей трэба злучыць, каб атрымалася сіметрычная канструкцыя. Затым размеркавалі абавязкі паміж членамі творчай групы і прыступілі непасрэдна да канструявання.

Найбольш таленавітым “інжынерам-будаўнікам”, якія валодаюць канструктыўным уяўленнем і пачуццём сіметрыі, да­сталіся складаныя заданні: канструяванне замкаў, касцёлаў, музеяў, школы, сімволікі Гродна і Беларусі, фігур выдатных людзей. Іншыя з задавальненнем падбіралі дэталі па колерах і памеры, будавалі фонавыя элементы, напрыклад, раку Нёман, дарожкі, дрэвы, кветкі, лаўкі. Працэс стварэння праекта адбываўся пад па­стаянным кантролем і пры непасрэдным удзеле педагогаў.

LEGO-канструяванне стала адным з самых любімых і займальных заняткаў для школьнікаў. Яны з задавальненнем заставаліся ў LEGO-цэнтры пасля ўрокаў, прыхо­дзілі ў суботу. Дзеці навучыліся самастойна знахо­дзіць цікавыя канструктыўныя рашэнні. У выніку калектыўная творчая справа аб’яднала настаўнікаў і вучняў.

За час рэалізацыі вопыту настаўнікі падрыхтавалі 10 экскурсаводаў, правялі каля 40 экскурсій. Наведвальнікі школьнага LEGO-цэнтра пакідаюць толькі станоўчыя водгукі і заўсёды дзівяцца, як з маленькіх цаглінак LEGO можна ства­рыць сапраўдныя архітэктурныя шэдэўры.

— Нашы сённяшнія вучні — будучыня краіны, — упэўнены аўтары вопыту. — Важна, каб з ранняга дзяцінства яны разумелі, што жывуць у прыгожай, моц­най, мірнай краіне, прыярытэтам якой з’яўляецца дабрабыт кожнага грама­дзяніна. Нашы дзеці ганарацца, што нарадзіліся і жывуць у Гродне — горадзе з багатай гі­сторыяй і культурай, ведаюць яго гісторыю і дзеляцца сваімі ведамі з іншымі вучнямі, бацькамі. Таксама яны вядуць вялікую даследчую работу па вывучэнні і папулярызацыі сваёй малой радзімы.

Так, здавалася б, звычайнае захапленне спрыяла праяўленню зацікаўленасці вучняў школы № 38 да гісторыі роднага горада, што сведчыць аб іх актыўнасці, грамадзянскай і патрыятычнай выхаванасці.

Педагогі школы актыўна дзеляцца вопытам па выкарыстанні LEGO-праектаў у адукацыйным працэсе. У 2019 годзе яны ўдзельнічалі ў абласным фестывалі педагагічнага майстэрства “Пачатковая школа: вопыт, адкрыцці, творчасць” у Гро­дзенскім абласным інстытуце развіцця адукацыі. У 2020 го­дзе настаўніца В.І.Урбановіч правяла майстар-клас “Вы­карыстанне тэхналогіі LEGO-канструявання” для педагогаў устаноў адукацыі Кастрычніцкага раёна Гродна ў рамках мерапрыем­стваў раённага этапу рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”. У сакавіку 2021 года на базе LEGO-цэнтра прайшло метадычнае аб’яднанне настаўнікаў пачатковых класаў устаноў адукацыі Кастрычніцкага раёна. У красавіку бягучага года настаўнікі Г.В.Расілевіч і В.І.Урбановіч прэзентавалі LEGO-праекты на выставе ў ГрАІРА.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота прадастаўлены сярэдняй школай № 38.