Лета бяспечнае, лета з карысцю

- 12:30Навіны рэгіёнаў

Летнюю занятасць моладзі і пытанні бяспекі непаўналетніх абмеркавалі ў Гомельскім гарвыканкаме. Па словах намесніка старшыні камісіі па справах непаўналетніх Гомельскага гарвыканкама Аліны Кулакоўскай, работа па рэалізацыі міжведамаснай праграмы “Клопат”, якая складаецца з арганізацыі летняй занятасці, бяспечнай прасторы для дзяцей, а таксама прафілактыкі гібелі і траўматызму непаўналетніх, актыўна працягваецца.

— Усяго на тэрыторыі абласнога цэнтра праве­дзена каля 500 рэйдавых мерапрыемстваў, з іх 80 — міжведамасных, — адзначыла А.Кулакоўская. — Упор робіцца на работу не толькі з непаўналетнімі, але і з бацькамі, паколькі менавіта на іх ляжыц­ь галоўная адказнасць за жыццё, здароўе і дабрабыт дзяцей. Працягваем арганізацыю сустрэч у працоўных калектывах, падчас якіх нагадваем дарослым у тым ліку пра небяспеку ўцягвання непаўналетніх у незаконны абарот наркотыкаў, акцэнтуем увагу на бяспечным адпачынку ля вадаёмаў і карысным вольным часе падчас канікул.

Дарэчы, у горадзе над Сожам паклапаціліся пра тое, каб у дзяцей было шмат магчымасцей праявіць сябе ў спорце ці творчасці. Праграма “Гомельскае лета — 2021” уключае максімальную колькасць разнастайных фарматаў работы з маленькімі гараджанамі. Намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Гомельскага гарвыканкама Алена Парошына адзначыла, што спектр дзіцячай занятасці вельмі шырокі. Работай прышкольных аздараўленчых лагераў, дваровых пляцовак, спартыўных аздараўленчых лагераў ён не абмяжоўваецца.

— Вядома, асноўны акцэнт мы робім на арганізацыю аздараўленчых лагераў пры школах, — сказала А.Парошына. — З улікам сітуацыі з COVID-19 некалькі змяніўся іх фармат. У першую змену не было лагераў кругласутачнага знаходжання дзяцей. У кожнай установе адукацыі Гомеля арганізавана работа летняга лагера. Усяго па Гомелі 178 прышкольных лагераў, у якіх да канца лета адпачнуць больш чым 4 тысячы дзяцей.

Мастацкія, лінгвістычныя, патрыя­тычныя, экалагічныя, краязнаўчыя — тэматычныя змены ў прышкольных лагерах аб’ядноўваюць дзяцей з рознымі інтарэсамі. Іх праграма насычаная і разнастайная: паказы мод, падрыхтоўка калекцый, школа медыяцыі, фотаконкурсы, заняткі па аказанні першай дапамогі, інтэлектуальныя конкурсы і г.д.

У лагерах працы і адпачынку юныя гамяльчане сумяшчаюць прыемнае з карысным. Пад кіраўніцтвам вопытных педагогаў хлопчыкі і дзяўчынкі рамантуюць мэблю, хакейныя каробкі, вырабляюць дэкаратыўныя агароджы і мальберты, шыюць пасцельную бялізну, абрусы…

У праграму “Гомельскае лета — 2021” уключаны “Бяспечныя тыдні лета”. Яны прысвечаны прафілактыцы і папярэджванню пажараў, супрацьпраўных дзеянняў і выхаванню законапаслухмянага грама­дзяніна. Спецыялісты ўпэўнены: недастаткова проста расказаць дзіцяці пра небяспекі, якія могуць яго чакаць у розных месцах. Вельмі важна навучыць элементарным навыкам паводзін. Напрыклад, распрацаваць бяспечныя маршруты ў магазін, навучыць плаваць.

Міжведамасная праграма “Клопат” прадугледжвае як занятасць дзяцей, так і стварэнне бяспечнага прававога асяроддзя. Так, камісія праводзіць рэйды па вадаёмах. Такія абыходы азёр, заток, берагоў рэк дазваляюць выявіць дзяцей, якія знаходзяцца без суправаджэння дарослых. З дарослымі праводзяцца прафілактычныя мера­прыемствы, каб не дапускаць такіх сітуацый.

Між тым, дзеці з Гомеля праходзяць гэтым летам і санаторна-курортнае лячэнне ў складзе груп. Для школьнікаў абласнога цэнтра выдзелена звыш 9,5 тысячы пуцёвак.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.