Правядзенне прадметных тыдняў стала добрай традыцыяй у нашай школе. Адкрыццё прадметнага тыдня па матэматыцы прайшло на агульнашкольнай лінейцы. Была падрыхтавана тэматычная выстава “Дзівосны свет матэматыкі”, дзе можна было ўбачыць шмат цікавых кніг па прадмеце.
На ўроках матэматыкі ў 6—9 класах былі праведзены матэматычныя размінкі “Вясёлае вуснае лічэнне”. З цікавасцю навучэнцы 6 класа ўдзельнічалі ў гульні “Матэматычныя гонкі”. Для гэтай гульні быў распрацаваны шэраг займальных і цікавых задач і прыкладаў. З выкарыстаннем сайта LearningApps.org навучэнцы 6 класа наладзілі спаборніцтвы па скачках. Пераможцам лічыўся той, хто хутчэй і правільна выканае ўсе заданні і прыйдзе на фініш першым.
Другі дзень тыдня матэматыкі быў абвешчаны днём конкурсаў. Першы конкурс называўся “Вельмі доўгі прыклад”. У пачатку вучэбнага дня вучням для кожнага класа былі прапанаваны вялікія прыклады, якія маюць не менш за дзесяць дзеянняў. Да канца вучэбнага дня неабходна было вырашыць прыклад і з падрабязным рашэннем здаць настаўніку матэматыкі для праверкі. Другі конкурс называўся “Лепшы сшытак”. У гэтым конкурсе былі дзве намінацыі: “Лепшая дамашняя работа” і “Лепшая класная работа”. У кожным класе былі вызначаны свае пераможцы ў гэтых намінацыях. Таксама ў гэты дзень быў аб’яўлены конкурс прыказак і прымавак пра матэматыку для вучняў 5—9 класаў. На працягу ўсяго тыдня навучэнцы павінны былі ўспомніць або знайсці як мага больш прымавак і прыказак аб матэматыцы.
У трэці дзень правядзення матэматычнага тыдня навучэнцы 5—6 класаў наведалі відэасалон “Матэматыка ў гасцях у казак”. З вялікай цікавасцю дзеці глядзелі такія павучальныя мультфільмы, як “Ізноў “двойка”, “Краіна нявывучаных урокаў”, “Востраў памылак”, і на працягу ўсяго дня дзяліліся адно з адным сваімі ўражаннямі. Павышаную цікавасць выклікала ў вучняў 6—9 класаў займальны перапынак “Матэматычны слоўнік на літару “п” + арыфметыка. Увесь вучэбны дзень навучэнцы былі захоплены складаннем матэматычных слоў, якія пачынаюцца на літару “п” і складаннем слоў з літар, якія ўваходзяць у склад слова “арыфметыка”.
Чацвёрты дзень быў прысвечаны логіцы. У 7 класе быў праведзены ўрок “Востраў лагічных задач”. На працягу ўсяго ўрока навучэнцы вырашалі лагічныя задачы. Гэты ўрок паказаў, што дзеці ўмеюць разважаць, лагічна думаць, выбудоўваць лагічны ланцужок і рабіць высновы. У 6 класе была праведзена віктарына “Царства рэбусаў і загадак”. Шасцікласнікі спаборнічалі ў вырашэнні рэбусаў і разгадванне загадак.
У заключны, пяты, дзень быў праведзены круглы стол “Вялікія матэматыкі” з навучэнцамі 8 класа. Дзеці падрыхтавалі паведамленні і прэзентацыі пра вядомых матэматыкаў. З вялікай цікавасцю васьмікласнікі слухалі адно аднаго, задавалі пытанні і выказвалі свае думкі. Завяршыўся тыдзень матэматыкі падвядзеннем вынікаў, узнагароджаннем пераможцаў конкурсаў, а таксама тых, хто найбольш актыўна прымаў удзел у тыдні матэматыцы.
Таццяна ЖАМОЙДЗІК,
настаўніца матэматыкі Зэльвенскай санаторнай школы-інтэрната Гродзенскай вобласці.