Перад кожнай установай адукацыі стаіць задача – фарміраванне ў непаўналетніх пазітыўна каштоўнасных адносін да грамадства, вучобы, працы, людзей, самога сябе, якія будуць адпавядаць грамадскім нормам і законам. У Гарадзечненскім дзіцячым садзе-сярэдняй школе прайшло раённае метадычнае аб’яднанне класных кіраўнікоў “Аб сістэме работы установы адукацыі па прафілактыцы правапарушэнняў”, у якім прынялі ўдзел усе кіраўнікі школьных метадычных аб’яднанняў класных кіраўнікоў горада і раёна.
Мерапрыемства пачалося з візітнай карткі ўстановы адукацыі, якую прадставіла дырэктар С.І.Шушкевіч. З дакладам “Арганізацыя і кантроль работы класнага кіраўніка па прафілактыцы правапарушэнняў непаўналетніх” выступіла намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце А.А. Гаўрыльчук, якая адзначыла, што асноўнай мэтай прафілактыкі з’яўляецца аказанне своечасовай кваліфікаванай дапамогі непаўналетнім і іх сем’ям, якія трапілі ў складаныя сацыяльныя, сямейныя сітуацыі. Адміністрацыя ўстановы сумесна з СППС, участковым інспектарам РАУС правялі шэраг аперацый “Кожнае дзіця школьнага ўзросту за парту”, “Вольны час”, “Сям’я”, “Дзеці вуліцы”. Было ўстаноўлена, што ўсе непаўналетнія, якія пражываюць на тэрыторыі Брольніцкага і Ваўковіцкага сельскіх саветаў Навагрудскага раёна і дасягнулі трохгадовага ўзросту, наведваюць дзіцячы сад і навучаюцца ва ўстанове, безнаглядных дзяцей няма.Таксама Алёна Аляксандраўна расказала аб прафілактычнай рабоце з навучэнцамі нашай установы, якія стаяць на уліку ў ІСН Навагрудскага РАУС.
Запрошаным было прапанавана наведаць мерапрыемствы: 3 клас – абарона праектаў “Правілы паводзін вучняў у школе і на вуліцы”, класны кіраўнік З.І.Максімовіч ; 9 клас — гадзіна зносін “Прававая адказнасць непаўналетніх”, класны кіраўнік В.У.Булойчык; 10 клас — круглы стол “Падлетак. Правапарушэнне. Адказнасць”, класны кіраўнік А.Л.Бахарэвіч.
У 10 клас на мерапрыемства былі запрошаны свяшчэннаслужыцель Навагрудскай Барыса-Глебскай царквы Ігар Пірог, інспектар ІСН Навагрудскага РАУС Я.П.Мароз. Вучні абмяркоўвалі розныя сітуацыі: папярэджванне аб тэракце, пашкоджанне чужой маёмасці і г.д. Кожны прысутны меў магчымасць выказацца, апошнее слова было за інспектарам ІСН, які з пункта гледжання закону ацэньваў кожную сітуацыю. Прысутным было прапанавана праглядзець дакументальную кінастужку “Цяжкі шлях назад”.Свяшчэннаслужыцель у сваім выступленні падкрэсліў, што акрамя дзяржаўных законаў існуюць законы маральнасці, запаведзі.
Класны кіраўнік 9 класа В.У.Булойчык выкарыстаў розныя формы работы: папераджальнае заданне творчай групе “Адказнасць перад законам”, брэйн-рынг.
3-класнікі ў групах распрацоўвалі праекты “Правілы паводзін у школе”, “Правілы паводзін на вуліцы”. Дарэчы хочацца адзначыць, што для класнага кіраўніка З.І. Максімовіч праектная дзейнасць з’ўяляецца тэмай самаадукацыі.
Пры падвядзенні вынікаў раённага метадычнага аб’яднання адзначана, што ўсе мерапрыемствы былі змястоўнымі, адпавядалі абранай форме і неслі ў сабе вялікі выхаваўчы патэнцыял.
Сустрэчы на раённых метадычных аб’яднаннях класных кіраўнікоў у Навагрудскім раёне сталі традыцыйнымі. Педагогі маюць магчымасць падзяліцца вопытам, напрацоўкамі, стаць актыўнымі суразмоўцамі набалелых пытанняў выхаваўчай работы з непаўналетнімі.
Класны кіраўнік 10-га класа Гарадзечненскага дзіцячага сада-сярэдняй школы Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці.