Лепшыя ў вучобе, спорце, творчасці

- 11:29Апошнія запісы

У Стоўбцах адбыўся фінал конкурсу “Вучань года Мінскай вобласці — 2021”. На ўрачыстай цырымоніі былі названы 25 імёнаў пераможцаў і ўручаны памятныя прызы.

Да фіналу школьнікі падрыхтавалі творчыя візітоўкі, дзе адлюстравалі свае самыя яркія перамогі ў вучобе, спорце, творчасці, грамадскай і працоўнай дзейнасці, праектнай рабоце.

Упершыню ў гісторыі конкурсу была ўручана спецыяльная ўзнагарода — “Пераможца інтэрнэт-галасавання”. З 4 па 12 студзеня кожны жадаючы мог аддаць свой голас за аднаго з прэтэндэнтаў на перамогу. Найбольшая колькасць галасоў (звыш 5 тысяч) атрымала дзесяцікласніца плешчаніцкай сярэдняй школы № 1 Лагойскага раёна Лізавета Дзямешка.

Ганаровымі гасцямі мерапрыемства сталі намеснік старшыні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Іван Маркевіч, начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінскага аблвыканкама Мікалай Башко, старшыня Мінскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Кацярына Паляшчук, старшыня Мінскага абласнога аддзялення Беларускага дзіцячага фонду Галіна Пранько.

— Дзеці сёння вельмі мэтанакіраваныя, — адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама Мікалай Башко. — Мы, дарослыя, павінны закласці ў іх правільныя ўстаноўкі, каб дзіця ў вірлівым, неадназначным свеце знайшло сферу для самарэалізацыі. Магчымасцей для самарэалізацыі дзяцей у спорце, творчасці, інтэлектуальнай дзейнасці ў нашай дзяржаве створана шмат: алімпіядны рух, спартыўныя спаборніцтвы, шматлікія творчыя конкурсы.

Пераможца сімпатый гледачоў у намінацыі “Грамадская дзей­насць” ­Лізавета Дзямешка (на здымку) з 2019 года з’яўляецца старшынёй вучнёўскага самакіравання “Парастак”. Старшакласніца вывучае на павышаным узроўні рускую мову, гісторыю Беларусі, актыўна ўдзельнічае ў арганізацыі ўсіх школьных мерапрыемстваў, у адукацыйным праекце “Школа актыўнага грамадзяніна”. Да таго ж Лізавета — удзельніца і прызёр конкурсу “Падарожжа па малой радзіме”, абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу  “Ратавальнікі вачыма дзяцей” і фестывалю патрыятычнай песні “Ізноў вясна на белым свеце”, ініцыятар акцыі  “За бяспеку разам”.

Сярод прызёраў у гэтай жа намінацыі — дзевяцікласніца сярэдняй школы № 4 Нясвіжа Маргарыта Акуневіч, васьмікласніца Кацярына Юхнель з гімназіі № 1 Стоўбцаў і сямікласніца з сярэдняй школы № 2 Мар’інай Горкі Вікторыя Баешка. Маргарыта — пастаянная пераможца раённага і абласнога этапаў алімпіяды “Школа бяспекі”, капітан абласной каманды “Тушылка”, камандзір атрада юных ратавальнікаў-пажарных “Ястрабы”.  Кацярына з’яўляецца членам дзіцячай палаты Цэнтральнага Савета БРПА, старшынёй піянерскай дружыны імя Васіля Мікалаевіча Шкляра і актыўна ўдзельнічае ў валанцёрскім руху, адукацыйным праекце блогераў ProMedia. 

Вікторыя ўзначальвае Савет піянерскай дружыны школы, дзіцячую палату Пухавіцкага раённага Савета БРПА, з’яўляецца членам дзіцячай палаты Цэнтральнага Савета БРПА.

За творчыя поспехі пераможцай конкурсу стала навучэнка 11 класа Паплаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Бярэзінскага раёна Яніна Клімовіч. Дзяўчына — уладальніца дыпломаў I ступені рэспубліканскага марафону “Ліга ведаў”, конкурсу вядучых “Вядучы-Усемагутны” і ўдзельніца танцавальнай узорнай групы “Валошкі”. Сярод творчых асоб вылучылася і Настасся Каспорская са Станькаўскай сярэдняй школы імя Марата Казея Дзяржынскага раёна. Дзевяцікласніца — пераможца VI Рэспубліканскага агляду-конкурсу дзіцячай творчасці “Прывітанне, свет!”, дыпламантка IX Рэспубліканскага адкрытага конкурсу выканаўцаў на народных інструментах імя І.І.Жыновіча, лаўрэат Рэспубліканскага творчага конкурсу “Маладыя таленты Беларусі”.

Дзесяцікласнік Раман Марукін з гімназіі № 1 Капыля імя М.В.Рамашкі захапляецца акцёрскім майстэрствам і музыкай. Сярод яго ўзнагарод — дыплом I ступені міжнароднага музычнага конкурсу “Крок наперад — 2019” (у складзе дуэта), дыплом III ступені ў патрыятычным конкурсе “Прысвячаецца радзіме!”, дыплом II ступені ў міжнародным конкурсе сучаснай творчасці маладых выканаўцаў “Акцэнты-2021” (у складзе ансамбля). Раман піша апавяданні ў стылі фэнтэзі, публікуе артыкулы ў раённай газеце “Слава працы”. Яшчэ адна адметная творчая асоба — Настасся Сабалеўская, навучэнка каладзішчанскай сярэдняй школы № 2. Насця перамагла ў VI Рэспубліканскім аглядзе-конкурсе дзіцячай творчасці “Прывітанне, свет!”, стала дыпламантам Міжнароднага фестывалю-конкурсу “Творчасць без меж” і ўладальніцай гран-пры Міжнароднага фестывалю-конкурсу “Пакаленне Z”.

Лепшых вучняў на Міншчыне выбіраюць ужо сёмы раз. Сёлета ў школьных і раённых этапах конкурсу прынялі ­ўдзел больш за дзве тысячы навучэнцаў 5—11 класаў, у абласны этап прайшлі 109 юнакоў і дзяўчат, а фіналістамі сталі 25 падлеткаў. Гэта пераможцы розных абласных, рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтваў, канферэнцый і конкурсаў, лідары грамадскага і валанцёрскага руху, вучнёўскага самакіравання.

У спорце за мінулы год вызначыліся адзінаццацікласнікі Ра­дзівон Гаўрышчук з Вілейскай гімназіі № 1 “Логас”, Іван Ражкоў з Уздзенскай раённай гімназіі і Уладзіслаў Катляроў з сярэдняй школы № 2 Старых Дарог, а таксама дзевяцікласнікі Міхаіл Папроцкі з сярэдняй школы № 8 Жодзіна і Настасся Іванова з Бобрскага ясляў-сада — сярэдняй школы Крупскага раёна.

У намінацыі “Праектная дзейнасць” тры пераможцы. Імі сталі Паліна Нічай, вучаніца 9 класа гімназіі № 3 Барысава, Расціслаў Шчуроўскі, вучань 11 класа гімназіі № 2 Салігорска, і Мікіта Жукоўскі, вучань 11 класа гімназіі-інтэрната Мядзела. Паліна захапляецца біялогіяй і экалогіяй, займаецца ў школе алімпіяднага рэзерву, з’яўляецца стыпендыя­там спецыяль­нага фонду Прэзідэнта Беларусі па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. Сярод яе ўзнагарод — дыпломы шматлікіх рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў і спаборніцтваў.

Расціслаў — пераможца прадметных алімпіяд, праектных беларускіх форумаў, навукова-практычных канферэнцый, конкурсаў работ даследчага характару, стартапаў, турніраў, удзель­нік рэспубліканскага інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі фарміравання дзелавой актыўнасці навучэнцаў на аснове ўключэння ў прадпрымальніцкія праекты”, актыўны ўдзельнік конкурсу “100 ідэй для Беларусі” і рэспубліканскага тэлевізійнага праекта “Я ведаю!”. У скарбонцы яго ўзнагарод — дыплом III ступені ў секцыі па радыёэлектроніцы конкурсу “ТэхнаІнтэлект”.

Мікіта займаецца робататэхнікай, мае дыплом I ступені Кубка па адукацыйнай робататэхніцы ў намінацыі “Міні-сумо”. Юнак — удзельнік першай адукацыйнай змены Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка па кірунку “Робататэхніка”, заключнага этапу алімпіяды па інфакамунікацыйных тэхналогіях Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі.

Больш за ўсё пераможцаў у намінацыі “Вучэбная дзейнасць”.
Гэта адзінаццацікласнікі Ягор Русаковіч з сярэдняй школы № 1 Любані, Іван Куракоў, навучэнец Мінскага абласнога ліцэя, Ірына Чалевіч, навучэнка Мінскага абласнога кадэцкага вучылішча, а таксама дзесяцікласнікі Марыя Стаўбунік з гімназіі № 7 Маладзечна, Мікіта Посах з сярэдняй школы № 2 Смілавіч і Раман Пенязь з гімназіі Слуцка.

Найбольш працоўных заслуг у дзесяцікласніка Яўгена Машко з сярэдняй школы № 1 Валожына і ў адзінаццацікласнікаў Аляксандры Высоцкай, навучэнкі Заастравецкай сярэдняй школы Клецкага раёна, і Івана Піляка, навучэнца смалявіцкай сярэдняй школы № 1 імя В.Ф.Купрэвіча.

Удзельнічаючы ў конкурсе, юна­кі і дзяўчаты чарговы раз прадэманстравалі сваю актыўную жыццёвую пазіцыю, высокую ступень адказнасці, творчы падыход і нестандартнае мысленне. Талент і падтрымка аднадумцаў (сёння гэта аднакласнікі, класныя кіраўнікі, педагогі-прадметнікі, бацькі, адміністрацыя школ) — залог поспеху многіх пачынанняў у жыцці.

Марына Куняўская.